У сацыяльным партнёрстве. Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь правялі форум

 

Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда
і міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч.

На гэтым прынцыпе ўзаемадзеяння зрабілі акцэнт падчас форума прадстаўнікі прафсаюзаў і рэгіянальных СМІ.

На гэты раз Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь правялі традыцыйны форум «Роля рэгіянальных СМІ ў развіцці сацыяльнага партнёрства» ў Мінскім раёне ў санаторыі «Крыніца». Такая маштабная з’ява сабрала амаль дзве сотні спецыялістаў па сувязях з грамадскасцю раённых, гарадскіх аб’яднанняў прафсаюзаў, журналістаў абласных і раённых СМІ, цікавых спікераў, спецыялістаў у сферы медыя, каб абмеркаваць тое, што хвалюе, што найбольш актуальна для газетчыкаў, радыйшчыкаў, тэлевізіёншчыкаў і не толькі.

На працягу двух дзён у зале адміністрацыйнага будынка здраўніцы панавала напружана-працоўная атмасфера: важныя тэмы, праблемныя і спрэчныя пытанні, змястоўныя адказы, абмен меркаваннямі і, безумоўна, безліч станоўчых эмоцый ад сустрэч у асяроддзі калег.
Тэмы, як заўжды, актуальныя. Напрыклад, уздымалася пытанне налічэння пенсій за работу ў асаблівых умовах працы, паколькі 17 студзеня быў падпісаны заканадаўчы акт, які скарэкціраваў падыходы пры налічэнні ў такой сітуацыі. У фармаце круглага стала пра гэта і многае іншае гаварылі падчас форума. Дэталі і нюансы навацый Працоўнага кодэкса пракаменціравалі журналістам кампетэнтныя госці.
Цікавы, карысны і змястоўны працяг чакаў удзельнікаў сустрэчы і ў рабоце па групах, дзе ў цэнтры ўвагі былі не менш цікавыя тэмы –
адміністраванне сайтаў, манетызацыя сацыяльных сетак і іншае.
Другі дзень форума для прадстаўнікоў гарадскіх і раённых сродкаў масавай інфармацыі адкрыла сустрэча са старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаілам Ордай і міністрам інфармацыі Аляксандрам Карлюкевічам. Спектр тэм, якія ахапілі і абмеркавалі, вялікі: шмат пытанняў тычылася змяненняў у працоўным заканадаўстве, новых умоў аплаты працы бюджэтных арганізацый і г. д.
– Прафсаюзы працуюць у адной звязцы з рэгіянальнымі СМІ, каб даносіць інфармацыю да кожнага жыхара, кожнага прадстаўніка працоўных калектываў. Журналісты з-за таго, што ўвесь час знаходзяцца ў гушчыні ўсіх раённых падзей, дапамагаюць нам пазнаёміцца з жыццём у рэгіёнах, з тымі праблемамі і пытаннямі, з якімі сутыкаюцца іх землякі, – адзначыў Міхаіл Орда і акцэнтаваў: – Таму наша сацыяльнае партнёрства ў гэтай сферы дае неймаверна значныя вынікі.
Высокую сацыяльную значнасць і важнасць сацыяльнага партнёрства СМІ і прафсаюзаў адзначыў Аляксандр Карлюкевіч.
– Менавіта сродкі масавай інфармацыі павінны дапамагчы людзям разабрацца ў асновах пагаднення паміж органамі ўлады, наймальнікамі і прафсаюзамі, паказаць ролю і функцыю аднаго з самых буйных грамадскіх аб’яднанняў нашай краіны, – падкрэсліў міністр інфармацыі.
На сустрэчы быў зроблены акцэнт на якасць і рэзультатыўнасць сацыяльнага партнёрства сродкаў масавай інфармацыі і прафсаюзаў.

Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.