З прыцэлам на мір. 29 студзеня ветэран з Ляхавічаў святкуе свой 95-ы дзень нараджэння

Сёлета наша краіна адзначыць яшчэ адзін прыгожы і важкі юбілей. 9 мая мы сустрэнем 75-ю гадавіну Вялікай Перамогі.

Сярод тых, хто набліжаў доўгачаканае вызваленне ад ворага, – і землякі-ляхавічане. У ганаровым спісе герояў Вялікай Айчыннай вайны, якіх шануюць і будуць шанаваць многія пакаленні нашчадкаў, – і Уладзімір Тамашук. 29 студзеня   ветэран святкуе свой 95-ы дзень нараджэння.

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Тамашук апранае пінжак, на якім ззяюць медалі, і неяк адразу падцягваецца, запальваюцца радасцю вочы. Не кожны дзень ён у такім убранні, звычайна толькі 9 мая і на Дзень Незалежнасці. На гэты раз прычына таксама важкая: 29 студзеня Уладзімір Аляксандравіч адзначае 95-годдзе. Дата прыгожая, значная, ёсць што ўспомніць, пра што расказаць.

Папраўляе нябачныя складкі на парадным адзенні, пераглядае дарагія ўзнагароды і з болем заўважае, што дзве баявыя прапалі вельмі даўно, яшчэ калі пасля вайны жылі ў зямлянцы.
Юнака з Задвор’я забралі на ваенную службу ў ліпені 1944 года – тады, калі Ляхавіччына была ўжо вызвалена ад фашысцкіх захопнікаў. Трапіў служыць у 44-ы запасны полк, які знаходзіўся недалёка ад горада Вязьма.
– Нас, салдатаў, з улікам узросту і адукацыі размеркавалі па воінскіх фарміраваннях. Мяне, 19-гадовага з шасцю класамі за плячыма, накіравалі ў 73-і гвардзейскі зенітна-артылерыйскі полк, які тады размяшчаўся ў Вільнюсе. Так я стаў зенітчыкам. Тых, у каго менш класаў, прызначылі падносіць боепрыпасы. На год старэйшыя сталі аўтаматчыкамі. Калі сфарміравалі дывізіён, то адправіліся ў Лентварыс – горад за 30 кіламетраў ад Вільнюса, – успамінае франтавік.
Яны ахоўвалі неба – так коратка можна ахарактарызаваць ваеннае жыццё нашага земляка і яго аднапалчан. У разліку аўтаматычнай 37-міліметровай зенітнай гарматы Уладзімір Тамашук быў чацвёртым нумарам. Трымалі гармату ў баявой гатоўнасці. Як ляцеў самалёт, «дымары» адразу пускалі воблака дыму – маскіравалі батарэю. Бывала, здавалася, што неба змешвалася з зямлёй…
Разважае ветэран, што цяжка на вайне даводзілася ўсім, але дзяўчатам удвая. У іх разліку яны таксама служылі.
Заканчэнне вайны салдат Тамашук застаў у Лентварысе. Расказвае, што стральба пачалася яшчэ на світанку. Разносілася: «Перамога! Перамога!». Усе былі ўсхваляваныя і радасныя. Перамозе тады салютавалі з самай рознай зброі.
Уладзімір Аляксандравіч успамінае, што разам з ім ваявалі і землякі. Хлопец з Альхоўцаў, напрыклад, быў зараджаючым. Па-сяброўску адносіліся да салдатаў камандзір гарматы Ігнат Кастэнка і яго намеснік Іван Зенін.
Дапамагалі выстаяць і вытрымаць на вайне думкі пра дом і маці, баявыя таварышы, сярод якіх былі не толькі рускія і беларусы, але і прадстаўнікі многіх іншых нацыянальнасцяў.
21 лютага 1948 года радавы Тамашук быў звольнены ў запас. Дэмабілізаваўся з вострава Пясчаны ў Каспійскім моры.
Нялёгка прыйшлося пачынаць мірнае жыццё. Жылі з роднымі ў зямлянцы, доўгі час гімнасцёрка была і святочным, і штодзённым ўбраннем.
У лёсе ветэрана побач з пахмурнымі днямі хапала і сонечна-яркіх: жонка, з якой пражылі ў згодзе і ладзе (пяты год Уладзімір Аляксандравіч удавец), сын і дачка. А яшчэ, адзначае, яму шчасціла на добрых людзей. І калі працаваў цесляром, і кладаўшчыком, і агентам па забеспячэнні, і шафёрам. Ён, дарэчы, вадзіцель першага класа, уладальнік нагруднага знака «За безаварыйную работу». І ні адной «дзірачкі» ў правах! Дарагі напамін пра тыя гады – каштоўныя падарункі за добрасумленную працу: гадзіннікі, радыёпрыёмнік, іншае. Майстар на ўсе рукі, машыны, на якіх круціў баранку, трымаў у парадку, сам рамантаваў. А яшчэ ён паляўнічы і рыбалоў – мае адпаведны білет.
І на пенсіі не змог сядзець склаўшы рукі: працаваў вартаўніком. Гаспадарлівы быў – дома стараўся ўсё рабіць сам.
Паказвае «аўтарскі» табурэт, якім і сёння карыстаюцца.
Жыццярадасны і шчыры, ён любіць людзей і жыццё, якое адмерала яму вялікі шлях. Удзячны сястры міласэрнасці ад раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа Людміле Вітко, што і ўкол прафесійна зробіць, і з хатнімі клопатамі справіцца, ды і добрага слова не шкадуе.
Сакрэт даўгалецця, па словах Уладзіміра Тамашука, заключаецца ў актыўным ладзе жыцця і добрых адносінах з людзьмі. Мір і згода –
аснова ўсяго.
З 95-гадовым юбілеем, Уладзімір Аляксандравіч!

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА
і з архіва Уладзіміра ТАМАШУКА.