Статус, які абавязвае
Як забяспечыць правы і інтарэсы дзяцей у неўладкаваных сем’ях, павысіць адказнасць бацькоў па выхаванні і ўтрыманні дочак і сыноў, абавязаць кампенсаваць расходы дзяржавы на іх – гэтыя і іншыя пытанні абмяркоўваліся на пасяджэнні райвыканкама, дзе разглядаўся ход рэалізацыі Дэкрэта № 18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неўладкаваных сем’ях». На парадку дня таксама значыліся стан і павышэнне эфектыўнасці ідэалагічнай работы ў арганізацыях раёна. У пасяджэнні прынялі ўдзел Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Андрэй Кунцэвіч, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Ірына Захарэвіч.
Адладжаны механізм
Больш за дзесяцігоддзе дзейнасці Дэкрэта №18 сфарміраваны механізм па выяўленні дзяцей, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным ста-новішчы і якім патрабуецца дзяржаўная абарона. Наладжана арганізацыя міжведамаснага ўзаемадзеяння па рабоце з неўладкаванымі сем’ямі і абавязанымі асобамі, адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч.
У раёне прафілактыка сямейнай неўладкаванасці і работа з абавязанымі асобамі знаходзяцца пад кантролем каардынацыйнага савета па рэалізацыі Дэкрэта № 18. Летась змяніўся механізм пры-знання дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і работа гэта пастаянна ўдасканальваецца. На пачатак года ў раёне на ўліку ў сацыяльна небяспечным становішчы стаялі 104 дзіцяці з 47 сем’яў, з іх амаль трэць складаюць дашкольнікі. На
1 сакавіка колькасць дзяцей у СНС зменшылася, і ў «статусе» застаюцца 95 хлопчыкаў і дзяўчынак з 43 сем’яў. Прычым 68 працэнтаў непаўналетніх прызнаюцца ў сацыяльна небяспечным становішчы паўторна.
У чым прычына? Алкагалізм бацькоў, скандалы, правапарушэнні і злачынствы, якія ўчыняюць падлеткі з-за адсутнасці належнага кантролю ў сям’і.
Намеснік старшыні райвыканкама звярнула ўвагу на тое, што для выпраўлення сітуацыі ў такіх сем’ях неабходна падключаць усіх суб’ектаў прафілактыкі. Станоўчы вопыт маецца ў ААТ «Ляхавіцкі льнозавод», «Жарабковічы», ТАА «Ажуруна».
Пастаноўка сям’і на ўлік – не пакаранне, а дапамога, якую гатовы аказаць навучальныя ўстановы, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, медыкі, міліцыя і іншыя. Прафілактыка заключаецца ў тым, каб звярнуць увагу на праблемную сям’ю як мага раней і своечасова аказаць падтрымку. У 2019 годзе актывізавалася работа па першасным выяўленні неўладкаваных сем’яў. У аддзел паступіла 161 паведамленне пра факты сямейнай неўладкаванасці (у 2018 – 84) у адносінах 340 дзяцей. Па выніках сацыяльнага расследавання 30 сем’яў, у якіх выхоўваюцца 68 дзяцей, пастаўлены на спецыяльны ўлік – такі аператыўны вынік міжведамаснага ўзаемадзеяння.
Летась сямі дзецям з пяці сем’яў спатрэбілася дзяржаўная абарона, што амаль у два разы менш, чым у 2018 годзе.
Вярнуліся ў біялагічныя сем’і шэсць дзяцей. Пазбаўлены бацькоўскіх правоў у мінулым годзе восем бацькоў у адносінах да васьмі дзяцей.
На наркалагічным уліку з сацыяльна небяспечнай катэгорыяй знаходзіцца 51 бацька, 27 з іх – на дыспансерным. З усімі праводзіцца лячэбна-прафілактычная работа.
«Абавязаны» кантроль
Адным з паказчыкаў эфектыўнасці рэалізацыі Дэкрэта
з’яўляецца кампенсацыя бацькамі сродкаў дзяржаве за знаходжанне на забеспячэнні іх дзяцей у поўным аб’ёме. На 1 сакавіка ў аддзеле па адукацыі райвыканкама статус абавязаных маюць 79 бацькоў, якія вінаваты 93 сынам і дочкам. Працэнт кампенсацыі складае 63,7 (у 2018 годзе – 57,5 працэнта). Сітуацыя ўскладняецца тым, што многія бацькі пражываюць за межамі раёна і краіны.
У аддзеле прымусовага выканання Ляхавіцкага раёна на пачатак года на ўліку стаяць 62 абавязаныя асобы, і з іх толькі дзевяць у поўным аб’ёме фінансуюць утрыманне сваіх дзяцей, 14 – кампенсуюць запазычанасць за папярэдні перыяд. Паказчык вяртання па выканаўчых вытворчасцях склаў 75 працэнтаў.
Абавязаным асобам працоўнае месца забяспечана і з імі заключаецца працоўны дагавор на нявызначаны тэрмін. Летась па накіраванні службы занятасці з такой катэгорыі працаўладкаваны 14 чалавек. Для таго, каб павялічыць працэнт кампенсацыі, абавязаныя пераўладкоўваюцца на новае месца працы, прыцягваюцца да выканання працоўных абавязкаў у выхадныя дні і звыш устаноўленай працягласці працадня. У КСУП «Ліпнянка», напрыклад, на рахунку абавязанай асобы 38 прагулаў. Ад яўкі на працоўнае месца ў раёне ўхіліліся 47 чалавек. Колькасць прагулаў у 2019 годзе склала 769 дзён, што на 155 дзён менш, чым у 2018 годзе. Гэта, адпаведна, павысіла працэнт адпрацоўкі прагулаў да 30,4. Сельгасарганізацыі і прадпрыемствы прымаюць дзейсныя меры па змяншэнні пропускаў працадзён і адпрацоўцы прагулаў абавязанымі. Строгі кантроль наладжаны ў ААТ «Жарабковічы», «Шлях новы», «Ляхавіцкі льнозавод».
У мінулым годзе абавязаныя асобы за ўчыненне прагулаў прыцягваліся да адмі-ністрацыйнай адказнасці 142 разы. Асноўныя прычыны невыканання працоўных абавязкаў – ужыванне спіртных напіткаў ці адсутнасць па месцы жыхарства. У лячэбна-працоўныя прафі-
лакторыі ў раёне асуджана летась сем абавязаных асоб, накіравана пакуль пяць. Узбу-джана сем крымінальных спраў у адносінах тых, хто вырашыў арганізаваць сабе 10-дзённы і большы «адпачынак».
Намесніка Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Андрэя Кунцэвіча цікавіла, як будуецца работа з абавязанымі асобамі, якія знаходзяцца за межамі раёна, вобласці, засяроджваў увагу і на іншых пытаннях.
Старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі падкрэсліў, што важная роля ў «выхаванні» абавязаных бацькоў адводзіцца кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый. У кожнага дзіцяці павінна быць шчаслівае дзяцінства, каб побач знаходзіліся любячыя тата і мама. Кіраўнік раёна ўказаў сельвыканкамам на неабходнасць праяўляць большую актыўнасць у рабоце з абавязанымі асобамі, падключаць назіральныя камісіі.
У ходзе пасяджэння райвыканкама былі разгледжаны і іншыя пытанні, па ўсіх прыняты адпаведныя рашэнні.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.