Па сацыяльна важным маршруце. У мінулую сераду Ляхавічы з рабочым візітам наведаў Намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь
У мінулую сераду Ляхавічы з рабочым візітам наведаў Намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Петрышэнка, які ацаніў стан і развіццё сацыяльнай сферы ў райцэнтры.
Ігар Петрышэнка пазнаёміўся з работай устаноў адукацыі, СДЮШАР і школы мастацтваў, райбальніцы. Яшчэ адным адрасам на рабочым маршруце ў Ляхавічах стаў райвыканкам, дзе Намеснік Прэм’ер-міністра правёў асабісты прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб.
Пытанні, з якімі грамадзяне звярнуліся на прыём, тычыліся выкарыстання імянных чэкаў «Жыллё», уладкавання маладых спецыялістаў, рэканструкцыі спартыўных аб’ектаў. Кожнае з пытанняў узята на кантроль, у тым ліку, і мясцовай улады.
Першы адрас, які наведаў Намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь, – СШ № 2. Ігар Петрышэнка пацікавіўся, у якіх умовах вучыцца будучае пакаленне. У цэнтры ўвагі – харчаванне, стан і аснашчанасць вучэбных кабінетаў. Ігар Віктаравіч ацаніў новае абсталяванне ў кабінеце хіміі, у якім гэтым часам займаліся сямікласнікі. Школьнікі падзяліліся сваімі ўражаннямі ад прадмета, расказалі, кім мараць быць у будучым.
Яшчэ адзін важны момант, якім зацікавіўся Намеснік Прэм’ер-міністра, – ці даюць вынік профільныя класы педагагічнай накіраванасці. Як адзначыла дырэктар СШ № 2 Людміла Паўлоўская, за апошнія тры гады існавання ва ўстанове такой практыкі каля 60 працэнтаў вучняў менавіта гэтых класаў выбралі ў будучым вучобу ва ўстановах вышэйшай адукацыі па педагагічным профілі (Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка). У гэтым годзе ў школе дзейнічаюць і тры спецыялізаваныя класы па спорце. Сёлета будзе першы выпуск вучняў аграрнага класа. Увогуле, варта адзначыць, што працэнт паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі ў мінулым годзе ў СШ № 2 дасягнуў амаль 70.
Наступным аб’ектам, дзе пабываў Ігар Петрышэнка, стала суседняя ўстанова – СДЮШАР. Дэлегацыя, у складзе якой былі і інспектар па Брэсцкай вобласці галоўнага ўпраўлення па справах дзяржаўных органаў Апарата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь Сяргей Шкода, старшыня Ляхавіцкага райвыканкама Аляксандр Камінскі, намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч, застала ў нядаўна адрамантаванай спартыўнай зале заняткі па гандболе.
Сярод пытанняў, што цікавілі Ігара Віктаравіча, і тое, якія віды лёгкай атлетыкі сёння культывуюцца ў СДЮШАР. Дырэктар спартыўнай установы Валянціна Русакевіч паведаміла, што лёгкая атлетыка Ляхавіччыны прадстаўлена бегам на кароткія дыстанцыі, бар’ерным бегам, шматбор’ем, штурханнем ядра, спартыўнай хадзьбой. Не менш важная дэталь, на якую звярнуў увагу Ігар Петрышэнка, – супрацоўніцтва спартшколы з аддзелам па адукацыі, дзякуючы якому пошук і падрыхтоўка юных спартыўных зорачак становіцца якасней і рэзультатыўней.
Сваё майстэрства прадэманстравалі педагогі дзіцячай школы мастацтваў, выкладчыцкім сугуччам выканалі кампазіцыю «Танга ўначы».
Яшчэ адным аб’ектам сацыяльнай важнасці, які наведаў Намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь, стала райбальніца. Ігар Петрышэнка праінспектаваў, як арганізавана работа ў розных аддзяленнях, пацікавіўся ў медыцынскіх работнікаў умовамі працы, а ў маладых спецыялістаў – перспектывай замацавацца ў Ляхавічах. У многім вырашальным застаецца жыллёвае пытанне, якое, як адзначыў галоўны ўрач ЦРБ Георгій Хлябовіч, заўсёды на кантролі ў кіраўніцтва раёна і бальніцы. На тэрыторыі ўстановы ў адным з будынкаў цэлы паверх прызначаны пад інтэрнат, многія маладыя кадры атрымалі арэнднае жыллё ў райцэнтры.
Ігар Петрышэнка станоўча ацаніў многае з убачанага, звярнуў увагу на тое, што трэба працягваць працаваць у накірунку турыстычнай прыцягальнасці Ляхавіччыны, рабіць райцэнтр і раён утульнымі і камфортнымі, каб сюды пасля вучобы вярталася моладзь.
Маргарыта КУХТА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.