«Наш жывёлавод». Раённы фармат акцыі «Наш жывёлавод-2020» фінішаваў у мінулы аўторак злётам лепшых работнікаў фермаў і жывёлагадоўчых комплексаў
Ляхавіцкія арганізатары акцыі крэатыў праявілі з самага пачатку. Фінальны этап «Нашага жывёлавода» быў названы злётам, прайшоў у блізкай адпаведнасці з атрыманым статусам і прысвячаўся Году малой радзімы.
Рэспубліканскага маштабу акцыя «Наш жывёлавод» праводзіцца ўжо чацвёрты раз, з’яўляецца сумесным праектам Беларускага прафсаюза работнікаў АПК і галіновага міністэрства. Яе час прыпадае на перыяд зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы: пачынаецца ў снежні і завяршаецца разам з сакавіком. На гэтым адрэзку года прафсаюзныя лідары ўсіх узроўняў – ад старшынь пярвічак да кіраўніцтва галіновага прафсаюза – ставяць мэтай наведаць максімальную колькасць жывёлагадоўчых аб’ектаў. Як правіла, калегіяльна – сумесна з прадстаўнікамі райсельгасхарчу, аграпрамысловага саюза. Найчасцей з падарункамі, заўсёды з добрым словам, імкненнем падтрымаць-пад-бадзёрыць жывёлаводаў у іх вельмі няпростай працы. Знаёмяцца з яе ўмовамі, манітораць іх адпаведнасць бытавым і санітарна-гігіенічным патрабаванням.
Як расказала старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Ірына Чура, у ходзе чацвёртага сезона акцыі «Наш жывёлавод» былі наведаны ўсе МТФ і МТК Ляхавіччыны. Сустрэчы з працоўнымі калектывамі праходзілі, як правіла, у форме сяброўскіх гутарак. Вытворчыя тэмы ўздымаліся – як без гэтага, аднак, аснову складалі душэўныя размовы на жыццёвыя тэмы.
Раённы фармат акцыі «Наш жывёлавод-2020» фінішаваў у мінулы аўто-рак, як было ўжо сказана, злётам лепшых работнікаў фермаў і жывёла- гадоўчых комплексаў. На яго сабраліся аператары машыннага даення, даглядчыкі, прадстаўнікі іншых жывёлагадоўчых прафесій з усіх сельгасарганізацый раёна. Усяго два дзясяткі чалавек, 18 з якіх – прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва. Падзея папярэднічала прыгожаму жаночаму святу, што стала яшчэ адной нагодай для віншаванняў.
Але спачатку адбыўся экскурс у даўніну малой радзімы. Удзельнікі злёту наведалі музей «Маёнтак Бохвіцаў у Флер’янова». Паслухалі расповед яго захавальнікаў Генрыха і Ларысы Траццякоў, дакрануліся і набраліся сіл ад больш як векавога дуба, пасаджанага калісьці пісьменніцай Элізай Ажэшка. Пагрэліся ля старадаўняга і ўсё яшчэ функцыянальнага каміна за кубачкам гарачага чаю.
Яшчэ на маршруце была Грушаўка і знаёмства з галоўнай адметнасцю гэтых мясцін – рэшткамі колішняй сядзібы Рэйтанаў.
Завяршэнне злёту атрымала музычнае суправаджэнне, урачыста-святочны тон і прызавую афарбоўку. У канцэртнай зале Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў пад песні і чароўныя гукі флейты, домры, акустычнай гітары прайшоў святочна-ўрачысты збор. З віншаваннямі і падзякай з нагоды працоўных поспехаў да жывёлаводаў звярнуліся старшыня райсавета дэпутатаў Леанід Калбаса, намеснік старшыні райвыканкама Анастасія Рабцэвіч, старшыня абкама прафкама работнікаў АПК Аляксандр Саланевіч, лідар раённага прафсаюза аграрыяў Ірына Чура. Кожнаму з гасцей былі ўручаны дыплом лаўрэата, каштоўны падарунак, кветкі. У якасці ўзнагарод – граматы і падзячныя пісьмы райсавета дэпутатаў, абкама і райкама галіновага прафсаюза, раённага аграпрамысловага саюза. А яшчэ мора цёплых слоў і шквал шчырых апладысментаў.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.