Толькі б не было вайны. 11 красавіка – Міжнародны дзень вызвалення вязняў нацысцкіх канцлагераў

Фота з архіва «ЛВ»

З вёскай Малое Гарадзішча пазнаёмілася пару гадоў назад, калі пісала пра кропку на карце раёна. Тады мясцовы бібліятэкар Валянціна Карповіч першай, да каго павяла ў госці, была Яўгенія Кудзін. Спадабалася і яе філасофія, і погляд на жыццё, нават, так сказаць, адметная стыльнасць і мова. Моцная жанчына – гэта пра яе. На лёс аднаго чалавека выпала столькі выпрабаванняў, што хапіла б на раман у некалькіх тамах.

– Ніколі не забуду! Тое, што перажылі на вайне мы, дзеці, не змог сцерці і час. Вайну ведаю з першых яе дзён і да апошняга – самага радаснага – пераможнага. Зведала прыгнёт і страх, голад і холад. Не дай Бог, каб такое бачылі нашы дзеці,– каторы раз вымаўляе Яўгенія Кудзін.
У верасні яна адзначыць прыгожы 90-гадовы юбілей. Аптымістка па натуры, не падае духам і радуецца кожнаму дню. Вясна – любімая пара года маёй суразмоўцы.
Памяць учэпіста трымае моманты, калі дзяцінства скончылася і пачалася барацьба за выжыванне.
Лета 1941 года. Мама, тата, браты і сёстры – шчаслівая сямёрка. Жэня пасля чацвёртага класа пакавала рэчы ў піянерлагер. Вайна ўнесла ў планы карэктывы. Змянілася ўсё. Бацьку забралі на фронт. Бамбёжка, самалёты з крыжамі, танкі, салдаты , якія размаўляюць на чужой мове і настаўляюць на цябе зброю, – такім быў свет навокал. Яшчэ цяжэй стала, калі арыштавалі маму як жонку камуніста, актыўнага партыйца,
расказвае Яўгенія Пятроўна. На руках 10-гадовай дзяўчынкі засталіся браты і сёстры, а малодшай з іх было толькі два з паловай гады… Напачатку 1943 года сям’ю разам з іншымі пагрузілі ў цягнік і адправілі, як аказалася пазней, у Слуцкі канцэнтрацыйны лагер. Жэня старалася не плакаць, трымацца і дапамагаць маме з малымі. Высокая і тоненькая, яна была самая вёрткая. Менавіта ёй, рызыкуючы жыццём, удавалася падлезці пад калючы дрот і выкапаць на полі бурак ці моркву. У казармах, праз якія дзьмуў вецер, не было ні печкі, ні анучы, каб заткнуць дзіркі. Вартавыя сачылі пільна, маглі выстраліць у любы момант…
– Усё жыццё помню, як было страшна і вельмі хацелася есці, –
з хваляваннем расказвае Яўгенія Кудзін. З тых часоў для яе самыя галоўныя прадукты – соль і хлеб.
У засценках сям’я прабыла цэлы год. Пасля аказаліся ў Ляхавіцкім раёне, на Калёне – месцы пасялення палякаў каля Малога Гарадзішча. Солтысу было загадана адвезці іх у Калдычэўскі лагер смерці. Туды, дарэчы, адправілі яе цётку з дзецьмі. Мама каштоўнасці аддала солтысу, а ён за гэта адправіў іх у лес пад Шчэрбава. Там і знаходзіліся да канца вайны.
Перамога падарыла вызваленне. Вярнуўся з вайны тата. Вырашылі застацца ў Малым Гарадзішчы. Падмаскоўе засталося ж толькі ў дзіцячых успамінах.
Пасяліліся ў доміку разам з адной бабуляй. Бацька ўзначальваў цэглавы завод. Здавалася, вось яно – шчасце. Падраслі браты і сёстры, пайшлі вучыцца. Але лёс адмераў кароткі шлях іх бацькам.
– Разумееце, як цяжка хаваць бацькоў, а мне давялося развітвацца і з братамі, і з сёстрамі, – з болем працягвае расказ Яўгенія Пятроўна.
Жыццё не песціла яе. Рана аўдавела, але зноў не апусціла рукі. Працавала, за выдатную працу ў гандлі атрымлівала падзякі і ўзнагароды.
Дзеці – дачка Ала і сын Віктар – выраслі людзьмі дастойнымі, зараз яны падтрымка і дапамога маці. Моцна любяць бабулю пяцёра ўнукаў. Дачакалася і праўнукаў.
Яўгенія Пятроўна даводзіць жыццёвую ісціну пра тое, што трэба быць адзін да аднаго добрымі. Жыццё хуткаплыннае, і жыць варта без зайздрасці. А яшчэ Яўгенія Пятроўна вельмі любіць ружы – жоўтыя і белыя. Гаворыць, што яны асаблівыя, не такія, як іншыя. Дораць добры настрой і надзею на шчаслівае заўтра.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Маргарыты КУХТА.

У гады акупацыі тэрыторыю нашай краіны апутвала разгалінаваная сетка месцаў прымусовага ўтрымання людзей. Па існуючых даных, дзейнічала каля 200 лагераў, 166 гета і 68 турмаў.
Сёння ў Ляхавіцкім раёне пражывае 11 былых вязняў фашысцкіх канцлагераў. У кожнага з іх свой лёс, пакалечаны вайной.