Гарантыя адпачынку. Наколькі задавальняюць ляхавічан умовы для адпачынку на гарадскім пляжы райцэнтра – тэма чарговага апытання «ЛВ»

Плітка да плітачкі … і неўзабаве каменнай шэрай стужкай расцелецца на шляху да гарадскога пляжу добраўпарадкаваная дарожка. Яе віртуозна, а яшчэ хутка і якасна ўкладваюць   
дарожныя рабочыя Аляксей Уласень і Ігар Сліва (на здымку).

Калі скласці рэйтынг самых папулярных у ляхавічан месцаў адпачынку ў цёплы перыяд года, бясспрэчна, калі не на першым месцы, то абавязкова ўвойдзе ў тройку пераможцаў зона адпачынку на рацэ Ведзьма. Прычым аднолькава яна запатрабавана сярод дзяцей і дарослых. Прывабнасць тутэйшых мясцін падкрэсліваюць і госці нашага ўтульнага горада. За апошнія гады зона адпачынку істотна памяняла сваё аблічча. На пастаяннай аснове праводзіцца ачыстка ракі, уладкаваны пешаходныя дарожкі, аўтастаянка для транспарту. На пляжы – усё для зручнасці адпачываючых: лавачкі, раздзявальні, туалеты, пляцоўкі для гульнявых відаў спорту. Да купальнага сезона прыбярэжная тэрыторыя традыцыйна абнаўляецца. Рамантуюцца, пры неабходнасці мяняюцца лавачкі і «грыбкі», іншыя аб’екты, падсыпаецца чысты пясок. Не забыліся і пра бяспеку – паспяхова дзейнічае станцыя АСВОДа. Акрамя таго, устаноўлены стэнды, дзе размяшчаецца інфармацыя пра правілы паводзін на і каля вады, пра дазвол ці забарону купання, нагадваюцца тэлефоны экстранных службаў і інш. У абавязковым парадку – штодзённае прыбіранне, а па меры напаўняльнасці кантэйнераў – вываз смецця. Прычым што ні год, то якая небудзь навінка тут абавязкова з’яўляецца. Пра гэта клапоціцца КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», на чыім балансе знаходзяцца тры афіцыйныя зоны адпачынку ў нашым раёне: на рацэ Ведзьма ў горадзе, на рацэ Шчара ў аграгарадку Дарава і на вадаёме ў дзіцячым летніку «Чайка».

Міхаіл Сокал:
– На ляхавіцкім пляжы летам я адпачываю штогод. Адзначу, што стала куды лепш, чым калісьці. У мінулым годзе да нас прыязджалі сваякі з Віцебшчыны, разам з імі прыходзілі на пляж. Госці сказалі, што ў Ляхавічах на пляжы вельмі ўтульна і людзі тут культурныя. Дарэчы, добра, што зрабілі непадалёку аўтастаянку –
гэта зручна для тых, хто прыязджае на адпачынак на сваім транспарце.

Тамара Міхайлаўна:
– На лета нам звычайна прывозяць унукаў. Два гады назад упершыню прывялі іх сюды пакупацца, пазагараць. З таго часу пачалося штодня: «Бабуля, пайшлі на рэчку». І сапраўды, як толькі дазваляе надвор’е, абавязкова спяшаліся на пляж, дзецям тут раздолле. І мяне ўсё задавальняе: дагледжаная тэрыторыя, трава выкашана, бераг падсыпаны жоўтым пяском, кабінкі і лавачкі – усё ёсць. Важна, што побач выратавальнікі, якія ўважліва сочаць, каб адпачываючыя правільна сябе паводзілі на вадзе, аказваюць і медыцынскую дапамогу. Мінулым летам бачыла, як хлопчык упаў і пашкодзіў калена, дык дзяжурны матрос яму хутка апрацаваў ранку.

Сяргей Плескацэвіч:
– Што тычыцца Ведзьмы, то купаюся тут з дзяцінства. Цяпер акваторыя чыстая, ёсць мосцік. Добры сюрпрыз камунальнікі падрыхтавалі летась: устанавілі валейбольную сетку, набылі мяч. Так што з сябрамі, такімі ж аматарамі актыўнага адпачынку, неаднойчы гулялі ў валейбол, няхай і ў фармаце міні. Чаго не хапае? Вулічнага гандлю ў выглядзе невялікага халадзільніка, дзе захоўваецца марожанае і розныя безалкагольныя напіткі. У гарачыню – самае тое, бо не кожны з сабой прынясе халодненькую ваду.

Ірына Каваленка:
– Калі летась убачыла ў інтэрнэце фотаздымкі плаваючага фантана на нашай Ведзьме, мякка кажучы, здзівілася: няўжо гэта ў родных Ляхавічах? Такі сюрпрыз спадабаўся. Асабліва прыгожа вечарам, калі фантан зіхаціць агеньчыкамі. І, канешне, суперзадума: устанавіць літары «Я люблю Ляхавічы» на беразе супрацьлеглым зоне адпачынку. Гэта месца стала любімай фотазонай. Больш бы такіх навінак.

Таццяна Паўлаўна:
– Каторы дзень запар назіраю, як нешта зноў робіцца па дарозе на гарадскі пляж. Напэўна, аматарам адпачынку ля вады трэба рыхтавацца да чарговага падарунка ад камунальнікаў. І гэта здорава! Аднак, мяне непакоіць наступнае. Іншы раз даводзілася прыходзіць на гарадскі пляж вечарам, пасля работы. Дык вось – там столькі смецця. Няўжо цяжка выкінуць рэшткі пікнікоў, раскіданыя пластмасавыя бутэлькі ў спецыяльныя кантэйнеры? Такую культуру, дакладней, яе адсутнасць, яскрава дэманструюць некаторыя адпачываючыя. А як жа павага да іншых, і да працы, якую штодзённа выконваюць работнікі камунгаса, якія прыбіраюцца на гарадской зоне адпачынку.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.