Тысяча і адна справа. Па выніках работы за мінулы год Ляхавіцкі РАСК у рэспубліцы заняў трэцяе месца

Знайсці невядомае, калі вядома нямнога. Устанавіць ісціну, калі ў распараджэнні асобныя факты. Прааналізаваць аргументы і суаднесці іх з доказамі. У гэтым – штодзённая карпатлівая работа следчых.

Начальнік РАСК Віталій ЛАБАНАЎ

Супрацоўнікі райаддзела Следчага камітэта штодзень разблытваюць дэтэктыўныя гісторыі, вырашаюць сур’ёзныя, часам жыццёва важныя задачы. У вытворчасці ў іх адначасова можа знаходзіцца да дзясятка крымінальных спраў, і за кожнай – лёс канкрэтнага чалавека, які ў многім залежыць ад таго, паставіць следчы ў справе коску або кропку.

Старшы следчы Міхаіл ЛАНКУЦЬ


Колькі такіх «знакаў прыпынку» ў адпаведнасці з літарай закону паставіў за сваю прафесійную дзейнасць старшы следчы РАСК Міхаіл Ланкуць. УСК па Брэсцкай вобласці падвяло вынікі службовай дзейнасці за 2019 год і прызнала яго лепшым следчым Брэстчыны з прысуджэннем трэцяга месца.

За мінулы год Міхаіл Ланкуць расследаваў больш за паўсотні крымінальных спраў, якія адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх, у суд накіравана 26 з іх.
Адказны, нераўнадушны, добрасумленны – так характарызуе свайго супрацоўніка начальнік РАСК Віталій Лабанаў. У прафесіі маёр юстыцыі Міхаіл Ланкуць дзесяцігоддзе – з моманту размеркавання яго, выпускніка следча-экспертнага факультэта Акадэміі МУС, у Ляхавіцкі РАУС. Праз паўтара гады малады спецыяліст заступіў на службу ў раённым падраздзяленні толькі створанага ў праваахоўнай сістэме Следчага камітэта. Сёння на рахунку Міхаіла Ланкуця сотні раскрытых спраў.
Следчая праца – ювелірная, патрабуе дакладнасці і дасканаласці.
– Задача следчага – аб’ектыўныя высновы і рашэнні. Набярэцца за сотню спраў, якія спыняліся з-за адсутнасці саставу злачынства. Галоўнае ў нашай дзейнасці, каб не пацярпеў невінаваты. Да ўсяго трэба разумець, што аступіцца можа кожны, – адзначае старшы следчы.
Яшчэ адна істотная акалічнасць. Па выніках работы за мінулы год райаддзел СК у рэспубліцы ў сваёй катэгорыі (сярод 81 аддзела) заняў трэцяе месца. Улічваліся аб’ём арганізацыйных і практычных мерапрыемстваў па павышэнні эфектыўнасці раскрыцця і расследавання злачынстваў, захаванні законнасці, абароне правоў пацярпелых, паляпшэнні якасці следства, кампенсацыі нанесенай злачынствамі матэрыяльнай шкоды.
Начальнік РАСК Віталій Лабанаў расказвае, што за 2019 год у вытворчасці следчых райаддзела СК знаходзілася 289 спраў, што на 18 больш, чым летась. Завершаны 123 справы, накіравана ў суд 107 – 87 працэнтаў ад агульнай колькасці. Па ўзбуджаных РАСК крымінальных справах судом не было вынесена ні аднаго апраўдальнага прыгавора. Ні адзін чалавек не быў незаконна затрыманы, не дапушчана беспадстаўнага ўзбуджэння крымінальнай справы.
Грамадзянам і арганізацыям кампенсаваны страты ў памеры больш за 49 тысяч рублёў з 74 тысяч рублёў нанесенай шкоды (працэнт кампенсацыі перавысіў 65).
Мясцовыя следчыя ўнеслі 140 прадстаўленняў аб ухіленні прычын і ўмоў, якія садзейнічалі ўчыненню злачынстваў. Па выніках іх разгляду прыняты розныя меры рэагавання, у тым ліку чатыры службовыя асобы прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці, дзве – да матэрыяльнай. Раскрывальнасць злачынстваў па раёне складае больш за 70 працэнтаў. Прычым, справы, якія раскрывалі следчыя, не самыя простыя. Многія памятаюць, як вясной у адной з вёсак раёна невядомая асоба «зазірнула» да 87-гадовай пенсіянеркі і прапанавала сёе-тое купіць… У выніку завалодала грашовымі сродкамі ў суме 3 тысячы рублёў. «Здабыча» жанчыны ў населеным пункце склала больш за 4 тысячы рублёў. Яе асоба ўстаноўлена – махляркай аказалася неаднойчы судзімая і не раз адбываючая пакаранне па розных артыкулах Крымінальнага кодэкса.
Следчыя раскрываюць і такія схемы, у якіх, здаецца, «героі»
падзей схавалі ўсе сляды. Начальнік РАСК узгадвае «справу» бухгалтара, калі жанчына, скарыстаўшыся службовым становішчам, штомесяц уносіла заведама несапраўдныя звесткі ў плацежныя спісы, і на карт-рахунак незаконна пераводзіліся грошы. За некалькі месяцаў група асоб падманным шляхам завалодала сумай, якая крыху не дацягнула да 10 тысяч рублёў. Крымінальным кодэксам іх дзеянні кваліфікаваліся па ч.3 арт. 209 (махлярства, учыненае ў буйным памеры).
– Канешне, хацелася б, каб спраў у следчых было менш, каб не даводзілася працаваць літаральна кругласутачна і без выхадных. Але нягледзячы на напружаны рытм работы, супрацоўнікі РАСК заўсёды кіруюцца літарай закону і дзейнічаюць па прынцыпах законнасці і справядлівасці, – падкрэслівае Віталій Лабанаў.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.