Равеснік раёна. У адзін месяц два юбілеі адзначыў Міхаіл Варановіч

Міхаіл Варановіч, нягледзячы на салідны ўзрост (26 студзеня адзначыў 80-годдзе), заўсёды ў страі. Равеснік раёна, ён усё гэтак жа нераўнадушны да падзей, якія тут адбываюцца, да жыцця землякоў, з якімі, як гаворыцца, з’еў не адзін пуд солі. Энергічны і бадзёры, жыццярадасны і спагадлівы, яго хата ніколі не збоку. Актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці і сёння ўзначальвае ветэранскую арганізацыю Начаўскага сельсавета, мае пасведчанне «Ганаровага ветэрана» Беларускага грамадскага аб’яднання  ветэранаў. Міхаіл Лявонцьевіч збіраў імёны землякоў – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, і менавіта па яго ініцыятыве ў цэнтры аграгарадка ўстаноўлены помнік гераічным вяскоўцам. На гэтым не спыніўся і працягвае краязнаўчую дзейнасць, стварае «галерэю славы» землякоў.
Такі канкрэтны і грунтоўны Міхаіл Варановіч ва ўсіх справах – калі што робіць, абавязкова ад душы.
Яго працоўная біяграфія неаддзельная ад племзавода «Нача», якім кіраваў амаль тры дзесяцігоддзі – з 1969 па 1997. Гаспадарка займалася развядзеннем племянных свіней, маладняк адсюль пастаўлялі на сельскагаспадарчыя комплексы. На перадавых пазіцыях знаходзіліся і па вытворчасці малака. Неаднойчы ўдзельнічалі  ў ВДНГ у Маскве, удастойваліся прэстыжных дыпломаў і ўзнагарод, каштоўных падарункаў, сярод якіх двойчы была «Волга».  
Не пералічыць колькасці ўзнагарод, якія збірала сельгаспрадпрыемства  на самым высокім узроўні. У абласной газеце  друкавалі паказчыкі развіцця перадавых гаспадарак, сярод іх была і «Нача». Племзавод нават стаў пляцоўкай правядзення ўсесаюзнага семінара па развіцці племяннога свінаводства. Апантанага дырэктара, які эксперыментаваў і спрабаваў новыя тэхналогіі, ва ўсім падтрымліваў калектыў. Такая садружнасць давала важкі вынік. І сёння з меркаваннем паважанага Міхаіла Варановіча лічацца, а вопыт яго бясцэнны.
Міхаіл Лявонцьевіч, з юбілеем вас!

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.