Камунальны адказ. На пытанні чытачоў адказваў дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ»
Ацяпленне і якасць пітной вады, добраўпарадкаванне гарадскіх вуліц і прыдамавых тэрыторый, капітальны
рамонт і будаўніцтва – толькі частка таго, што знаходзіцца ў полі дзейнасці камунальнікаў. На пытанні чытачоў раёнкі падчас прамой тэлефоннай лініі «ЛВ» адказваў дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Чайкоўскі.
– Добры дзень, мяне цікавіць, якія адрасы ў райцэнтры сёлета чакаюць капітальнага рамонту.
Святлана Леанідаўна, г. Ляхавічы.
– Работы па рамонце жыллёвага фонду камунгас праводзіць згодна распрацаванага графіка, зацверджанага рашэннем райвыканкама. У гэтым годзе капітальны рамонт з мадэрнізацыяй чакае жылы дом № 12 па вуліцы Чкалава, капітальны рамонт – дом № 21 па вуліцы Чкалава, капітальны рамонт без уводу жылой плошчы – дом № 5 па завулку Южакова.
– Андрэй Антонавіч, скажыце, чаму прыбралі кантэйнеры для збору смецця каля праваслаўных могілак у Ляхавічах. Хутка Вялікдзень, Радаўніца – людзі пачнуць прыбіраць могілкі. Куды ім выкідваць смецце?
Наталля Міхайлаўна, г. Ляхавічы.
– Хачу вас запэўніць, што на тэрыторыі ўсіх могілак – і ў райцэнтры, і ў сельскай мясцовасці – устаноўлены кантэйнерныя пляцоўкі для вывазу смецця. Ёсць такая і каля праваслаўных могілак у Ляхавічах. Па факце запаўнення кантэйнераў смецце вывозіцца. На жаль, каля кантэйнераў людзі часта ўтвараюць сапраўдныя звалкі. Адна з іх традыцыйна «кватаравалася» па вуліцы Леніна пры ўездзе ў горад. Жыхары шматпавярховак з вуліц Інтэрнацыянальнай і Леніна зносілі туды ўсю непатрэбшчыну. Кожную раніцу камунгасаўцы вывозілі смецце з кантэйнераў, прыбіралі накіданае побач. На наступны дзень такі непрыгожы сюжэт зноў паўтараўся. Кантэйнеры пераставілі, але смецце па-ранейшаму скідалі сюды. Камунальнікі звярталіся да насельніцтва з заклікам захоўваць чысціню, інфармавалі пра новае месцазнаходжанне кантэйнераў. Давялося ўстанавіць фотапасткі, каб да парушальнікаў чысціні прыняць меры адміністрацыйнага характару.
– Змяніўся графік збору смецця. Так, у вёску Набярэжная спецыялізаваны аўтамабіль прыязджае раз у месяц. Чаму адбыліся такія змены, і ці не плануецца павялічыць колькасць рэйсаў у нашу вёску? Іван, в.Набярэжная.
– Указам Прэзідэнта Бела-русі № 535 ад 31.12.2015 г. «Аб прадастаўленні жыллёва-камунальных паслуг» унесены пэўныя змяненні ў пералік асноўных ЖКП. Паслуга па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі з’яўляецца асноўнай, значыць, павінна абавязкова аказвацца насельніцтву. Сёлета ў студзе-
ні райвыканкам правёў працэдуру адкрытага конкурсу на аказанне паслуг па абыходжанні з ЦКА. Пераможцам стала КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». Паміж райвыканкамам і камунгасам заключаны дагавор на перыяд з 24 студзеня па канец года, згодна якому Ляхавіцкая ЖКГ аказвае паслугі па абыходжанні з ЦКА для спажыўцоў адпаведна з нарматывамі і па распрацаваным графіку. Рашэннем райвыканкама, у сувязі з аптымізацыяй маршрутаў збору ЦБА, былі ўнесены пэўныя змяненні ў раней існуючую схему. Яны датычацца і вёскі Набярэжная, дзе збор цвёрдых бытавых адходаў ажыццяўляецца адзін раз у месяц. Згодна дагавора, у выпадку выяўлення заказчыкам неабходнасці вывазу ЦКА па-за графіка, выканаўца аказвае такога кшталту паслугі па заяўцы.
– Зіма выдалася цёплай. Горача было і ў кватэрах. Напрыклад, у нашым доме пакаёвая тэмпература звычайна дасягала 26, а то і
27 градусаў са знакам плюс. Навошта мне пераплачваць за такія тэмпературныя нязручнасці?Ірына Васільеўна, г. Ляхавічы.
– Вашу сітуацыю растлумачу так. Існуе палажэнне аб парадку пераразліку платы за асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі ў выпадку іх неаказання ці аказання з недахопамі, а таксама пера-разліку платы за перыяд перапынкаў у іх аказанні. Што тычыцца вашага пытання, то пры тэмпературы паветра ў жылым памяшканні вышэй за 24 градусы на працягу больш сутак па заяве спажыўца цеп-лавой энергіі праводзіцца пераразлік платы за паслугу ацяплення. Ірына Васільеўна, для пераразліку платы за ЖКП звярніцеся ў абаненцкі аддзел КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» (вуліца Южакова 19, кабінет № 6).
– Заказаў паслугу «ачыстка каналізацыі», аплаціў яе. Прыехалі праз тры дні, але зрабілі толькі палову работы. Вадзіцель вельмі груба размаўляў. Чаму так?
Сяргей Пабягайла, в. Вялікая Лотва.
– Адразу пасля вашага звароту на прамую лінію пачалі разбірацца ў сітуацыі. Работы па адпампоўванні каналізацыі выкананы ў поўным аб’ёме згодна платнай заяўцы. Праведзена і разбіральніцтва наконт зняважлівых адносін работніка камунгаса, які аказваў паслугу. Факт не пацвердзіўся.
– Жыву ў доме № 8 па вуліцы Южакова ў райцэнтры. Мая бяда ад галубоў, якія забрудзілі балкон, і ён вось-вось абваліцца. Ці можаце чым дапамагчы?
Валянціна Сцебакова,г. Ляхавічы.
– Камунгас заказаў абследаванне стану балкона ў ТАА «ЭкспертПраектЦэнтр». Па выніках заключэння будуць прыняты меры рэагавання. Што тычыцца галубоў, то прадпрымаем меры па абмежаванні доступу птушак на балкон.
– Каля гарадской крынічкі нядаўна ўстанавілі масток. Чуў, што там плануюцца і іншыя крокі па добраўпарадкаванні. Можаце расказаць больш канкрэтна? Міхаіл Віктаравіч, г. Ляхавічы.
– Прыемна, што землякі заўважаюць гарадскія змяненні ад камунальнікаў. Тэрыторыю вакол крынічкі будзе не пазнаць. Тут з’явяцца купель з хаткай, арачны мост праз водаадводны канал, пляцоўка з дробнаштучнай пліткі за ім. Таксама добраўпарад-куем аўтастаянку і ўстановім альтанку. Спадзяёмся, што гэта месца стане любімым не толькі для ляхавічан, але і для гасцей горада.
– Нам падарылі шчаня. Чуў, што сабак пэўнай пароды трэба рэгістраваць у камунгасе. Інакш – пагражае штраф. Як быць у нашай сітуацыі?Максім, г. Ляхавічы.
– Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 834
ад 4.06.2001 г. зацверджаны правілы ўтрымання дамашніх сабак, катоў, а таксама адлову безнаглядных жывёл у населеных пунктах. Згодна пастановы, сабак і катоў неабходна рэгістраваць на працягу трох дзён з моманту іх набыцця ва ўзросце ад трох да трох з паловай месяцаў.
Рэгістрацыя сабак патэнцыяльна небяспечных парод адбываецца толькі пры наяўнасці ў гаспадара даведкі аб праходжанні спецыяльнага навучання. Пры рэгістрацыі чатырохлапых гадаванцаў, іх уладальнікам выдаецца пасведчанне і жэтон устаноўленага ўзору, які павінен быць прымацаваны да ашыйніка. Расходы па рэгістрацыі жывёлы аплачваюцца іх гаспадарамі ў памерах, устаноўленых аблвыканкамамі. За парушэнне парадку рэгістрацыі прадугледжана адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам.
– Якія змяненні чакаюць зону адпачынку на рацэ Ведзьма ў райцэнтры? Пытанне ад «ЛВ».
– Хачу адзначыць, што за апошні час зона адпачынку на рацэ Ведзьма ў Ляхавічах істотна змянілася. З кожным годам яна становіцца ўсё больш уладкаванай. Вось і ў гэтым годзе яе чакаюць прыемныя пераўтварэнні. Будуць уладкаваны пешаходная дарожка з дробна-штучнай пліткі ад шлагбаўма да зоны адпачынку, а таксама пляцоўка з лавачкамі. З’явіцца і пляцоўка з альтанкай, добраўпарадкуецца і абновіцца аўтастаянка. І, канешне, як заўжды, камунгасам будзе арганізавана прыбіранне зоны адпачынку. Хачу звярнуцца да адпачываючых: давайце будзем паважаць працу іншых і не пакідаць пасля сябе смецце. Адпачынак павінен быць прыгожым і ўзаемаветлівым.
– Дзякуй за слушныя адказы.
На прамой лініі працавала Галіна КАНЬКО.