Дыялог на зададзеныя тэмы. Маршрутамі інфармацыйна-прапагандысцкай групы ў Ляхавічах

Рынак працы, занятасць, заробкі, цэны, як сведчаць вынікі даследавання грамадскай думкі, не першы год уваходзяць у тройку пытанняў, якія найбольш хвалююць грамадскасць. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў мінулым годзе ў нашу вобласць адзначыў, што «цэны, выплата зарплат, працоўныя месцы і памер заработнай платы і пенсій – гэта тыя пытанні, якія неабходна пастаянна трымаць на кантролі».

Таму невыпадкова, што студзеньскімі тэмамі адзіных дзён інфармавання сталі «Рынак працы ў Рэспубліцы Беларусь: занятасць і заработная плата насельніцтва» і «Аб рабоце прафсаюзных арганізацый Брэсцкай вобласці па абароне інтарэсаў і правоў працоўных».
Інфармацыйна-прапагандысцкая група пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Леаніда Калбаса сустрэлася з калектывам педагогаў СШ № 1.
Адзін з пунктаў выступлення намесніка начальніка аддзела занятасці і сацыяльна-працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірыны Гатоўчыц тычыўся сітуацыі з занятасцю, магчымасцяў працаўладкавання і заробкаў працаўнікоў Ляхавіччыны. Так, прагучала, што намінальная налічаная заработная плата ў раёне ў студзені-лістападзе 2019 года ў параўнанні з адпаведным перыядам 2018 года павялічылася на 15,9 працэнта. Прагноз на год – 7,2 працэнта. Пры гэтым, заробкі землякоў маюць эканамічную абгрунтаванасць па тэмпах росту прадукцыйнасці працы. Што тычыцца работ-нікаў адукацыі і іншых прадстаўнікоў бюджэтнай сферы раёна, памер іх намінальнай налічанай зарплаты за перыяд са студзеня па лістапад мінулага года раўняўся 88 працэнтам сярэдняй па раёне. У адпаведнасці з пастаўленай урадам задачай, нагадаем, лічба суадносін павінна быць не меншай за 80 працэнтаў.
Адной з прыярытэтных для кіраўніцтва краіны ў 2019 годзе была задача максімальнага змяншэння колькасці арганізацый з сярэдняй зарплатай да 400 рублёў, а ў сёлетнім – да 500. Як было адзначана ў выступленні, па выніках работы са студзеня па лістапад, арганізацыі, якія б налічвалі сваім работнікам менш за 400 рублёў у месяц, у раёне адсутнічаюць.
Як вядома, з наступленнем новага года схема налічэння заробкаў бюджэтнікам змянілася, атрымала шэраг новых формаў. Галоўнае патрабаванне – трансфармацыя схемы не павінна «прахудзіць» кашалькі людзей.
Па стане на пачатак 2020 года на ўліку ў якасці беспрацоўнага ў раёне знаходзілася 29 чалавек (годам раней такіх было на 5 чалавек больш). Разам з тым, сёння ва ўпраўленні па працы, занятасці і сац-абароне райвыканкама «вісіць» спіс з амаль 250 працоўных вакансій. Як адзначыў Леанід Калбаса, які ў свой час узначальваў названае ўпраўленне, такой колькасці прапаноў для працаўладкавання раней у раёне не значылася.
Невялікім з’яўляецца ў нас і зарэгістраваны ўзровень беспрацоўя – 0,3 працэнта па стане на 1 студзеня. А хто не зарэгістраваўся, як кажуць, сам вінаваты.
Тэму дня інфармавання прадоўжыла выступленне старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Тамары Пракап’юк.
Прагучала некалькі пытанняў з залы. Педагогаў цікавіла перспектыва рамонту харчовага блока іх навучальнай установы і будаўніцтва ў Ляхавічах басейна.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.