Прывітанне з Туманнага Альбіёна. Ляхавічанка Таццяна Свянцецкая зараз праходзіць навучанне ў Кенцкім універсітэце ў Вялікабрытаніі
Хтосьці днямі рашае тэсты па выбраных прадметах, хтосьці застаецца на дадатковыя заняткі ў школьных педагогаў, у кагосьці ўвесь тыдзень распісаны ў рэпетытара. Плён дбайнай падрыхтоўкі будзе ўзнагароджаны: у верасні першакурснікі зоймуць свае месцы ў аўдыторыях вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Студэнцкае жыццё засумаваць не дасць. А яшчэ падчас вучобы можна падарожнічаць і атрымліваць новыя веды. Так, ляхавічанка Таццяна Свянцецкая зараз праходзіць навучанне ў Кенцкім універсітэце ў Вялікабрытаніі.
Таццяна Свянцецкая навучаецца ў магістратуры гістарычнага факультэта БДУ. У Вялікабрытанію трапіла на стажыроўку на адзін семестр. У БДУ і ўніверсітэце Кента, дзе зараз стажыруецца дзяўчына, ёсць пагадненне аб супрацоўніцтве, і па гэтай дамове замежная ўстанова прымае ў сябе беларускіх студэнтаў.
Патрапіць на навучанне ў Вялікабрытанію было няпроста. БДУ арганізоўвае конкурс: студэнты падаюць дакументы аб паспяховасці, матывацыйнае пісьмо, складаюць сабе навучальную праграму, пацвярджаюць узровень мовы. На падставе ўсіх дакументаў адбіраюць прэтэндэнтаў. У гэтым годзе ўдача ўсміхнулася нашай зямлячцы Таццяне Свянцецкай.
Дарэчы, гэта не першы Таццянін вопыт вучобы за мяжой. На трэцім курсе дзяўчына вучылася ў Латвійскім універсітэце ў Рызе.
Як расказала Таццяна, сам Кенцкі ўніверсітэт – гэта кампус, дзе ў адным месцы размешчаны некалькі каледжаў, будынкаў як з жылымі памяшканнямі, так і з вучэбнымі класамі, бібліятэк а, спартыўны комплекс, магазіны, кафэ, кінатэатр, паркі. Усё гэта з відам на горад Кентэрберы і яго кафедральны сабор.
Арганізацыя навучальнага працэсу адрозніваецца ад беларускага.
– Тут я студэнт школы (раўназначна нашым факультэтам) паліталогіі і міжнародных адносін. У адрозненне ад беларускіх пар заняткі доўжацца 50 мінут. Яны такія інтэнсіўныя і інфарматыўныя, што даводзіцца яшчэ два разы па 50 мінут пасядзець у бібліятэцы над пераглядам слайдаў прэзентацыі і падручнікамі, – дзеліцца ўражаннямі Таццяна.
Адна з галоўных формаў праверкі засвоеных ведаў –эсэ. Выкладчыкі часта арганізоўваюць так званы office hours, каб абмеркаваць эсэ, даць каментарыі па тэме лекцый, калі штосьці не зразумела.
А калі студэнт прапусціў лекцыю, то яе запісваюць як падкаст (дыктафонны запіс), які потым можна спакойна праслухаць.
Ёсць тыдзень у семестры, які называецца independent study week, калі ў студэнтаў няма пар. У гэты час яны могуць «пераварыць» атрыманыя веды, пачытаць дадатковую літаратуру, паправіць канспекты або проста адпачыць.
Але, як прызнаецца наша зямлячка, навучанне ў замежнай краіне дае не толькі новыя веды, але і дазваляе акунуцца ў іншую культуру і яе адметнасці.
Так, напрыклад, яна да гэтага часу не навучылася пераходзіць дарогу, таму што ў Вялікабрытаніі левабаковы рух. Складана прывыкнуць і да адсутнасці змяшальнікаў на кранах: асобна цячэ халодная вада,асобна – гарачая.
Цікавы факт: нягледзячы на назву «Туманны Альбіён» дажджы тут ідуць не часцей, чым у роднай Беларусі.
Па сваёй малой радзіме дзяўчына вельмі сумуе,асабліва па бацьках, якія ва ўсім яе падтрымліваюць.
– Гэта класна, што ў беларускіх універсітэтах актыўна развіваюцца праграмы па абмене студэнтамі. Такі досвед бясцэнны, а перспектыва пабываць у іншай краіне,чамусьці павучыцца матывуе і дапамагае развівацца ў абранай спецыяльнасці.
Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота з архіва Таццяны СВЯНЦЕЦКАЙ.