У сэрцы – навечна

Пра афганскую вайну адзінаццацікласнік Глеб Сідор ведае з расказаў бацькі Сяргея, які выконваў інтэрнацыянальны абавязак. Не раз распавядала сваім вучням пра мужнасць і адвагу ляхавіцкіх хлопцаў, якія прайшлі дарогамі чужой вайны, настаўніца гісторыі Сафія Шыбкоўская. Асабліва ў душу запалі прозвішчы землякоў, якія не вярнуліся з Афганістана дадому. Сярод іх і Святаслаў Мядзведскі.

Калі прапанавалі паўдзельнічаць у абласным конкурсе «Боль маёй душы – Афганістан», у Глеба з’явілася думка расказаць пра гераічнага земляка, каб больш людзей ведала пра трагічныя старонкі гісторыі, каб не паўтаралася вайна, каб не гінулі людзі.
У намінацыі «навечна ў сэрцы» дыпломам I ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама за работу «Лёс яго – вайна» ўзнагароджаны навучэнец 11 «А» класа СШ №1 Глеб Сідор (настаўнік Сафія Шыбкоўская).
Дарэчы, рабяты з СШ № 1 прымалі ўдзел у восьмым рэспубліканскім дыстанцыйным конкурсе «Шураві-2020», прысвечаным памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. За 45 мінут адзінаццацікласнікі павінны былі адказаць на чатыры дзясяткі тэставых заданняў па гісторыі афганскай вайны 1979-1989 гадоў. Пытанні датычылі баявых аперацый савецкіх войскаў, герояў вайны і г. д. Ксенія Граблюк заваявала дыплом II ступені, «бронзу» заслужылі Глеб Сідор, Алег Маневіч, Яўгеній Пранчак.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.