Вядучы па тэхніцы. Пра вядучага дыспетчара ляхавіцкай ПМК-13
Пра вядучага дыспетчара ПМК-13 ляхавічаніна Віктара Асіповіча кіраўніцтва будаўнічай арганізацыі не шкадуе цёплых слоў – і адказны ён, і добрасумленны, і надзейны – ніколі не падвядзе. Адным словам – профі! Усё ў яго пад кантролем: каб транспарт не прастойваў, быў рацыянальна і раўнамерна размеркаваны, запраўлены машыны, працаўнікі дастаўлены да аб’екта, выпісаны пуцявыя лісты, распрацаваны маршруты і г. д. Прапусціш хоць адзін пункцік – і сістэма можа запаволіць ход, людзі апынуцца па-за справай.
За чатыры гады работы Віктар Генрыхавіч алгарытм дыспетчарскай дзейнасці адтачыў да аўтаматызму. Да таго, ён яшчэ займае пасаду загадчыка цэнтральнага склада, і ў яго распараджэнні будматэрыялы, якія прыходзяць на базу. А гэта матэрыяльная каштоўнасць і немалыя клопаты. З такім аб’ёмам абавязкаў адпачываць не даводзіцца. Але, як гаворыць Віктар, работу сваю любіць. Прыйшоў у ПМК падсобным рабочым і стараннымі адносінамі да справы заслужыў давер і аўтарытэт сярод кіраўніцтва і калег, пайшоў, як кажуць, па кар’ернай лесвіцы. Спакойны і разважлівы, ён не стварае праблему на пустым месцы, а майстарскі «вырульвае» нават самую, здавалася б, напружаную сітуацыю.
А дома Віктар удала кіруе жаночым трыа, якое складаюць жонка Ларыса і дачушкі Кацярына і Соф’я. Прыгожая палова сям’і лічыць, што тата і муж у іх самы лепшы – добры і рукі мае залатыя. А хобі? Хобі, як ва ўсіх мужчын, – тэхніка.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.