У медыкаў свая гісторыя
Па 25 ложкаў у Ляхавічах і Крывошыне, 15 – у Востраве, урачэбныя амбулаторыі ў Мядзведзічах, Дараве, фельчарска-акушэрскія пункты ў Новых Будах і Сваятычах, 9 урачоў, 5 фельчараў, 4 акушэркі і 3 медсястры. Менавіта такой была ахова здароўя Ляхавіччыны напачатку 1940 года. 80 гадоў назад пачалася слаўная гісторыя ляхавіцкай медыцыны.
Пасля вызвалення
Адразу пасля вызвалення раёна ад фашыстаў пачалося медыцынскае аднаўленне і пашырэнне. Стала працаваць амбулаторыя з дзіцячай і жаночай кансультацыямі, адкрыліся венерычны пункт, санітарна-эпідэміялагічная станцыя, баль-
ніца ў Вошкаўцах, псіхіятрычная бальніца і амбулаторыя ў Крыво-
шыне, амбулаторыя ў Мядзведзічах, пачалі прымаць пацыентаў ФАПы ў Востраве, Жарабковічах, Сваятычах, Тальмінавічах, Ціткаўшчыне.
Першым галоўным урачом бальніцы была прызначана
Марыя Кавецкая. Значны ўклад у развіццё аховы здароўя Ляхавіччыны ўнеслі яе паслядоўнікі Міхаіл Шнек, Уладзімір Кучарэнка, Уладзімір Залманёнак. Медыкі з вялікай літары – гэта і пра Алену Кашырыну, Валянціну Кандыбовіч, Таццяну Астапаву, Валянціна Лобана, Аляксандра Стаскевіча, Таццяну Ходар і інш.
Паступова павялічвалася і колькасць медустаноў: да канца 50-х гадоў мінулага стагоддзя толькі ФАПаў было 15. У практыку ўвайшлі ўчастковы прынцып абслугоўвання, дыспансернае назіранне за грамадзянамі з хранічнымі хваробамі, патранаж за цяжарнымі, дзецьмі ранняга ўзросту, дапамога анкалагічным пацыентам.
Магчымасці пашыраюцца
1959 год адзначыўся вялікім бальнічным наваселлем. Пасля рэканструкцыі будынка былога касцёла тут раскватараваліся тэрапеўтычнае і хірургічнае аддзяленні, аперацыйная, рэнт-генкабінет. Побач па ўсім перыметры міні-бальнічнага гарадка ў драўляных пабудовах размясціліся дзіцячае, радзільнае, інфекцыйнае аддзяленні, хуткая дапамога, харчаблок. Даступнасці аказання стацыянарнай меддапамогі садзейнічаў і рост колькасці ложкаў ва ўстановах аховы здароўя. Напачатку 1960 года ў горадзе адначасова пацыентаў маглі прыняць на 125 ложках, у 1967 годзе – на 175.
З канца 50-х да канца 60-х гадоў амаль у два разы павялічылася колькасць урачоў і сярэдніх медыцынскіх работнікаў. Хуткімі
тэмпамі развівалася аператыў-ная хірургія. Калі ў 50-я гады выконвалася за год 60-70 аперацый, то ў 1966 годзе – 295, у 1969-м – 674. Нельга перааца-ніць той уклад, які ўнеслі ў развіццё хірургіі таленавітыя землякі: заслужаны ўрач БССР Мікалай Кнак і выдатнік аховы здароўя Яўгеній Папроцкі.
У 1966 годзе адкрылася паліклініка на 250 наведванняў у змену. Тут, акрамя ўрачэбных кабінетаў, знаходзіліся біяхімічная лабараторыя, рэнтгенафлюара-графічны кабінет, дзіцячая кансультацыя. Актыўна развівалася і пашыралася сетка сельскіх устаноў аховы здароўя, на пачатак 1970 года былі чатыры участковыя бальніцы і 21 ФАП.
У авангардзе лячэння землякоў былі лепшыя з лепшых: Сяргей Пятліцкі, Веніямін Парадзіеў, заслужаны ўрач БССР Надзея
Каленчыц, Аляксандр Хілько, Клаўдзія Клімашэўская, Сафія Васілевіч, Ганна Гурыновіч, Расціслаў Магер і многія іншыя.
Новы будынак райбальніцы, як гаворыцца, узводзілі ўсім светам. Канешне, асноўнае – будаўнічыя арганізацыі. Але дапамагалі і ляхавічане: дарослыя, школьнікі шчыравалі на суботніках. Будаў-
ніцтва бальнічнага гарадка завершана ў 1987 годзе, магутнасць бальніцы павялічылася да 320 ложкаў. Рэанімацыйнае і фізіятэрапеўтычнае аддзяленні, аперацыйны блок, эндаскапічны кабінет – навінкі, якія далучыліся да ранейшых падраздзяленняў. Паўсюдна ўстаноўлена самае сучаснае на той час, абсталяванне. Такой установай аховы здароўя мог пахваліцца не кожны райцэнтр.
Новы век і чарговыя медыцынскія новабудоўлі і адкрыцці. Камфортны будынак атрымала Крывошынская ўчастковая бальніца, рэканструкцыя зроблена ў рэанімацыйным аддзяленні і аперацыйным блоку ЦРБ, шматлікія рамонтныя работы і ўстаноўка сучаснай медыцынскай апаратуры закранулі ФАПы – толькі частка змяненняў. У 2013 годзе пасля рэканструкцыі адчыніла дзверы для наведвальнікаў паліклініка, разлічаная на 420 наведванняў у змену.
Важкае слова ў развіццё аховы здароўя напрыканцы мінулага –
пачатку гэтага стагоддзя ўнеслі Сяргей Сяржантаў, Сяргей Бяляеў, Аляксей Новік, Станіслаў і Ларыса Папко, Яраслаў Лойчыц, Аляксандр Саракавік, Ірына Рыжакова, Юрый Саланенка.
Напрыканцы 1989 года ва ўстановах аховы здароўя Ляхавіччыны шчыравалі 81 урач і 278 прадстаўнікоў сярэдняга медыцынскага персаналу.
Людзі ў белых халатах
Ляхавіччыне шанцавала і шанцуе на высакакласных урачоў, медсясцёр, фельчараў, лабарантаў. Сярод іх ёсць і тыя, у каго ў працоўнай кніжцы толькі адзін запіс: «Прыняты на работу ў Ляхавіцкую райбальніцу». Гэта пра ўрачоў Леаніда Лапіча, Святлану Ціпко, Барыса Жукава, Валерыя Саланенку, Ніну Таранда, Кацярыну і Міхаіла Куляшовых, Людмілу Шкруць, Таццяну і Аляксандра Літвіненкаў, Васілія і Наталлю Гарбачовых, Інэсу Драздовіч, Аляксандра Шэйко, прадстаўнікоў сярэдняга медыцынскага персаналу Тамару Бурвель, Ганну Папко, Алу Туркіну, Валянціну Касцюкевіч і іншых.
Паспяховую работу ўстаноў аховы здароўя раёна забяспечвалі ў розныя гады галоўныя ўрачы – Сяргей Сяржантаў, Уладзімір Усцюжкоў. Цяпер іх эстафету пераняў і годна нясе ганаровае званне ўрача – Георгій Хлябовіч. ЦРБ – зладжаная і дружная каманда.
Міхаіл КУЛЯШОЎ, намеснік галоўнага ўрача ЦРБ.