Вікіпедыя з жарабковіцкім кантэнтам
Вікіпедыю сёння ведае, пэўна, і дашкольнік. Інтэрнэт-энцыклапедыяй карыстаюцца, без перабольшання, ва ўсім свеце. 11 сакавіка навучэнцы Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча на некалькі гадзін прымералі на сабе ролю рэдактараў яе беларускамоўнай версіі. Ім пашчаслівілася паўдзельнічаць у праекце #WikiGap.
У вясновы дзень школа сустракала гасцей з Пасольства Каралеўства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь. Нагода для візіту дэлегацыі – сумесная ініцыятыва кіраўніцтва школы і вучэбна-практычнай установы па ўкараненні тэхналогій сацыяльнага маркетынгу «Файная справа», падтрыманая мясцовай уладай. У адпаведнасці з падпісаным пагадненнем, установа адукацыі стала партнёрам у арганізацыі і правядзенні дадатковых навучальных курсаў, накіраваных на раскрыццё ў рабят творчых здольнасцяў, развіццё камунікатыўных кампетэнцый і г. д.
Першы занятак «Пішам Вікіпедыю па-беларуску» паклаў пачатак супрацоўніцтву і быў прысвечаны вядомым жанчынам Беларусі і Швецыі. Тэма не выпадковая. Дырэктар школы Вольга Бурак яшчэ і старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын і ўсяляк садзейнічае павышэнню статуса жанчыны – маці, працаўніцы, кіраўніка.
Першы сакратар Пасла Каралеўства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь Конрад Рыкардсан адзначыў, што Вікіпедыя ствараецца самімі карыстальнікамі. Ён падкрэсліў, што існуе дысбаланс паміж колькасцю артыкулаў пра мужчын і жанчын, і гэта не зусім правільна:
– З дапамогай ініцыятывы мы хочам павялічыць колькасць кантэнту пра вядомых жанчын.
Тры гадзіны навучання праляцелі як імгненне. Навучэнцы 7-11 класаў з інтарэсам стваралі публікацыі на роднай мове. У выніку беларуская версія Вікіпедыі папоўнілася васьмю гісторыямі жыцця шведскіх і беларускіх жанчын. Сярод іх, напрыклад, рэктар Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна Ганна Сендзер, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Людміла Жалнерчык, каралева Швецыі Луіза Ульрыка Пруская і іншыя.
Школьнікі 2-6 класаў паўдзельнічалі ў літаратурных чытаннях, прысвечаных 75-годдзю аповесці шведскай пісьменніцы Астрыд Ліндгрэн «Піпі Доўгаяпанчоха».
Водгукі ад сустрэчы – самыя захопленыя.
Арцём РАМАНОЎСКІ, адзінаццацікласнік:
– Гэта новы вопыт зносін. Вікіпедыя – важны інфармацыйны рэсурс, і вельмі цікава было ўнесці ў яго свой уклад, прычым на беларускай мове.
Аляксандр СКОВЫШ, дзесяцікласнік:
– Стварылі на старонцы асабісты кабінет, даведаліся, як размяшчаць інфармацыю, карэкціраваць і многае іншае. Да ўдзелу ў праекце загадзя рыхтаваліся, збіралі матэрыялы пра вядомых жанчын-беларусак, якія адзначыліся ў розных сферах жыцця. Гэта і мастачка Ганна Селівончык, алімпійская чэмпіёнка Антаніна Кошаль, іншыя.
Святлана ПАЛЬЧЫК, настаўнік гісторыі:
– Разам з навучэнцамі адабралі восем персон, звязаных з нашай краінай. Рабяты шукалі неабходную інфармацыю і апрацоўвалі яе. Вопыт, канешне, карысны.
Злата КОЎШ, чацвёртакласніца:
– З Піпі было весела і цікава. Яна стала для мяне і маіх аднакласнікаў сяброўкай. Яна моцная і добрая. Перачытаю аповесць яшчэ раз.
Мікіта Свінабурка, трэцякласнік:
– Пабывалі ў сапраўдным літаратурным падарожжы. Інсцэніравалі, паўтаралі рухі, якія рабіла Піпі. Уразіла, што на свой дзень нараджэння яна дарыла падарункі сваім сябрам.
Аляксандра ЛЕЙЧАНКА, пяцікласніца:
– «Піпі доўгаяпанчоха» па-беларуску зацікавіла. Спадабалася не толькі, як нам па-акцёрску расказвалі твор, але і касцюмы, коскі, банцікі, усё адзенне Піпі.
Дырэктар СШ Вольга Бурак, якая разам з калектывам педагогаў садзейнічала прыцягненню праекта #WikiGap у школу, адзначае, што мэта супрацоўніцтва – развіць у школьнікаў шматлікія якасці – ад крытычнага мыслення да прадпрымальніцтва з дапамогай зносін з практыкуючымі экспертамі з розных сфер жыццядзейнасці. Камусьці гэты вопыт можа дапамагчы вызначыцца з прафесійным шляхам.
У той жа дзень адбылася сустрэча старшыні райвыканкама Аляксандра Камінскага са шведскай дэлегацыяй. Аляксандр Віктаравіч пазнаёміў гасцей з патэнцыялам раёна, выказаў зацікаўленасць у стварэнні кропак узаемнага супрацоўніцтва.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.