Разнаполюсны падыход. Сумесны рэйд «ЛВ» і раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі
Не будзе адкрыццём назіранне: на адной вуліцы можна адразу ўбачыць, дзе жывуць руплівыя гаспадары, а дзе – нядбайныя. У адных на падворках і каля – чысціня, парадак, акуратнасць ва ўсім. У другіх – смецце, безгаспадарчасць, звалка, складзіраванне рэчаў, якія даўно сталі непатрэбнымі. Малапрывабная карціна не толькі воку непрыемная, але і спрыяе антысанітарыі. А калі ў такога кшталту кучу трапіць непатушаны акурак, і адбудзецца ўзгаранне, пажар можа перакінуцца на суседскія будынкі – гэта ўжо небяспечная сітуацыя. Такія прыклады, на жаль, не адзінкавыя. Што і пацвердзіў чарговы сумесны рэйд «ЛВ» і раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі ў асобе памочніка ўрача-гігіеніста Дануты Багдановіч. Рэйд праводзіўся ў рамках месячніка добраўпарадкавання, які праходзіць, у тым ліку і на Ляхавіччыне з 16 сакавіка па 17 красавіка. Аб’ектам вывучэння гаспадарскага і не вельмі падыходу сталі некаторыя вуліцы прыватнай забудовы ў райцэнтры.
Першы адрас – па вуліцы Падлескай. Сучасны стыльны дом, але насупраць, каля праезнай часткі дарогі – горка, зарослая пустазеллем. Суседскі дом – поўная процілегласць: побач на падворку ідэальная чысціня і прыгажосць.
На чарговым аб’екце пра ўласніка можна гаварыць па-рознаму. На тэрыторыі каля аднаго з дамоў па вуліцы Цаглянай з боку вуліцы Пташука ўтворана вялікая звалка з гравію, рэшткаў блокаў, арматуры – усё даўно парасло пустазеллем. А ў двары гэтага дома акуратна высаджаны дрэвы і кустоўе, уладкаваны дарожкі, паўсюдна прыбрана. Няўжо нельга так зрабіць і за агароджай!?
Невялікі сквер на вуліцы Патапавіцкай надзейна абараняе сядзібы тутэйшых жыхароў ад гарачых сонечных промняў і ветру. Але не ўсе тутэйшыя адрасаты клапоцяцца пра захаванасць зялёнага сябра. Утвараюць у скверы сметнікі, паркуюць тут аўто.
Вуліца Клецкая ўражвае шыкоўнымі пабудовамі, пераважная большасць падворкаў вылучаецца крэатыўным афармленнем. Але і тут знайшліся тыя, хто не вельмі клапоціцца ні пра імідж сваёй вуліцы, ні пра ўладанні ў прыватнасці. Каля аднаго з дамоў узвышаецца зарослая гара пяску, каля суседскага адраса валяюцца старыя слупы.
Па Савецкай будынкі больш «узроставыя», але іх гаспадары стараюцца, каб парадак быў заўсёдны, у любую пару года і пры любым надвор’і. Напэўна, ім крыўдна бачыць аўрал у выглядзе разбураных будынкаў, кучаў са старых галінак і спіленых дрэў, што прапісаўся на пачатку вуліцы каля аднаго з дамоў.
На павароце рэдакцыйны аўтамабіль з’язджае на вуліцу Цітовіча. Не пазайздросціш гаспадарам дома № 25, бо тое, што ўтварылі яго былыя суседзі, выклікае сапраўдны жах: брудна, антысанітарыйна і небяспечна. На гэтай жа вуліцы каля аднаго з дамоў даўно прыпаркаваўся заржавелы без колаў аўтамабіль.
Вуліцы Сонечная і Заходняя сустракаюць вясну парадкам, у некаторых кветніках ужо зіхацяць першацветы. Гаспадары ачышчаюць падворкі, не забываюць і пра вуліцу. І зноў не ўсе. На Заходняй насупраць дома № 54 нехта складзіраваў смецце і забыўся яго вывезці. Дзе сумленне?
Не маглі не зазірнуць і на вуліцу Працоўную, дакладней на яе пачатак, дзе яшчэ некалькі тыдняў назад узвышаўся стары аўтамабіль, які мог справакаваць надзвычайнае здарэнне. Аўтамабіль прыбралі. А вось не заўважыць бардак на дзіцячай пляцоўцы і вакол яе ў двары дома № 18 па вуліцы Арлоўскага проста немагчыма. Шкада, сам двор утульны.
Шаноўныя землякі, вясна заклікае: навядзём парадак у сваім агульным доме!
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара і Сяргея ВАРАНОВІЧА.