Ён не вярнуўся з бою. Звычайны вясковы хлопец з Тальмінавічаў вельмі любіў бацькоў, сястру Таццяну

Афганская вайна доўжылася дзевяць гадоў, адзін месяц і 18 дзён. Чужая вайна пякучымі ранамі ўварвалася ў жыццё тысяч сем’яў. Больш за 700 беларусаў не вярнуліся з Афганістана, больш за дзве тысячы атрымалі раненні, сталі інвалідамі. Адзначаны баявымі ўзнагародамі 2200 нашых «афганцаў», а чацвёра ўраджэнцаў Беларусі за мужнасць і гераізм, праяўленыя на той вайне, удастоіліся звання Героя Савецкага Саюза. Інтэрнацыянальны абавязак выконвалі і нашы землякі Уладзімір Малахвей і Святаслаў Мядзведскі, якія з той вайны не вярнуліся жывымі. Сёння іх імёны – напамін пра мужнасць і гераізм.

Святаслаў Мядзведскі зусім не імкнуўся стаць героем. Звычайны вясковы хлопец з Тальмінавічаў, які вельмі любіў бацькоў, сястру Таццяну. 18-гадовы юнак будаваў планы, але лёс выбраў іншы расклад.

На стале веерам ляжаць канверты – ад часу пацёртыя і пажаўцелыя, са штэмпелем палявой пошты. Для ляхавічанкі Таццяны Пішч папяровыя прамавугольнікі – дарагая памяць пра любімага брата.
– Слава быў самым лепшым сынам, братам і сябрам. Больш за два дзесяцігоддзі мінула, а зразумець і змірыцца, што так рана не стала роднага чалавека, ніяк не магу, – з хваляваннем гаворыць Таццяна Антонаўна. Яна гадзінамі гатова расказваць пра роднага чалавека: – У школу хадзіў з радасцю – яго не трэба было прымушаць вучыцца, рабіў гэта з задавальненнем. Іграў прыгожа на розных музычных інст-рументах, прычым навучыўся сам. Абараняў гонар школы на спаборніцтвах. Не спяшаўся жыць, але ўсюды хацеў паспець, паспрабаваць сілы. Марыў стаць ваенным, але нешта не задалося. З дзяцінства прыгожа маляваў і рабіў фотаздымкі. Бацькі, заўважыўшы здольнасці сына, купілі яму неабходнае абсталяванне. Таму пытанне выбару прафесіі не стаяла – паступіў вучыцца ў Брэст, хацеў стаць сапраўдным фотамайстрам.
Розніца са Славам у сястры – два гады, і яна з асаблівым задавальненнем прымала ролю малодшай. Ён сам добра вучыўся і даваў наказ сястры атрымліваць добрыя адзнакі.
Згадвае, як бацькі вучылі працаваць на зямлі, быць дастойнымі людзьмі. Так і да службы ў арміі Слава падыходзіў з адказнасцю – рыхтаваўся і маральна, і фізічна.
Таццяна Антонаўна прыгадвае, як зрабілі ўрачыстыя праводзіны, і навабранец накіраваўся ў ваенную часць у Мар’іну Горку. Неўзабаве вярнуўся – не прыехалі «купцы». Другі раз правялі, пасадзілі ў Русінавічах на цягнік… І зноў Славу сустракалі дома. Так было тройчы. Сэрца маці непакоілася і балела… Нарэшце ў сярэдзіне восені 1984 года ён апрануў ваенную форму.  Авалодаў воінскай спецыяльнасцю стралка-зенітчыка. Спачатку салдат аказаўся ва ўзбекскім горадзе Шэрабад. Адтуль пісаў бацькам: «Прывітанне, родныя тата, мама і сястрычка Танечка. У першых радках свайго пісьма віншую вас з Новым годам… Пісьмо ад вас я атрымаў. Я быў вельмі рады і перачытваў яго шмат разоў пасля адбою. І кожны раз, чытаючы пісьмо, я ўспамінаю родны дом, усіх вас. І ў гэтыя хвіліны так хацелася дадому!..».
Пазней быў Тэрмез – у час афганскай кампаніі гэты населены пункт з’яўляўся важнай ваеннай базай.
«…Наш узвод перавялі на другую пазіцыю – бліжэй да газавага завода… Нядаўна батальён хадзіў на аперацыю. Далі душманам пораху панюхаць…», у пісьмах пра службу зусім нямнога.
10 студзеня 1986 года Слава пісаў родным: «…Вось і прайшоў Новы год, другі Новы год у арміі. Адзначалі яго мы ўсёй пазіцыяй. У 12.00 быў святочны салют… Жывём мы, як і раней, у зямлянках… Пішыце, мама, што ў вас там новага, як здароўе бабулі… Атрымаў шмат пісьмаў ад Тані, а таксама пісьмо ад Юры… Пішыце, буду чакаць з нецярпеннем. З павагай, ваш сын Слава».
Шчырыя радкі, напоўненыя любоўю да родных. У пісьмах ён расказваў пра надвор’е, службу, саслужыўцаў, сярод якіх было многа рабят з БССР. Цікавіўся справамі бацькоў і аднакласнікаў, іншых вяскоўцаў. Здаецца, навіны з дома надавалі яму сілы і паскаралі час службы. А бацькі, у літаральным сэнсе, жылі гэтымі весткамі і дарагімі словамі, якія абнадзейвалі: «да хуткай сустрэчы. Моцна цалую…».
З гарачай кропкі ляцелі пісьмы і вернаму сябру Юрыю Камко. З ім дружыў з першага класа, давяралі адзін аднаму самае патаемнае. Юру крыху пазней забралі ў армію – на Урал. Сувязь трымалі пастаянна. «Добры дзень, сябар Юра! З гарачым салдацкім прывітаннем да цябе твой друг Слава. У першых радках свайго пісьма хачу табе паведаміць, што пісьмо я тваё атрымаў. Я так чакаў яго… Служу ў горных стралках. Спачатку нязвычна было хадзіць па гарах, а трэба было бегаць. Юра, ты можа здагадваешся, што служыць я буду ў ДРА, г.зн. у Афганістане – выконваць інтэрнацыянальны абавязак… Юра, тут у Афганістане чуць заўважыў што – страляй без папярэджання. Ноччу ідзеш на пост – бярэш з сабой аўтамат і чатыры магазіны з патронамі і дзве гранаты. Стаім на пасту па 3,5 гадзіны… Ахоўваем кар’ер і асфальтавы завод, а таксама саміх сябе… Хутчэй бы дадому…».
12 лютага 1986 года Слава яшчэ пісаў родным пра справы (апошнія радкі бацькі атрымаюць пасля), а праз дзень наш зямляк-мотастралок пайшоў у разведку. Разрыўная куля трапіла ў галаву…
І сухая фармуліроўка: «падчас выканання баявога задання радавы Мядзведскі гераічна загінуў». За мужнасць і гераізм пасмяротна ўзнагароджаны медалём «Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа» і Граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР.
Юра, даведаўшыся пра бяду, напісаў рапарт з просьбай адправіць яго служыць у Афганістан – не дазволілі.
Сёлета мінула 34 гады, як жыццё Ядвігі Іосіфаўны, Антона Вікенцьевіча і Таццяны Мядзведскіх раздзялілася на «да» і «пасля». Сыночку і браціку не было і 20 гадоў. Не праўда, што час лечыць, –
рана крываточыць дасёння. Сястра не можа расказваць пра брата без слёз. Няма ў жывых ужо і бацькоў. Таццяна Антонаўна з дочкамі Юляй і Марыяй нясуць кветкі на могілкі ў Тальмінавічах сваім дарагім людзям.
Пра мужнага земляка заўсёды памятаюць у Тальмінавіцкай школе. Шануюць яго памяць землякі.
Помнім. Не для гучных слоў і мемуараў, а дзеля таго, каб менш было гарачых кропак. Вайна – вельмі страшнае слова.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота з архіва Таццяны ПІШЧ.