120 школьных імгненняў. Другая субота лютага для Жарабковіцкай СШ – юбілейная. Школа адзначыла 120-ы дзень нараджэння

БОЛЬШ ФОТА Ў ФОТАРЭПАРТАЖЫ

За вечар сустрэчы ў Жарабковіцкай школе, які яна прызначыла на другую суботу лютага, праляцела 120 імгненняў са школьнага жыцця гэтай установы, безліч эмоцый, успамінаў, добрых слоў. Чаму менавіта 120? Усё проста. Такі важкі юбілей адзначыла школа, якая сёння носіць імя М. Г. Мінкевіча.


Школа-юбілярша сабрала не толькі тых, хто ў 2020-м стаў юбілейным выпускам, але і тых, хто ў гэты зімовы вечар проста завітаў сказаць шчырыя сардэчныя словы сваёй альма-матар.
Вялікім, гучным і вясёлым саставам выйшлі на сцэну старэйшыя выпускнікі – тыя, хто скончыў школу 60 і 55 гадоў назад. Колькі б гадоў ні прайшло – менавіта тут, у школьных сценах, магчыма сустрэча з дзяцінствам. Гісторыя школы – гэта яе выдатныя выпускнікі, настаўнікі, якія дзесяцігоддзямі, не шкадуючы часу, сіл, энергіі, выхоўвалі маладое пакаленне. У гісторыі ўстановы заўсёды гучаць імёны настаўнікаў Таісіі Карповіч, Аляксандры Сакалоўскай, Алены Таранда, Соф’і Савіч, Ніны Касель, Таццяны Свінабурка, Людмілы Мархель, Рэгіны Лаўрэнавай, Уладзіміра Лаўрэнава, Ірыны Жалезнай, Жанны Жук, Наталлі Гарнастаевай.


Школа ганарыцца сваімі выпускнікамі. Сярод іх нямала тых, хто вырашыў звязаць жыццё з навукай. Павіншаваць сваю школу з юбілеем прыехаў кандыдат біялагічных навук Мікалай Таранда.
З віншавальнай паштоўкай школе, яе настаўнікам, вучням, выпускнікам звярнулася начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Якубоўская. Не пакінулі без увагі гэту падзею даўнія сябры ўстановы – старшыня сельвыканкама Ніна Булатая і старшыня ААТ «Жарабковічы» Антон Булаты. Цёплыя словы і пажаданні ад старшыні галіновага прафсаюза Святланы Бялецкай.
Сённяшнія вучні Жарабковіцкай школы – пераможцы творчых конкурсаў, навуковых канферэнцый. А якую цёплую, утульную, дамашнюю атмасферу стварылі ў гэты юбілейны вечар! Напэўна так і павінна быць: у роднай школе ўсё па-роднаму.
Дырэктар Жарабковіцкай школы Вольга Бурак прызнаецца, што шчаслівая працаваць тут, побач з таленавітымі выкладчыкамі, аднадумцамі і сапраўднай камандай. І, значыць, робіць усё правільна, калі на вечары сустрэчы ў зале свабодных месцаў няма.

Маргарыта КУХТА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

БОЛЬШ ФОТА Ў ФОТАРЭПАРТАЖЫ