Разварушыць і навесці парадак

Фота БЕЛТА

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 студзеня правёў нараду, на якой былі разгледжаны чарговыя прапановы па выпраўленні сітуацыі ў аграпрамысловым комплексе Віцебскай вобласці

Праблемныя пытанні АПК Віцебскай вобласці ўжо абмяркоўваліся на ўзроўні Кіраўніка дзяржавы ў лістападзе, тады былі дадзены даручэнні для выпраўлення сітуацыі.

«Як рэалізаваны тыя канцэптуальныя прапановы і рашэнні, якіх мы дасягнулі тады ў Віцебску? Першае пытанне: якія меры прапануюцца? Якія выпрацаваныя мадэлі фінансавага аздараўлення прадпрыемстваў і, галоўнае, што гэта дасць у выніку? – абазначыў Прэзідэнт ключавыя пытанні для ўдзельнікаў нарады. – У прадстаўленых да нарады матэрыялах асноўны ўпор пакуль зроблены на меры дзяржаўнай падтрымкі. Калі гэта адзінае, з чым вы сюды прыйшлі, то проста змарнуем час. Але я не думаю, што вы прыйшлі толькі з гэтым».
«Падыходы нязменныя. Пытанне не толькі і не столькі ў грашах, колькі ў тым, ці зроблены сур’ёзныя высновы па ўсім шлейфе праблем, – прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы. – Ці ёсць вывераныя вытворчыя і фінансавыя планы? Як будзе наведзены парадак у гаспадарчай дзейнасці, і ці ведае кіраўніцкая вертыкаль Віцебшчыны, што ёй рабіць далей?».

Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што не трэба разлічваць толькі на фінансавую падтрымку прадпрыемстваў з боку дзяржавы. Нават пры яе наяўнасці не ўдасца вырашыць многія праблемы, калі не навесці парадак і дысцыпліну. «Прывядзіце ў парадак тое, што ёсць: базу, машынныя двары, комплексы, збожжатакі, фермы. Прымусьце людзей своечасова прыходзіць і ісці з работы і выконваць свае функцыянальныя абавязкі», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсе работнікі прадпрыемстваў АПК у Віцебскай вобласці, ад радавых супрацоўнікаў да кіраўнікоў, павінны працаваць з максімальным напружаннем. Разам з тым, арыентуючы людзей на інтэнсіўную работу, неабходна ў безумоўным парадку забяспечыць ім дастойную заработную плату. «Людзей, вядома, трэба прымусіць працаваць у Віцебскай вобласці, як і ў іншых абласцях, – тых, хто яшчэ не зразумеў, што трэба напружвацца і працаваць. Але не трэба забываць, што, калі вы напружваеце людзей, вы ім своечасова павінны плаціць нармальную заработную плату, –
падкрэсліў беларускі лідар. – Як гэта праблема вырашаецца ў вашых планах? Чым разлічваеце не толькі ўтрымаць людзей у вёсцы, але і прыцягваць новых, высакакласных, спецыялістаў?».
Прэзідэнт зрабіў акцэнт на тым, што чакае ад удзельнікаў нарады сістэмнага погляду на пытанне, якое абмяркоўваецца. «Наколькі эфектыўныя меры, што прапануюцца? Ці здольны яны рэальна палепшыць сітуацыю і зрабіць работу аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці ўстойлівай? А галоўнае – ці атрымалася ва Урада і Віцебскага аблвыканкама выпрацаваць універсальныя меры, якія можна прымяняць у іншых рэгіёнах краіны?» – абазначыў кола пытанняў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка паўтарыў сваё патрабаванне аб тым, што сельскую гаспадарку Віцебскай вобласці трэба істотна мадэрнізаваць.
«Мадэрнізацыя павінна быць па галоўным напрамку: што будзем вырошчваць у Віцебскай вобласці – зоне не проста рызыкоўнага, а крытычнага земляробства?» – адзначыў ён. З улікам асаблівасцей рэгіёна, у многіх раёнах неэфектыўна, напрыклад, вырошчванне кукурузы на зерне, іншых культур, таму канцэнтравацца неабходна на вытворчасці малака і мяса.
«Галоўнае, што зроблена правільна ў Віцебскай вобласці, – мы пайшлі ад патрэбнасцей, перапрацоўшчыкаў, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Уключылі ў холдынгі калгасы і саўгасы. Калі ласка, дайце нам малако і мяса. Калі яны не разумеюць, колькі, давядзіце да іх, як у савецкія часы, заданні, планы, прагнозы, што хочаце, але давядзіце да іх тыя аб’ёмы, якія яны павінны выдаць перапрацоўчым прадпрыемствам, і няхай выконваюць. Планы павінны быць напружанымі настолькі, каб забяспечыць сваю гас-падарчую дзейнасць і вярнуць даўгі».
Паводле слоў Прэм’ер-міністра Сяргея Румаса, у аграпрамысловага комплексу вобласці даўгоў на Br3 мільярды. Спецыялісты прапрацоўвалі розныя варыянты, што рабіць з гэтай запазычанасцю, але да адзінага рашэння пакуль не прыйшлі. Патрабаванне Прэзідэнта адно: так ці інакш грошы павінны быць вернуты.
Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што калі кожны на сваім месцы будзе адказна працаваць і клапаціцца аб эфектыўнасці свайго прадпрыемства, то і ў цэлым сітуацыя ў краіне будзе паспяховай.
Забеспячэнне людзей жыллём Прэзідэнт назваў важнейшым пытаннем. На яго думку, трэба вярнуцца да практыкі будаўніцтва дамоў у аграгарадках. У якасці іншых мер падтрымкі маладых аграрыяў таксама прапаноўвалася замяніць ім тэрміновую ваенную службу на службу ў рэзерве. Кіраўнік дзяржавы ў цэлым падтрымаў гэту ідэю, але даручыў дэталёва прапрацаваць пытанне. Акрамя таго, размова ішла аб фінансавым стымуляванні маладых спецыялістаў.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Віцебскую вобласць «трэба разварушыць». Указ, які павінен пасадзейнічаць развіццю яе аграпрамысловага комплексу, Прэзідэнт даручыў дапрацаваць у бліжэйшыя пару тыдняў.

Па матэрыялах БЕЛТА

Фота БЕЛТА