Экскурсію праводзіць профі. Метадыст ЦДАДіМ стала першым сэртыфікаваным экскурсаводам на Ляхавіччыне

Нацыянальны рэестр экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў папоўніўся прозвішчам з Ляхавіччыны. Метадыст ЦДАДіМ Наталля Скрыпнік стала першым сэртыфікаваным экскурсаводам у нашым раёне.

У адпаведнасці з законам Рэспублікі Беларусь «Аб турызме», яна паспяхова здала атэстацыйны экзамен на права прадастаўляць экскурсійныя паслугі. Каб атрымаць запаветны сертыфікат, прайшла камп’ютарнае тэсціраванне, якое ўключала пытанні па гісторыі Беларусі і сусветнай гісторыі, геаграфіі, патрабавалася і веданне нарматыўна-прававых актаў, валоданне методыкай вядзення экскурсіі. Вялікая ўвага – культуры мовы.

Наталля Скрыпнік прадстаўляла тры экскурсійныя маршруты з індывідуальнай метадычнай дакументацыяй: «Палацава-паркавыя ансамблі Ляхавіцкага раёна», «Па слядах спадчыны Фларыяна Бохвіца», «Па святых месцах Ляхавіцкай зямлі». Пра прывабнасць кожнага з турыстычных напрамкаў Наталля Уладзіміраўна расказвае з захапленнем і вельмі цікава.
Такім чынам, прафесійную атэстацыю ў Нацыянальным агенцтве па турызме наша зямлячка дастойна прайшла. Чым абумоўлена такая неабходнасць? Па законе, праводзіць клаліфікаваную экскурсію па раёне мае права толькі сертыфікаваны спецыяліст.
Наталля Скрыпнік па адукацыі настаўнік гісторыі і пра родны край ведае нямала. Пяць гадоў працавала метадыстам па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, у ЦДАДіМ адказвае за турысцка-краязнаўчы і эколага-біялагічны напрамкі, вядзе аб’яднанне па інтарэсах «Юныя краязнаўцы». У нашым раёне нямала адметных гісторыка-культурных аб’ектаў, таму колькасць жадаючых пазнаёміцца з мясцовымі славутасцямі павялічваецца. У Год малой радзімы, калі ласка, на Ляхавіччыну!

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.