Ацэнка за ўмовы працы. На студзеньскім пасяджэнні Ляхавіцкага райвыканкама ацэньваўся стан работы па ахове працы ў арганізацыях раёна ў мінулым годзе
Стварэнне бяспечных i бясшкодных умоў працы на вытворчасці – задача агульнадзяржаўнай значнасці і прадмет пастаяннай увагі наймальнікаў і прафсаюзаў. На Ляхавіччыне арганізацыі работы па выкананні тэхнікі бяспекі і ахове працы, паляпшэнні яе ўмоў, зніжэнні вытворчага траўматызму і прафесійнага захворвання, папярэджанні гібелі і траўмавання людзей, умацаванні вытворча-тэхналагічнай дысцыпліны надаецца вялікая ўвага. На студзеньскім пасяджэнні райвыканкама ацэньваўся стан работы па ахове працы ў арганізацыях раёна ў мінулым годзе, пастаўлены задачы на 2020-ы.
Якасныя абавязкі
Начальнік упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама Дзіяна Трысцень акцэнтавала: агульнае кіраўніцтва і каардынацыю работы па ахове працы ажыццяўляе наймальнік. Загадамі кіраўнікоў прызначаны адказныя за арганізацыю работы па ахове працы, створаны камісіі для праверкі ведаў па пытаннях аховы працы. З 24 спецыялістаў па ахове працы ў арганізацыях раёна 16 маюць вышэйшую тэхнічную, два – вышэйшую нетэхнічную, тры – сярэднюю спецыяльную тэхнічную і столькі ж нетэхнічную адукацыю.
Летась 133 службовыя асобы здавалі адпаведны экзамен, прычым тры з першага разу не змаглі гэта зрабіць.У дзесяці арганізацыях праверка ведаў кіраўніка і спецыялістаў адбылася з выездам камісіі на месца, у дадатак тут праверылі вядзенне дакументацыі, а таксама своечасовасць правядзення навучання і інструктажу работнікаў. Сёлета праверку ведаў, згодна графіка, пройдуць не менш за 70 чалавек.
Мабільная група райвыканкама з мэтай практычнай і метадычнай дапамогі выязджае ў арганізацыі і на прадпрыемствы раёна. У мінулым годзе праведзена 116 рэйдаў, у тым ліку 22 па будаўнічых арганізацыях, 37 па аб’ектах аграпрамысловага комплексу, 57 па прамысловых прадпрыемствах і суб’ектах малога прадпрымальніцтва. У сярэднім падчас аднаго рэйда выяўляецца каля 12,7 парушэння патрабаванняў бяспекі, усяго ж зарэгістравана больш за 1400.
Работа над памылкамі
З тыповых – неўстаноўка супрацьадкатных упораў, прымяненне драўляных лесвіц, якія не адпавядаюць патрабаванням бяспекі, выкарыстанне абсталявання, якое не мае ахоўнай агароджы, назіраецца адсутнасць парадку на працоўных месцах. Пасля выдачы рэкамендацый па ўхіленні недапрацовак камісія праводзіць кантрольны рэйд. Так, мабільная група правярала якасць работы над памылкамі вытворчага кааператыва «Метал», ААТ «Шлях новы», КСУП «Ліпнянка» і іншых. Па выніках рэйдаў летась 21 чалавек прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці, з іх 17 – службовыя асобы.
Спецыялісты па ахове працы арганізацый і прадпрыемстваў ажыццяўляюць унутраны кантроль на месцах і ў мінулым годзе выдалі 509 прадпісанняў, выявілі больш за 2000 парушэнняў заканадаўства аб ахове працы.
На выкананне мерапрыемстваў па ахове працы арганізацыі накіравалі амаль 1500 тысяч рублёў. Гэта дазволіла, у тым ліку, прывесці ў адпаведнасць патрабаванням гігіенічных нарматываў 32 працоўныя месцы. Напрыклад, ліквідаваны адхіленні ад дапусцімых нормаў параметраў мікраклімату на МТФ «Зарытава», да дастатковага ўзроўню даведзена асветленасць у Альхоўскай бальніцы сястрынскага догляду, на МТФ ААТ «Жарабковічы» і г. д.
Аднак, акрамя станоўчых прыкладаў маюцца і адмоўныя. У мінулым годзе ў арганізацыях раёна здарыліся чатыры няшчасныя выпадкі (у 2018 – 5 ), з якіх тры з цяжкім зыходам . Камісія не ўстанавіла віны наймальніка.
Карысная практыка
Сёлета будзе працягнута практыка правядзення выязных пасяджэнняў камісіі. Асобная ўвага – на праходжанне работнікамі медыцынскіх аглядаў.
Месячнікі бяспечнай працы, работа мабільных груп, правядзенне раённых дзён аховы працы, тэматычных дзён, навучальных семінараў са спецыялістамі прадпрыемстваў і арганіза-цый, якія вядуць пытанні аховы працы – гэта і многае іншае ўваходзіць у паняцце прафілактычнай работы.
Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Тамара Пракап’юк расказала пра дзейнасць грамадскіх інспектараў, у тым ліку па ахове працы, па забеспячэнні здаровых і бяспечных умоў, мерах па прафілактыцы вытворчага траўматызму.
Старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі рэзюмаваў: жыццё і здароўе – вялікая каштоўнасць. У пытаннях аховы працы не ўпісваюцца пралікі і недапрацоўкі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.