У суботу лепшыя сейбіты Ляхавіцкага раёна атрымалі цёплыя віншаванні

На сельскагаспадарчых прасторах вясны становіцца ўсё больш. І, адпаведна, – усё менш пакуль яшчэ не засеяных палеткаў. Этап ранніх яравых ужо можна і трэба ўзгадваць у разрэзе мінулага часу. А яшчэ – у прывязцы да канкрэтных лічбаў – дзе, колькі і чаго зроблена. А самае галоўнае – кім?! Хто тыя рупліўцы палёў, пасяўныя намаганні якіх месцамі паспелі ўжо прарасці. Матэрыялізаваліся ў выглядзе пакуль яшчэ вельмі далікатных, незразумелых адценняў, ледзь-ледзь ад зямлі ўзыходаў.
У суботу асобныя лепшыя на раннім этапе работ сейбіты раёна атрымалі цёплыя віншаванні, пажаданні ўсяго-ўсяго і толькі найлепшага. Без адрыву ад вытворчасці: Віктару Кунцэвічу з ДП “Нача”, Івану Палуэктаву з “Жарабковіч”, Аляксандру Проньку і Аляксандра Маславу з “Шляху новага” начальнік райсельгасхарчу Анастасія Рабцэвіч і старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Ірына Чура віншаванні і ўзнагароды “прывезлі” у поле. Максім Цонік з райаграсэрвісу, па яго словах, “учора зламаўся”, таму на кароткі час яго полем стала рамонтна-механічная майстэрня.

Іван КАВАЛЕНКА, фота аўтара.