У вясны аграрны твар

На сельскагаспадарчых палетках раёна назіраецца ўсё больш вытворчага дынамізму. У ролі лакаматыва, канешне, выступае вясна. Чым яе больш, тым маштабней фронт і асартыментны набор клопатаў, з якімі вяскоўцы выходзяць у поле.
Твар у беларускай вясны аграрны, і ўважлівы назіральнік «прачытае» на ім нямала эмоцый. Узяць, напрыклад, палеткі рапсу, азімых зерневых культур: пасевы скінулі ўжо міжсезонную дрымоту, узбадзёрыліся. Пра што і заспяшаліся прасігналізаваць у фарбах. Іх «грын» пакуль яшчэ не глыбокі і не вызначаецца абсалютнай татальнасцю. Але і першага, і другога, і настрою ад самога толькі гэтага факта з кожным днём усё прыбаў-ляецца.
Гэта практычная лірыка, а практыка такая, што сёлетняя вясна вельмі скупая на ваду. Адкуль ёй узяцца пасля бясснежнай зімы? Вось табе, працаўнік сельскагаспадарчай нівы, і задача нумар адзін: па максімуму затрымаць вільгаць, абараніць ад сонечных промняў і ветру, прымусіць затрымацца ў верхнім слоі глебы і спрацаваць на вынік. Вынік у паляводстве вызначаецца лічбамі ўраджаю.
На работах па закрыцці вільгаці ў вельмі значнай ступені засяроджаны гэтым часам усе аграрыі раёна. У адзін з нядаўніх дзён давялося назіраць падобны акорд на палетку ААТ «Шлях новы». Трактар з культыватарам у якасці рабочай прылады «маляваў» штрыхі-барозны.
Гэтым часам знаходзіцца месца на палях і для плугоў. У якасці прыкладу назавём райаграсэрвіс, дзе днямі давялося назіраць за ворыўнымі работамі. Было ужо гадзін шэсць вечара, а магутны трактар, здаецца, і не думаў спыняць свой ход. Расклад яго работы дыктуе вясна, і з кожным новым днём каэфіцыент паскарэння будзе павялічвацца.

Іван КАВАЛЕНКА.