Сакрэт экстра-выніку. Зрухі да лепшага на МТК «Сакуны» відавочныя. Тэндэнцыю трэба падтрымаць

Слесар Валерый Грыб.

Гадоў пяць назад, рыхтуючы артыкул да Дня будаўніка, «веснікаўцы» пабывалі на новым аб’екце, які ўзводзіла ПМК-13, – малочнатаварным комплексе «Сакуны». Тады тут былі толькі сцены. Сёння гэта сапраўдны жывёлагадоўчы міні-гарадок, узведзены за бюджэтныя сродкі. «ЛВ» адправіўся на экскурсію сюды разам з намеснікам начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Веранікай Макаранка.

Аператар машыннага даення Алена Арцыменя.

«Сакуны» планку паднялі высока

Чыста, акуратна, відавочны гаспадарскі падыход – такой убачылі тэрыторыю гэтага жывёла-гадоўчага аб’екта ААТ «Шлях новы».
У МТК «Сакуны» сёння ўваходзяць два кароўнікі, чатыры малочнадаільныя блокі, будынак для сухастойных рагуль, а таксама навес-прафілакторый для цялят, дзве пабудаваныя летась сянажна-сіласныя траншэі (дарэчы, кармы тут захоўваюцца якасныя),
а таксама шэраг дапаможных збудаванняў.
Вераніка Макаранка ўдакладняе, што комплекс разлічаны на адначасовае ўтрыманне 740 жывёлін, пакуль тут кватаруюць 470 дойных кароў і 100 сухастойных.
Вопытныя аператары машыннага даення Алена Арцыменя і Святлана Зянько наводзяць «марафет» пасля ранішняй дойкі, якая пачынаецца штодня ў 7 гадзін.
– Працую аператарам  машыннага даення з 2006 года, пачынала на МТФ «Галавачы» СВК «Ордэна «Знак Пашаны «Кастрычнік». Тут умовы выдатныя, працуем з задавальненнем. І зарплата ў нас добрая, – гаворыць Алена Арцыменя.
Яе напарніца Святлана Зянько ў «Сакунах» усяго сем месяцаў, ездзіць штодня на дзяжурнай машыне з аграгарадка Навасёлкі. У складзе мясцовай каманды яшчэ адзін аператар машыннага даення Святлана Ждан, жывёлаводы Віктар Арцыменя, Юрый Майсюк, Андрэй Салавей, слесары Валерый Грыб, Дзмітрый Горбік.
У малочным блоку размешчаны вялікія халадзільнікі, куды падчас кожнай дойкі па спецыяльным малакаправодзе паступае малако. Сырадой ахалоджваецца да належнай тэмпературы (плюс пяць градусаў), каб потым адправіцца на далейшую перапрацоўку на СААТ «Ляхавіцкі малочны завод». А яшчэ тут ёсць… малочнае таксі, якое перавозіць малако для выпойвання цялят, падаграе яго да камфорт-най тэмпературы. Такое ноу-хау ў нашым раёне
дагэтуль было толькі на МТФ «Чашчы» ААТ «Жа-рабковічы», а цяпер, акрамя «Сакуноў», ёсць і на МТК «Навасёлкі», а таксама ў «Падбароччы» райаграсэрвіса.
Размяшчаецца ў малочным блоку і лабараторыя, дзе робяць аналіз малака на шчыльнасць, тлустасць, кіслотнасць, саматыку. Кожная партыя сыравіны мае пасведчанне якасці, куды ўносяцца паказчыкі, вызначаныя ў сельгаспрадпрыемстве і на малочным заводзе. Важна, каб яны супадалі, у «Сакунах» менавіта так.
Наступнае памяшканне адведзена пад цэх раздою, які толькі-толькі запрацаваў.
– Абсталяванне прадугледжвае адначасовае раздойванне шасці рагуль. Атрыманае малако ідзе на выпойванне цялят. Каровы пасля расцёлу аслабленыя, ім неабходны асаблівы догляд,
кармленне, – тлумачыць галоўны заатэхнік гаспадаркі Анастасія Кабушка.
У блоку, дзе ўтрымліваюцца сухастойныя каровы, наводзіцца парадак. Адказныя за яго аператар па раздоі Алена Пронька, слесар Сяргей Гнаявец і жывёлавод Вольга Казлоўская.
Нібы каля малых дзетак, увіхаецца ля падрастаючага пакалення рагуль, размешчаных у бялюткіх боксах ясляў пад навесам, цялятніцы Таццяна Пінчук і Аксана Яварчук.
– Працэс даення кароў поўнасцю механізаваны, карыстаемся даільнай устаноўкай «Вестфалія», добры памочнік –камп’ютарызаваная сістэма кіравання статкам. Калектыў у нас невялікі – 22 чалавекі, шмат навічкоў. Большасць пераведзена з іншых падраздзяленняў «Шляху новага», – расказвае загадчыца МТК Таццяна Карповіч, якая раней узначальвала МТФ  «Бажкі». – Наша галоўная задача не толькі павялічыць валавы надой, але і не страціць якасць.
І такая задача пакуль паспяхова вырашаецца. Галоўны заатэхнік сельгаспрадпрыемства, хоць і нядаўна ў «Шляху новым», але, нягледзячы на малады ўзрост, мае вопыт работы ў жывёлагадоўлі, з задавальненнем падкрэслівае:
– Калі ў леташнім снежні ў сярэднім за дзень надойвалі ад усіх рагуль 4100 кілаграмаў малака, то сёлета ў студзені гэты паказчык даведзены да 7700 кілаграмаў. Прычым, усё малако паступае на далейшую перапрацоўку на завод выключна гатункам экстра. Пакуль «Сакуны» – адзіны малочнатаварны комплекс «Шляху новага», які атрымлівае малако самай высокай якасці.

Намеснік начальніка райсельгасхарчу Вераніка Макаранка (у цэнтры), галоўны заатэхнік ААТ «Шлях новы» Анастасія Кабушка, загадчыца МТК «Сакуны» Таццяна Карповіч.

Сітуацыю трэба мяняць

– Сапраўды, кадры вырашаюць калі не ўсё, то многае. Галоўны заатэх-нік Анастасія Кабушка з інтарэсам і веданнем
справы ўзялася ў тым ліку і за малочную жывё-лагадоўлю. Сумесна са спецыялістамі райсельгасхарчу былі перагледжаны рацыёны і тэхналогія кармлення жывёлы, сталі выкарыстоўваць больш збалансаваныя кармавыя канцэнтраты, і станоўчы вынік не прымусіў сябе чакаць – павялічылася сутачная вытворчасць малака. Цяпер «Сакуны» ідуць упоравень па якасці з флагманам малочнай галіны раёна – СВК «Ляхавіцкі», – разважае Вераніка Макаранка.
Яна падкрэслівае, што неабходна прымаць адпаведныя, прычым канструктыўныя меры, каб неадкладна выпраў-ляць сітуацыю і на іншых жывёлагадоўчых аб’ектах «Шляху новага». Калі на МТК «Навасёлкі» справы ідуць больш-менш някепска, хаця малако адсюль прадаюць не толькі экстра, але і вышэйшым, а то і першым гатункам, то, напрыклад, за МТФ «Вялікая Лотва» сырадой на малочным заводзе прымаюць першым гатункам. Таму аператары машыннага даення атрымліваюць зарплату толькі за колькасць, але не за якасць і, адпаведна, яна ўдвая меншая, чым у іх калег з «Сакуноў».
Чаму за адну і тую ж работу людзі павінны мець такую сур’ёзную разбежку ў зарплаце? Гэта пытанне ўжо да кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства. Хаця, як адзначыла Святлана Кабушка, зрухі ёсць. Каб палепшыць кармавы складнік, у гаспадарцы павялічаны пасяўныя плошчы, у прыватнасці пад кукурузу на сілас, зроблены падсеў траў, праводзіцца перазалужэнне.
– Сёлета прадпрыемства абавязана спрацаваць так, каб зрабіць паўтарагадавы запас кармоў, толькі тады можна гаварыць, што такі ж прагрэс, як у «Сакунах», магчымы на астатніх пяці МТФ «Шляху новага», – рэзюмавала Вераніка Макаранка.
Не хочацца сурочыць, але на даны момант справы на МТК «Сакуны» наладжваюцца. І пры такім падыходзе спецыялістаў, руплівасці і адказнасці тутэйшых работнікаў, можна замахнуцца і на больш высокія вынікі. Але ж без падтрымкі і клопату з боку кіраўніцтва «Шляху новага» не абысціся.

Анастасія РАБЦЭВІЧ, першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік райсельгасхарчу:
– На малочнатаварным комплексе «Сакуны» зрухі да лепшага відавочныя. Гэта адзіны МТК «Шляху новага», дзе малако здаецца гатункам экстра і дзе сярэднясутачныя надоі на карову аналагічныя сярэднераённаму паказчыку – перавышаюць 13 кілаграмаў.
Але гэта ні ў якім разе не падстава для самазаспакаення, бо да добрых паказчыкаў яшчэ расці і расці. Раўняцца ёсць на каго: СВК «Ляхавіцкі», дзе сярэднясутачны надой на карову –
24 кілаграмы малака, ЗАТ «Белпрампрыбор» – больш за 20, ДП «Нача» – 18, ААТ «Жарабковічы» – амаль 17.
Каб паказчыкі раслі, неабходны строгі кантроль за якасцю, дакладнае захаванне тэхналагічных рэгламентаў. Кожны, ад кіраўніка да вартаўніка, на сваім працоўным месцы павінен добрасумленна выконваць работу.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА
.

Па стане на 1 студзеня 2020 года, пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў ААТ «Шлях новы» складала 7120 жывёлін, з іх 3222 – дойны статак. Летась надоена па гаспадарцы 12601 тона малака – 91 працэнт да ўзроўню 2018 года.
Надой на карову таксама зменшыўся з 4018 кілаграмаў пазалетась да 3871 кілаграма летась.
За мінулы год 35 працэнтаў сырадою прадалі на перапрацоўку гатункам экстра, 31 працэнт – вышэйшым, 34 – першым.  Па аднаўленні статка гаспадарка таксама мінусуе. На 100 кароў атрымана 55 цялят.
Па інфармацыі райсельгасхарчу.