Камунальная нядзеля. Частка 2

Прафесіі «камунальнік» на справе не існуе, яна збіральны вобраз, у сваіх радах аб’ядноўвае слесараў, аператараў кацельняў, вадзіцеляў, тых, хто займаецца добраўпарадкаваннем населеных пунктаў і выязджае на ліквідацыю камунальных аварыйных сітуацый, хто працуе на ачышчальных збудаваннях і станцыях абязжалезвання вады… У КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» яшчэ адно важнае падраздзяленне, якое мае бытавую спецыялізацыю і ўключае ў сябе швейны цэх, цырульню, пункт пракату.
У трэцюю нядзелю сакавіка работнікі бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі адзначаць сваё прафесійнае свята.

За цяпло адказныя

Аператар Аляксандр Кендыш і апаратчык Ала Ксёнжык.

Год ад году да гэтага падраздзялення камунгаса ўсё менш і менш прэтэнзій ад спажыўцоў камунальных паслуг і ад кантралюючых арганізацый. Ды і халоднае надвор’е, экзаменуючы іх, ставіць работнікам кацельнай гаспадаркі добрую адзнаку. Бягучы ацяпляльны сезон можна занесці ў залік як удалы: нязначныя аварыйныя сітуацыі ліквідаваліся тэрмінова, не было перабояў з падачай цяпла ў дамы і кватэры землякоў.
– Спакойнаму ацяпляльнаму сезону папярэднічала значная і, галоўнае, выніковая работа кожнага са 120 членаў нашага калектыву. Прафілактыка і прамыўка труб, назапашванне дроў і брыкету, прафілактычныя і рамонтныя работы на кацельнях – усё рабілі строга па графіку, – расказвае начальнік участка Мікалай Плаўскі.
Самыя маштабныя аб’ёмы работ выкананы ў Задвор’і і Навасёлках, дзе кацельні пераведзены на аўтаматычны рэжым. Акрамя таго, заменена помпавае абсталяванне на энергаэфектыўнае на 15 кацельнях, капітальна адрамантаваны шэсць ацяпляльных катлоў.
З такога вялікага калектыву цяжка вызначыць лепшых, і ўсё ж яны ёсць. Адказнасць, адданасць выбранай справе, прафесіяналізм – гэта пра майстроў Юрыя Жыжу, Сяргея Канцэлярчыка, Ніну Кіршэўскую, газаэлектразваршчыка Дзмітрыя Еўхача, рабочых Аляксандра Грачыху, Івана Чарнецкага.

Хуткая камунальная дапамога


Каля 20 выездаў за суткі – у такім рэжыме працуе хуткая камунальная дапамога – работнікі аварыйна-тэхнічнай службы. З якімі толькі заяўкамі ў службу штодзённага камфорту не звяртаюцца грамадзяне! Выйшла са строю сантэхніка, пацякла водаправодная труба, пад’езд застаўся без святла… Па выкліку спяшаюцца майстры з жылкамунгаса. І без усялякіх сумненняў – выратуюць, дапамогуць, справяцца, бо яны суперпрафесіяналы. А падкажуць і накіруюць майстры ўчастка Дзяніс Сакуць і Аляксандр Саракавік.

Добраўпарадкаванае падраздзяленне

Начальнік участка добраўпарадкавання Уладзімір Несцяровіч (у цэнтры) з рабочымі Андрэем Бурымскім і Аляксандрам Высоцкім.

Каб навокал было чыста і ўтульна, кветкі радавалі вока з вясны да позняй восені, а ў добраўпарадкаваных дварах шматкватэрнікаў размяшчаліся зручныя лавачкі, пясочніцы, бяспечныя арэлі; каб было прыбрана на аўтобусных прыпынках. Пра гэта і многае іншае клапоцяцца работнікі ўчастка добраўпарадкавання. Узначальвае ўчастак Уладзімір Несцяровіч, які ў камунальнай справе 33 гады.
Падзякі і захапленне за гарадскую і не толькі прыгажосць і ўладкаванасць чуюць у свой адрас майстры-залатыя рукі, рабочыя зялёнага будаўніцтва Аляксандр Капуза і Андрэй Бурымскі.
– Акрамя традыцыйных абавязкаў па навядзенні і падтрыманні чысціні, зараз займаемся добраўпарадкаваннем зоны адпачынку на рацэ Ведзьма ў райцэнтры, уладкоўваем дарожкі, аўтамабільную стаянку, альтанку. У хуткім часе не пазнаеце і гарадскую крынічку, – дзеліцца планамі Уладзімір Несцяровіч.

З тэхнікай на ты

Майстар Наталля Смычкоўская, вадзіцель Юрый Вайцешык, машыніст экскаватара Уладзімір Пішч.

70 адзінак разнастайнай тэхнікі (грузавыя аўто, пагрузчыкі, экскаватары, гідрапад’ёмнікі і інш.) і 60 работнікаў – такое прадстаўніцтва ў камунгасе мае цяпер аўтатранспартны ўчастак пад кіраўніцтвам Сяргея Жытко. Асноўная яго задача – забеспячэнне бесперабойнай работы іншых падраздзяленняў жылкамунгаса. Маршруты ў тутэйшых вадзіцеляў штодня самыя розныя, аўтатэхніка дапамагае іншым службам будаваць, прыбіраць, рамантаваць. Сярод самых адказных тутэйшых працаўнікоў – майстар Мікалай Дылеўскі, вадзіцель Юрый Вайцешык, слесар Аляксандр Зубік, токар Васілій Кішкевіч.
– Наш калектыў дружны і зладжаны, яму па сілах вырашаць самыя складаныя задачы. У камунальна-бытавой службы і вялікі патэнцыял для ўдасканалення. Над гэтым працуем пастаянна і мэтанакіравана, – адзначае дырэктар Ляхавіцкага камунгаса Андрэй Чайкоўскі.

Правафланговыя чысціні

Майстар Святлана Курловіч, вадзіцель Дзмітрый Папко, рабочы Эдуард Бурымскі.


Пра сферу адказнасці ўчастка «саначыстка» гаворыць сама яго назва. Сабраць і вывезці смецце і другасную сыравіну, рассартаваць – кола яго клопатаў. Па распрацаваным графіку спецыялізаваны транспарт камунгаса штодня, акрамя нядзелі, раз’язджаецца па горадзе і вёсках. «Гаспадарка» ўчастка – палігон цвёрдых камунальных адходаў, пяць міні-палігонаў і 271 кантэйнер для змешанага збору смецця.
– Наш участак невялікі – 21 чалавек. Словы асаблівай падзякі за добрасумленную і шматгадовую працу заслугоўваюць вадзіцелі Сяргей Тарлюк, Аляксандр Жыхараў, Дзмітрый Папко, грузчыкі Аляксей Байрашэўскі, Дзмітрый Грынялевіч, – падкрэслівае майстар «саначысткі» Святлана Курловіч.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.