Адкрыты ўрок. Аб’яднаная рэдакцыя раённай газеты і школьных выданняў у мінулую суботу заявіла пра сябе на Ляхавіччыне

БОЛЬШ КАДРАЎ У ФОТАРЭПАРТАЖЫ

Аб’яднаная рэдакцыя раённай газеты і школьных выданняў  у мінулую суботу заявіла пра сябе. Першая планёрка, цяпер гэта будзе гучаць так, у творча-ідэйным фармаце, прайшла ў купалаўцы. Прадстаўнікі 15 школьных выданняў з устаноў адукацыі раёна прыехалі падтрымаць і стаць часткай праекта «Школьны дзённік».

У рабят пытанняў – проста безліч. І гэта не можа
не радаваць – значыць, на сустрэчу прыехалі самыя актыўныя, крэатыўныя юнкары. Тое, што праект зацікавіў юных журналістаў, сумнявацца не давялося. Яны прапанавалі свае ідэі таго, як бачаць праект, што чакаюць ад сустрэч, якім чынам будуць трымаць сувязь з рэдакцыяй «ЛВ». Цэнтрам увагі стаў выпуск не толькі друкаванага выдання, сярод хлопчыкаў і дзяўчынак шмат пачынаючых блогераў, фотакараў, відэакарэспандэнтаў. Значыць школьнай медыяпляцоўцы быць! А на сайце lves.by ужо ёсць блок са школьнымі навінамі.
Радуе, што для школьных рэдакцый важна і якасць будучага медыяпрадукта, таму рабяты і педагогі выказалі жаданне сустракацца не толькі ў плане абмеркавання будучых тэм публікацый, але і праводзіць майстар-класы. Дарэчы, першае заданне атрымалі і школьнікі, якія ўжо рыхтуюцца да сакавіцкага выпуску, і журналісты раёнкі. Наступны раз рабяты прапанавалі «веснікаўцам» падзяліцца вопытам у сферы фотажурналістыкі.

Факт, дастойны шырокай увагі: у Ляхавіцкім раёне, адзіным на Брэстчыне, кожная з 15 школ мае сваю газету.
І калі гімназічная «Дзянніца» адлічвае час існавання з 2001 года, то многія яе «калегі» толькі-толькі пачынаюць напрацоўваць газетны аўтарытэт.
«Школьнае скрыжаванне», «Разам», «Крынічка», «Школьная пара» і «Пунсовыя ветразі», «Новы погляд» і «Школьная краіна», «Прага навін» і «Школьны экспрэс»… – гэтыя назвы аб’ядналі самых творчых навучэнцаў і зацікаўленых педагогаў. Тое, што такі сімбіёз надзвычай эфектыўны, пацвярджае актыўны і даволі паспяховы ўдзел школьных СМІ Ляхавіччыны ў штогадовым рэспубліканскім конкурсе «Свежы вецер».
– У свой час аддзел па адукацыі быў ініцыятарам таго, каб у кожнай школе вучнёўскае самакіраванне мела орган друку, – расказвае галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Іна Зубік. – Сёння мы бачым: такі падыход сапраўды цікавы навучэнцам. І вельмі прыемна усведамляць, што аб’яднаная рэдакцыя і новы праект «Школьны дзённік» даюць рабятам яшчэ больш магчымасцяў развіваць свае здольнасці, удасканальвацца ў валоданні словам, фотакамерай, спецыяльнымі камп’ютарнымі праграмамі. А яшчэ, пераканана, гэта выдатны прафарыентацыйны крок для газетчыкаў.
Першая старонка нашага «Школьнага дзённіка» перагорнута. З пачаткам новага творчага года!

Яна Астаповіч, гімназія:
– Сваю першую заметку ў гімназічную «Дзянніцу» я напісала ў першым класе. З таго часу я і газета неразлучныя. Пра што пішам? Пра ўсё са школьнага жыцця. Я, напрыклад, уваходжу ў склад савета старшакласнікаў, бяру інфармацыю і з яго пасяджэнняў.
Яшчэ ў выданні друкуем вершы, замалёўкі, спрабуем сябе ў ролі інтэрв’юераў. Але толькі адной гімназіяй не абмяжоўваемся – пішам і пра сваю малую радзіму. Ёсць у нас і электронная версія.

Ала ІЛЮКЕВІЧ, кіраўнік газеты
«Дзянніца» гімназіі:
– Нашай «Дзянніцы» ўжо 19 гадоў. За такую багатую гісторыю мы двойчы станавіліся пераможцамі ў рэспубліканскім фестывалі-конкурсе дзіцячых сродкаў масавай інфармацыі «Свежы вецер». Летась таксама сталі фіналістамі. Гімназісты – рабяты творчыя, мэтанакіраваныя, таму, упэўнена, наперадзе нас чакаюць новыя перамогі.
Імкнёмся рабіць «Дзянніцу» насычанай, багатай у жанравым плане, каб яна была цікавай і для пачаткоўцаў, і для старшакласнікаў. Дарэчы, рэдактар газеты Анастасія Шкут марыць звязаць сваё жыццё з журналістыкай.

Дар’я МАСАЛБАСАВА,
Малагарадзішчанскі ДС-СШ:
– У рэдкалегію «Крынічкі» прыйшла толькі напачатку гэтага навучальнага года. Наш кіраўнік настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алена Смаршчок вучыць пісаць заметкі ў газету, выпраўляе памылкі. Нас у «Крынічцы» пяць чалавек, і кожны вельмі актыўны і вясёлы. Буду спрабаваць пісаць і ў раённую газету. Спадзяюся, атрымаецца!

Ксенія РАМАНОЎСКАЯ,
Жарабковіцкая СШ імя М. Г. Мінкевіча:
– Працаваць у газеце – гэта класна! У нашым «Школьным калейдаскопе» тэм для замалёвак шмат. Не заўжды ўмяшчаем у нумар, што хацелася б напісаць. Вось нядаўна Жарабковіцкая школа азначыла вялікі юбілей. Чым не тэма для цэлага выпуску? З задавальненнем паўдзельнічаем у конкурсах, якія прапануе «Ляхавіцкі веснік».

Вольга ЛАНКУЦЬ, кіраўнік газеты «Школьнае скрыжаванне» СШ № 2:
– Мы з рабятамі нямала эксперыментавалі, каб, у рэшце рэшт, прыйсці да таго дызайна, які наша «Школьнае скрыжаванне» мае цяпер. Лічым, што атрымалася. Але новыя задумкі прадоўжым увасабляць у жыццё. Тым больш, што школьная рэдкалегія абнавілася, у яе складзе вельмі крэатыўныя васьмікласнікі.
У нас прапанова да «ЛВ»: зняць навучальны відэаролік ці праводзіць анлайн-вучобу.

Ягор БЕЦЬКА, Падлеская БШ:
– У «Ляхавіцкага весніка» новы праект, і вельмі прыемна, што мы, школьнікі, маем да яго дачыненне. На старонках газеты будуць друкавацца навіны з усіх школ раёна. І пад імі будуць стаяць нашы подпісы. Класна!
Да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў у Падлессі каля школы садзілі парк. Я здымаў гэта на відэа, сам манціраваў. У раённым этапе рэспубліканскага конкурсу юных журналістаў «Ты ў эфіры» ў намінацыі «Відэаматэрыял» ролік заняў другое месца. Маё відэа ў конкурсе «Юны натураліст» у намінацыі «Смачны і карысны» ўзнагародзілі ў раёне трэцім месцам. Падабаецца здымаць гумарыстычныя мініяцюры. Маё відэа змешчана на сайце школы. Буду рады, калі з’явіцца і на сайце «Ляхавіцкага весніка».

Крысціна ПЕТУХОВА, Востраўская СШ:
– Спадабалася назва новай рубрыкі «Школьны дзённік». Тут мы будзем дзяліцца падзеямі са школьнага жыцця. Дапамагаю васьмікласніку Даніілу Зелянеўскаму, які мае свой блог у інтэрнэце, здымаць відэаролікі, хацелася б, акрамя іншага, навучыцца сакрэтам правільнага відэа. А яшчэ прыдумваць яркія загалоўкі і цікавыя тэксты.

Данііл ЗЕЛЯНЕЎСКІ, Востраўская СШ:
– Відэа раблю для сябе і для сяброў амаль два гады. На маім канале «Dany Style» 144 падпісчыкі. Здымаю часцей лайвстайл, а менавіта скетчы, пранкі і г. д. Гэта маё хобі, у якім выказваю свой пункт гледжання, даю парады, віншую са святамі і г.д. Здорава, што захапленне дапамагло перамагчы ў рэспубліканскім конкурсе «Свежы вецер».
У будучым хацеў бы стаць журналістам, таму ад праекта «ЛВ» чакаю карысных парад па відэа і фотаздымках.

Рэдкалегія школьнай газеты СШ № 1 «Разам»:
– У кожнага з нас маюцца свае рэдакцыйныя абавязкі. Разам з настаўніцай Наталляй Сідор пішам навіны, фатаграфуем , робім фотакалажы і іншае. Калі трэба – і відэа. На гэтым «спецыялізуецца», напрыклад, дзесяцікласнік Аляксей Пілінога.
Стараемся школьнае жыццё адлюстроўваць аб’ектыўна і цікава. Спадзяёмся, што дапаможа ў гэтым «Школьны дзённік». Дарэчы, на YouTube маецца канал аб’яднання па інтарэсах з нашай установы адукацыі «Кужалёк: кухня нашых продкаў».