А хутка пакаштуем і журавіны. Фірменны магазін Ляхавіцкага кансервавага завода неабходны і патрэбны і для пакупнікоў, і для прадпрыемства

Калі перайначыць вядомую прымаўку «хочаш жыць – здолей круціцца» на вытворчы лад, то атрымаецца: выжываць ва ўмовах рынку магчыма толькі пры развіцці вытворчасці і пашырэнні рынкаў збыту ўласнай прадукцыі. Менавіта па такім прынцыпе ідзе і ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод».

Адзін з апошніх падарункаў завадчан землякам – фірменны магазін, які размясціўся на вуліцы Южакова ў райцэнтры. Новай гандлёвай кропцы крыху больш за месяц, але адназначна можна сказаць: яна неабходная і патрэбная і для пакупнікоў, і для прадпрыемства.
Усяго ў фірменным гандлі прадстаўлена каля 70 найменняў салатаў, сокаў, соусаў, закусак, варэння і інш.
– Калі справы пойдуць такім чынам і далей, то праз месяц-другі магазін выйдзе на самаакупнасць. Прыемна, што ляхавічане і госці райцэнтра аддаюць перавагу нашай прадукцыі. Папулярныя розныя віды кансерваў: соусы, салянкі, варэнне. Стараемся ўлічваць запыты пакупнікоў. Што тычыцца ўласнай прадукцыі, сёлета плануем назапасіць больш маліны, клубніц для варэння. Малінавае літаральна нарасхват у сезон прастуд, ды і наогул прадаецца добра, бо смачнае, па дамашнім рэцэпце, – расказвае дырэктар завода Аляксандр Вашчук.
Дарэчы, нядаўна магазінны асартымент па-шырыўся хлебна. Такое новаўвядзенне з’явілася пасля вывучэння пакуп-ніцкага попыту. Крама ў гэтым мікрараёне горада адзіная, якая працуе ў будні да 23 гадзін і дзе ў гэты час можна купіць хлеб.


Разам з Аляксандрам Вашчуком прыадкрываем тайну плодаагароднінных навінак сезона-2020. На падыходзе новы від араматных кансерваў – журавіны, працертыя з цукрам. Над рэцэптам працавала лабараторыя на чале са Святланай Войцік. Хутка з’явіцца магчымасць пакаштаваць два віды соусаў на аснове хрэну, шэсць відаў, дзе асноўны інгрэдыент – грыбы, у прыватнасці ікра з шампіньёнаў. Плануецца выпускаць і шэсць найменняў іншых навінак – плодаагароднінных кансерваў.
Каля 70 працэнтаў сыра-віны для іх – цыбулю, кабачкі, моркву, сталовыя буракі, патысоны, пятрушку, кроп, бульбу – завод вырошчвае ва ўласнай падсобнай гаспадарцы. Астатняе – капусту, памідоры, агуркі, клубніцы, маліну, журавіны – закупляе.

ФАКТ

На Ляхавіцкім кансервавым заводзе прапрацоўваюцца новыя рынкі збыту, у тым ліку замежныя. Пакуль асноўны экспарцёр прадукцыі – Расійская Федэрацыя, куды за гэты студзень паставілі кансерваў на 40 тысяч долараў.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.