Першая субота – школьная. У першую суботу лютага, здаецца, насельніцтва Ляхавіччыны павялічылася

Выпускнікі 2000-га і 2005-га гадоў гімназіі са сваім класным кіраўніком Людмілай Раманенка.
БОЛЬШ ФОТА Ў ФОТАРЭПАРТАЖЫ

Вечар сустрэчы школьных сяброў афіцыйна не пазначаны  ў календары. Але першая субота лютага ў многіх асацыюецца  з самай цудоўнай парой – дзяцінствам і юнацтвам.

У першую суботу лютага, здаецца, насельніцтва Ляхавіччыны павялічылася: з розных мясцін свету на сустрэчу са сваёй школай, аднакласнікамі і настаўнікамі прыехалі колішнія выпускнікі.

Бліжэй да вечара прыгожыя, узнёслыя, усхваляваныя з букетамі кветак спяшаліся землякі розных узростаў па знаёмых адрасах. А школы, нягледзячы на позні час, свяціліся агеньчыкамі дабрыні і нібы запрашалі: заходзьце, вас чакаюць.
У самай маладой і самай статуснай навучальнай установе Ляхавіччы-ны – гімназіі (ёй, дарэчы, сёлета спаўняецца 30 гадоў) – лейтматывам вечара стала атмасфера шчырасці, адкрытасці, душэўнай цеплыні. І многія, расчуліўшыся ад такой сустрэчы, назвалі яе сямейнай.


Намеснік дырэктара гімназіі па выхаваўчай рабоце Аксана Гатоўчыц расказала, што выпускнікі розных гадоў успаміналі школьную пару, смешныя і не вельмі выпадкі, сумесныя паходы і спартыўныя спаборніцтвы і, канешне ж, сяброў-аднакласнікаў. Без перабольшання, мора апладысментаў і шчырых прызнанняў атрымала Людміла Пятроўна Раманенка – былы класны кіраўнік адразу двух юбілейных выпускаў – тых, хто развітаўся са школай 15 і 20 гадоў назад.
А рэкардсменамі па колькасці прыбыўшых на сустрэчу гімназістаў сталі юнакі і дзяўчаты 2018 года выпуску – сабраліся практычна поўным саставам.


І пасля заканчэння ўрачыстай часткі вечара не спяшаліся разыходзіцца, затрымліваліся ў сваіх класах.
Актавая зала СШ № 1 ледзьве ўмясціла ўсіх жадаючых сказаць роднай школе «прывітанне» і чарговы раз прызнацца ёй у любві. Валянціна Гаўрыленка прыехала з Мінска, а Раіса Стаскевіч жыве ў родных Ляхавічах. Што іх аб’ядноўвае? Яны аднакласніцы і паўстагоддзя назад з заканчэннем школы ўступілі ў дарослае жыццё. Ім і яшчэ двум аднакласнікам было пра што пагаварыць у цёплых абдымках роднай СШ № 1. Як, дарэчы, і іншым юбілярам-выпускнікам, якія цяпер жывуць у самых розных кутках Беларусі і нават за яе межамі. І неаднойчы паўтаралася, што родная школа навучыла іх не толькі чытаць і пісаць, але і ўмець суперажываць, клапаціцца пра іншых, паважаць бацькоў і кожнаму дала пуцёўку ў жыццё. Прагучаў і своеасаблівы заклік-наказ для сённяшніх вучняў: ніколі не забываць, адкуль ты родам, сваю школу і абавязкова ўспамінаць сваіх настаўнікаў.
«Палёт у дзяцінства» – так называлася святочная праграма вечара сустрэчы ў СШ № 2.
– Школа – гэта такі віртуальны аэрадром, стартавая пляцоўка для кожнага чалавека, бо менавіта ад школы, настаўнікаў у многім залежыць, як складзецца лёс чалавека, якім ён прыйдзе ў свет дарослых. Мы пастараліся арганізаваць вечар такім чынам, каб усім было цікава, незабыўна, каб кожны адчуў – ён чаканы і жаданы госць, – удакладняе намеснік дырэктара СШ № 2 Наталля Кудраўцава.
Кожны выпуск, пачынаючы ад старэйшага – 50-гадовага – і завяршаючы самым юным – мінулагоднім – свая гісторыя, свае ўспаміны, свая адметнасць.
Такія ж адметныя традыцыйныя вечары сустрэч у першую суботу лютага прайшлі ў іншых школах нашага раёна, пра што расказваюць фотаздымкі на старонках «ЛВ», нашым сайце і старонках у сацсетках.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА і з архіва Ліпскай СШ. БОЛЬШ ФОТА Ў ФОТАРЭПАРТАЖЫ І Ў ЧАСТЦЫ  2.

Сардэчнае прызнанне

Людміла РАМАНЕНКА, былы настаўнік гімназіі:

– Для нас, настаўнікаў, вечар сустрэчы выпускнікоў –
гэта выдатная магчымасць зноў убачыць сваіх вучняў, парадавацца іх поспехам. Сёлета зноў неаднойчы гучала, што галоўны школьны ўрок, які яны спасціглі, – урок жыцця. Цёпла і з натхненнем рабяты ўзгадвалі падрыхтоўку да ўдзелу ў Клубе вясёлых і знаходлівых, тэатральных пастаноўках, сумесныя экскурсіі і падарожжы.
У мяне сёлета два юбілейныя выпускі – 2000 і 2005 гадоў, а ўсяго за час работы ў гімназіі з 1992 па 2018 гады пашчасціла быць класным кіраўніком у трох выпускаў. Пра кожны магу сказаць – мае самыя лепшыя! Канешне, вельмі прыемна, што чатыры мае вучні 2005 года выпуску сталі таксама філолагамі – прадаўжаюць маю справу.

Іна ЗУБІК, выпускніца СШ № 2 1985 года:

– Для мяне сустрэча з роднай школай заўжды чаканая. Не толькі вучылася тут, а пасля яшчэ і працавала.
Аднакласнікі, настаўнікі – гэта назаўжды самыя-самыя цёплыя ўспаміны. Нават і не верыцца, што ўжо 35 гадоў, як мы сказалі «да пабачэння, школа». А ў мінулую суботу зноў сустрэліся. Канешне, з пашанай успаміналі класных кіраўнікоў Зою Яфімаўну Осіпаву і Фаіну Міхайлаўну Петрашэвіч, прыемна было ўбачыць настаўніцу фізікі Леакадзію Іванаўну Люкіш. А яшчэ з настальгіяй прайшліся па школьных калідорах, зазірнулі ў класы, каб хоць на хвілінку вярнуцца ў дзяцінства. Дзякуй, школа, мы цябе любім!