Алімпіядны расклад. У школах падведзены вынікі раённага і абласнога этапаў алімпіяд па вучэбных прадметах

Канец мінулай восені – пачатак зімы для школьнікаў выдаўся асабліва напружаным: праходзіў другі (раённы) этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. У спісе прадметаў – 17 пазіцый.

Інтэлектуальныя спаборніцтвы прайшлі на базе гарадскіх школ і гімназіі. У іх прынялі ўдзел 176 навучэнцаў. 32 хлопчыкі і дзяўчынкі ўзнагароджаны дыпломамі I, II і III ступеняў.

Самы важкі «ўраджай» перамог сабралі гімназісты: у іх скарбонцы 13 дыпломаў. Шэсць – у навучэнцаў СШ № 2. Па тры дыпломы ў рабят з СШ № 1 і Крывошынскай школы. Два дыпломы ў навучэнцаў Конькаўскага ВПК.

Рабяты з Тухавіцкай, Навасёлкаўскай, Начаўскай школ, Жарабковіцкай СШ імя М.Г. Мінкевіча і Гарадзішчанскага ВПК заваявалі па адным дыпломе.

З 13 па 17 студзеня праходзіў трэці (абласны) этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.

Сярод самых эрудзіраваных хлопчыкаў і дзяўчынак з усіх куткоў Брэстчыны свае веды дэманстравалі і 12 школьнікаў з Ляхавіцкага раёна, якія перамаглі ў раённым этапе.

Наш раён прадстаўлялі рабяты з СШ № 1 і № 2, гімназіі, Конькаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу «дзіцячы сад – сярэдняя школа», Крывошынскай СШ.

Сярод прадметаў, па якіх школьнікі павінны былі паказаць свае веды, матэматыка, нямецкая мова, хімія, абслуговая праца, фізічная культура і здароўе, руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура.

Дарэчы, менавіта родная мова прынесла сёлета ўзнагароды нашым юным землякам. Дыпломамі III ступені ўзнагароджаны навучэнка гімназіі Аліна Аліноўская (выкладчык Святлана Ермаковіч) і Лізавета Іваноўская з Конькаўскага ВПК (выкладчык Людміла Лузяніна).

Ірына КУЗЬМІЧ.

Фота БЕЛТА.