І на рыштаваннях, і ў парламенце. Маладым усюды ў нас дарога. Гэта выказванне па праву можна аднесці і да 21-гадовага ляхавічаніна
Маладым усюды ў нас дарога. Гэта выказванне па праву можна аднесці і да нашага 21-гадовага земляка Мікіты Дыдышкі (на здымку).
У чэрвені 2018 года атрымаў дыплом Навагрудскага дзяржаўнага аграрнага каледжа (вучыўся па спецыяльнасці «прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва»). Па размеркаванні прыехаў на першае працоўнае месца ў ПМК-13. Лічы, вярнуўся на сваю малую радзіму – родам з Крывошына.
– Мне падабалася будаўнічая прафесія. Гэта так захапляльна, калі з адной цаглінкі, у тым ліку і дзякуючы тваім намаганням, неўзабаве ўзвышаецца вялікі шматпавярховы дом, – адзначае Мікіта Дыдышка.
У ПМК-13 Мікіту назначалі майстрам. Свой першы аб’ект, як адзначае юнак, запомніць на ўсё жыццё – шматкватэрны дом па завулку Фестывальным у Ляхавічах.
– Спачатку было цяжка. Не ў плане непасрэдна будаўніцтва, а ў тым, што адказваеш не толькі за сябе, але і за сваіх падначаленых, за іх бяспеку, якасць і хуткасць работы. Вельмі ўдзячны за навуку, дапамогу і падтрымку вопытным калегам. Мой настаўнік у будаўніцтве – прараб Валерый Бацечка, які цяпер на заслужаным адпачынку. Ён даў мне сапраўдны майстар-клас у прафесіі, – гаворыць малады будаўнік і падкрэслівае, што нягле-дзячы на тое, што ў камандзе ў асноўным усе за яго старэйшыя, але агульную мову атрымалася знайсці з кожным.
На пытатанне, як усё паспявае, юнак, не задумваючыся, з уласцівым яму аптымізмам адказвае:
– Малады, энергія б’е ключом і патрабуе рэалізацыі, хочацца ўсё паспрабаваць, усё паспець, тым больш, вакол столькі цікавага.
І Мікіта паспявае, прычым паспяхова. Упэўнены, для далейшага прафесійнага росту неабходна не толькі практыка, але і папаўненне багажу ведаў, таму мэтанакіравана атрымлівае вышэйшую адукацыю: завочна вучыцца ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце на будаўнічым факультэце, зараз ён студэнт другога курса.
Не толькі вучоба займае вольны час нашага земляка. Яшчэ ў школе Мікіта стаў членам Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Нездарма менавіта Мікіце Дыдышку маладыя будаўнікі даверылі права прадстаўляць свае інтарэсы ў раённым Маладзёжным парламенце.
Разам з такімі ж апантанымі землякамі ён удзельнічаў у афармленні фотазоны каля кінатэатра «Кастрычнік» напярэдадні навагодніх святаў. А яшчэ, як і іншыя члены Маладзёжнага парламента, дэманстраваў вакальныя здольнасці падчас навагодняга агеньчыка ў гарадскім парку адпачынку, які арганізавалі Маладзёжны парламент і БРСМ.
– Вельмі важна знайсці сябе і сваё прызванне. Менавіта таму я выбраў адну з самых мірных прафесій на свеце – будаўнік, – гаворыць Мікіта Дыдышка.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.