Тысячы старонак у камуфляжы. Калектыў рэдакцыі раённай газеты «Ляхавіцкі веснік» узнагароджаны Граматай Міністэрства абароны

Урачыста, прыгожа, святочна. Так, напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны, што вельмі сімвалічна, у Цэнтральным доме афіцэраў газетчыкі, радыйшчыкі, тэлевізіёншчыкі з усёй краіны атрымалі ўзнагароды за перамогу і ўдзел у штогадовым конкурсе на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі пытанняў будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, патрыятычнага выхавання насельніцтва Рэспублікі Беларусь.

Экскурс у журналістыку Вялікай Айчыннай вайны, знаёмства з яе героямі, якія на перадавой змагаліся трапным словам, кадры тых страшных падзей – сёння гэта гісторыя, памяць, якая заўсёды будзе напамінам чалавецтву пра каштоўнасць міру.
Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін адзначыў эфектыўнае супрацоўніцтва Узброеных Сіл і сродкаў масавай інфармацыі. І лічбы гэта пацвярджаюць: каля 4000 публікацый у друкаваных СМІ, больш за 200 гадзін тэлеэфіра і каля 40 гадзін радыёэфіра штогод прысвечаны гэтай тэматыцы. Прыярытэтнымі ў асвятленні ваеннай тэмы з’яўляюцца аб’ектыўнасць і творчы падыход. Пры непасрэдным удзеле СМІ грамадскасць штодзённа знаёміцца з вынікамі дзейнасці беларускай арміі.


– У тэматыцы конкурсу прысутнічаюць два ўзаемазвязаныя канцэптуальныя паняцці – ваеннае будаўніцтва і патрыятычнае выхаванне як два непарыўныя напрамкі дзяржаўнай палітыкі, паспяховая рэалізацыя якіх з’яўляецца гарантам стабільнасці, міру і стваральнасці на беларускай зямлі. Бо выхаванне сапраўднага патрыёта, падрыхтоўка яго як абаронцы сваёй бацькаўшчыны, фарміраванне разумення і падтрымка грамадства ў мерапрыемствах ваеннага будаўніцтва з’яўляюцца прыярытэтнымі за-дачамі ў палітыцы забеспячэння нацыянальнай бяспекі, – сказаў Віктар Хрэнін.
Дарэчы, на ўдзел у конкурсе было прадстаўлена звыш 130 заявак.
Першы намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі адзначыў, што сярод пераможцаў, лаўрэатаў, прызёраў нямала прадстаўнікоў рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі, якія займаюць важкі сектар медыяпрасторы. І менавіта ім у час інфармацыйнай трансфармацыі варта надаваць асаблівую ўвагу. Павел Лёгкі заклікаў прадстаўнікоў СМІ звяртаць больш увагі менавіта на якасны складнік.
– Сёння ўжо не брэнды змагаюцца адзін з адным, змагаюцца асобна ўзятыя матэрыялы. Чым больш і шырэй інфармацыйная прастора, тым больш праблем адчуваюць СМІ, спрабуючы прабіцца да сваёй аўдыторыі, – акцэнтаваў Павел Лёгкі.
Пераможцамі і лаўрэатамі творчага конкурсу сталі журналісты, фатографы і рэдакцыі з усёй краіны. Сярод адзначаных за актыўны ўдзел у асвятленні пытанняў будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, патрыятычнага выхавання насельніцтва Рэспублікі Беларусь і калектыў рэдакцыі раённай газеты «Ляхавіцкі веснік». Грамату Міністэрства абароны ўручыў міністр Віктар Хрэнін.

Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.