Сакавіты сакавік. Адзін з галоўных прадуктаў на канвееры ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» – бярозавік

Майстар лесу Ігар Скрыба, ляснік Ляхавіцкага лясніцтва Аляксандр Кулікоў.

Першы месяц вясны звычайна асацыюецца з бярозавым сокам. Сёлета выключэннем не стала, хіба толькі тэрміны нарыхтоўкі гаючага напітку зрушыліся; бярозавая «сталоўка» адчынілася раней. У ДЛГУ «Ляхавіцкі лясгас» паведамілі, што ўсе шэсць лясніцтваў заняліся назапашваннем бярозавіку.

Па стане на 19 сакавіка назапашана 310 тон, амаль усё прадаецца-пастаўляецца на мясцовы кансервавы завод. Акрамя таго, арганізавана нарыхтоўка соку для насельніцтва. Напрыклад, у Востраўскім лясніцтве для прыватных патрэб прададзена амаль тона прыроднага эліксіра.
Цяпер адзін з галоўных прадуктаў на канвееры ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» – бярозавік. Тут яго закуплена ўжо больш за 300 тон. Дырэктар прадпрыемства Аляксандр Вашчук расказаў, што за традыцыйна кароткі – каля двух тыдняў – «сакавіты» сезон, на заводзе плануецца закруціць у банкі каля 500 тон гаючага напітку, пастаўленага Ляхавіцкім лясгасам. Па стане на 19 сакавіка, перапрацавана 270 тон.
Акрамя натуральнага бярозавіку, гатуюцца запатрабаваныя ў пакупнікоў купажы кансерваванага напітку (іх на прадпрыемстве распрацавана каля 10 відаў): бярозава-мангавы, мультывітамінны, апельсінавы і інш. Частка новага «ўраджаю» адразу адправілася ў гандлёвыя кропкі краіны, а таксама ўстановы адукацыі, аховы здароўя, МУС, вайсковыя часці. У пік бярозавых нарыхтовак заводу давялося працаваць у тры змены.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.