Напрадвесні. Надыход каляндарнай вясны сігналізуе аб хуткім надыходзе веснавых палявых работ

З каляндарнай вясной мы павітаемся толькі паслязаўтра. А ўражанне, што развітання і не было, не пакідае ўжо доўгія месяцы. Рэкордную лаяльнасць апошняй зімы можна ацэньваць як у плюс, так і ў мінус. Чаго больш?
Для кожнай арганізацыі ці галіны вытворчасці адказ свой. Для працаўнікоў сельскагаспадарчай вытворчасці пачатак вясны ўжо вельмі гучна сігналізуе пра хуткі старт палявой кампаніі, якую з-за дэфіцыту вільгаці патрэбна будзе закрыць максімальна хутка. Пры такім раскладзе асаблівае значэнне маюць ступень і якасць падрыхтоўкі матэрыяльнай часці і іншых вытворча-гаспадарчых складнікаў.
Ужо больш як тыдзень назад у межах асобных лакацый раёна можна было назіраць работу ворыўнага агрэгата-спаркі ў складзе магутнага трактара, дапоўненага доўгім хвастом абаротных плугоў. Як паведамілі ў райсельгасхарчы, даворваюць тое, што засталося з восені. Наогул, ворыўны пласт работ шэраг гаспадарак раёна выканалі іменна восенню. Асобныя нават перавыканалі: «Жарабковічы», напрыклад, з запланаваных 3,9 тысячы гектараў пусцілі пад плуг амаль 5 тысяч. ААТ «Шлях новы» свае гектары дабірае гэтым часам. Як сведчыць справаздачная статыстыка райсельгасхарчу, у адзін з апошніх зімовых дзён у гаспадарцы на ворыве працавалі дзве адзінкі спецыялізаванай тэхнікі.
Яшчэ адзін сельскагаспадарчы клопат на стыку часу «канец зімы – пачатак вяс-ны» – падсеў траў пад азімыя зерневыя. Згодна з задачай, у цэлым на АПК раёна такая работа павінна быць праве- дзена на плошчы ў 2,4 тысячы гектараў. Найбольшае значэнне надаецца травам бабовай і бабова-злакавай груп. Пакуль толькі пачатак шляху: па стане на сярэдзіну тыдня, некалькі за сотню гектараў траў пасеялі-падсеялі ЗАТ «Белпрампрыбор» і «Шлях новы» – каля 50 гектараў.
Назапашванне тукаў – клопат перманентны. Як, дарэчы, і яшчэ аднаго кампанента ў залік паляпшэння ўрадлівасці глебы – арганічных угнаенняў. Нарыхтоўкай апошніх, іх вывазкай заняты зараз і раней практычна ўсе аграарганізацыі раёна. Неаднолькава актыўна, але ў імкненні выйсці на планава-пікавы паказчык у патрэбны час. І тут, як і ў сітуацыі з ворывам, найбольш высокія тэмпы і вынікі работ паказваюць «Жарабковічы».

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.