То ў гарачыню, то ў холад
Аляксандр Навумчык – механізатар ААТ «Жарабковічы». Веданне аднаго гэтага факта скажа пра многае, дасць даволі дакладнае ўяўленне пра рэжым, месца і від яго цяперашняй работы. Таму ў расшыфроўцы будзем нешматслоўнымі: з васьмі раніцы да прыкладна той жа па ліку вячэрняй гадзіны; сельскагаспадарчы палетак; сяўба ранніх яравых. «Халастых» хвілін у графіку не значыцца, таму для гутаркі мы скарысталіся вытворчымі абставінамі.
«Піт-стоп» быў абумоўлены неабходнасцю запраўкі глебаапрацоўчага агрэгата насеннем. Між іншым, працэдура таксама дастаткова рэдкая: пад аўтамабіль-насеннезапраўшчык трактар становіцца два-тры разы на працягу ўсёй працоўнай змены. Па словах кіраўніка вытворчага участка Дзмітрыя Дыдышкі, арыфметыка тут простая: пры, як у нашым выпадку, норме высеву, роўнай 240 кілаграмаў на гектар, адной поўнай загрузкі бункера дастаткова, каб засеяць прыкладна 10 гектараў поля. Памятаем пры гэтым, што за працоўную змену наш канкрэтны АПП здольны апрацаваць каля двух дзясяткаў гектараў пасяўнога палетка.
На пытанне аб асаблівасцях, адметных адрозненнях сёлетняй яравой кампаніі Аляксандр Навумчык рэагуе адразу:
– Пасяўная як пасяўная. То печку ў кабіне трактара даводзіцца ўключаць, то кандыцыянер.
І гэтыя словы можна экстрапаліраваць на цяперашнюю вясну. Апошні тыдзень і больш тэмпература паветра за акном на працягу сутак скача ад істотнага мінуса да сур’ёзнага плюса.
Як растлумачыў сітуацыю Дзмітрый Дыдышка, мала таго, што прымаразкі некалькі тармозяць тэмпы работ, замаруджваюць прарастанне зярнят, яны яшчэ і выціскаюць з глебы вільгаць. А яна для росту раслін што гаючы бальзам для раны. Тым больш, у сітуацыі яе і без таго сёлетняга дэфіцыту.
Словы спецыяліста знаходзяць відавочнае пацвярджэнне: за прыгоркам спачатку з’яўляюцца воблакі пылу, і толькі ў наступнае імгненне становіцца бачным верхні контур трактара-сейбіта.
Дакладнае месца падзеі вядома як Бярозавая горка. Гэта пасяўныя шлошчы ААТ «Жарабковічы», яго пяты вытворчы ўчастак «Тальмінавічы». Сеялі ячмень, з аўсом справіліся задоўга да таго. Пазней будуць зернебабовыя. У больш позняй перспектыве – сяўба кукурузы, якой на ўчастку адказнасці Дзмітрыя Дыдышкі будзе ў межах шасці соцень гектараў. Для кукурузы пакуль яшчэ не вясна.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.