З акцэнтам на культуру. На мінулым тыдні ў гарадскім Доме культуры адбылося пасяджэнне выніковай калегіі ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама

На мінулым тыдні ў гарадскім Доме культуры адбылося пасяджэнне выніковай калегіі ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама, на якім былі падведзены вынікі работы галіны за мінулы год і вызначаны задачы на перспектыву.

Місія прымаць у сябе культработнікаў з усёй вобласці для Ляхавіччыны не выпадковая: 2-е месца абласнога спаборніцтва сярод структурных падраздзяленняў райвыканкамаў, якія ажыццяўляюць дзяржаўна- ўладныя паўнамоцтвы ў сферы культуры, заняў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ляхавіцкага райвыканкама.

Гасцей вітаў кіраўні к раёна Аляксандр Камінскі. У сваім выступленні ён закрануў работу ўсіх галін раёна: развіццё медыцыны, сельскай гаспадаркі, прамысловасці, спорту. Падрабязна спыніўся на культуры.

Аляксандр Камінскі адзначыў, што сфера культуры Ляхавіччыны сёння – гэта 19 бібліятэк, 21 клубная ўстанова, раённая кінавідэасетка, тры школы мастацтваў, 21 калектыў са званнем «народны» і «ўзорны», якія з’яўляюцца ўдзельнікамі міжнародных і рэспубліканскіх фестываляў і конкурсаў, маюць высокія ўзнагароды і дыпломы.

За апошні час праведзена рэканструкцыя і мадэрнізацыя гарадскога Дома культуры, кінатэатра «Кастрычнік», дзіцячай школы мастацтваў.

– Арганізуюцца мерапрыемствы, якія падкрэсліваюць унікальнасць і самабытнасць мясцовай культуры, такія як фестываль «З крыніц спрадвечных», «Флер’яноўскія чытанні». Прыкладваюцца ўсе намаганні, каб захаваць гісторыка-культурныя каштоўнасці і стварыць нешта новае, каб ва ўсёй прыгажосці паказаць Ляхавіцкі раён як культурны аб’ект, – расказаў старшыня райвыканкама.

Начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Панасюк падкрэсліў, што культура з’яўляецца важнейшым складнікам грамадска-палітычнага жыцця дзяржавы.

У сваім дакладзе ён падвёў вынікі 2019 года, пазначыў асноўныя мэты
і задачы.

Так, напрыклад, у музеях Брэсцкай вобласці павінны з’явіцца віртуальныя туры з алічбаванымі экспанатамі, каб выгадна прадставіць рэгіён на ўнутраным і знешнім турыстычных рынках.

Бібліятэчныя ўстановы вобласці маюць станоўчую дынаміку якасці паслуг. Для камплектавання фондаў у 2019 годзе было выкарыстана практычна 2 мільёны рублёў з мясцовых бюджэтаў. У гэтым годзе плануецца абнаўленне камп’ютарнага абсталявання.

Сярэднеабласны ўзровень акупляльнасці кінавідэапрадпрыемстваў складае 82 працэнты, што з’яўляецца адным з лепшых паказчыкаў у рэспубліцы. Аднак, як адзначыў Сяргей Панасюк, у гэтай сферы яшчэ ёсць магчымасці для развіцця і прыцягнення кліентаў.

Адно з праблемных пытанняў, якое закранулі на калегіі, – замацаванне маладых спецыялістаў. Сяргей Панасюк адзначыў, што пачынаць працаваць з маладымі кадрамі трэба яшчэ з часу іх вучобы ў навучальных установах.

Завяршылася калегія на ўрачыстай ноце. Узнагароды рэспубліканскага і абласнога ўзроўню атрымалі лепшыя работнікі сферы культуры вобласці, сярод якіх і нашы землякі: начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніна Прыхач; дырэктар раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Юрый Грынь; дырэктар Ляхавіцкага гарадскога Дома культуры Мікалай Ламака; загадчыца аддзела бібліятэчнай рэкламы і маркетынгу раённай цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Лізавета Мацулевіч.

Фінальным акордам стаў канцэрт ад ляхавіцкіх самадзейных калектываў.

Ірына КУЗЬМІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Больш фота ТУТ