Падзячныя пісьмы на адрас палявой пошты

На сельскагаспадарчых прасторах вясны становіцца ўсё больш. І, адпаведна, усё менш незасеяных палеткаў. Этап ранніх яравых ужо можна ўзгадваць у разрэзе мінулага часу і ў прывязцы да канкрэтных лічбаў: дзе, колькі, чаго і як зроблена. Але самае галоўнае – кім. Днямі асобныя лепшыя на раннім этапе работ сейбіты раёна атрымалі цёплыя віншаванні, што называецца, без адрыву ад вытворчасці. Узнагароды хлебаробам першы намеснік старшыні райвыканкама Анастасія Рабцэвіч, старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Ірына Чура і старшыня раённага аграпрамысловага саюза Мікалай Тарлюк «прывезлі» непасрэдна ў поле.

Начальнік райсельгасхарчу Анастасія Рабцэвіч, механізатар Аляксандр Маслаў, старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Ірына Чура і выконваючы абавязкі дырэктара ААТ «Шлях новы» Яўгеній Бондар.

Агульны для дваіх «Шлях»

У ходзе бягучай яравой кампаніі ў ранг  лаўрэатаў трапілі два працаўнікі ААТ «Шлях новы». Падзячнае пісьмо раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК уручана механізатару Аляксандру Маславу. Зараз Аляксандр Мікалаевіч заняты на работах па падрыхтоўцы глебы. Але ў «гаражы» хлебароба чакаюць свайго часу прэс-падборшчык-абмотчык і раскідвальнік угнаенняў, прычэп для перавозкі грузаў і плугі.

Аляксандр Пронька


Аляксандра Проньку мы таксама заспелі на яравым палетку. І таксама на работах па падрыхтоўцы плошчаў пад будучую сяўбу. За дзень апрацаваць атрымліваецца пару дзясяткаў гектараў зямлі. З завяршэннем яравой вахты ён, звычайна, навешвае на свой МТЗ касілку, і працоўныя будні набываюць «зялёнае» адценне. Яго праца ацэнена Падзякай раённага аграпрамысловага саюза. З невялікім грашовым бонусам, як і ва ўсіх іншых выпадках.

Адзін з сэрвісмэнаў

Максім Цонік.

З Максімам Цонікам з Ляхавіцкага райаграсэрвіса мы сёлета ўжо віталіся. Пару тыдняў назад на адным з яравых палеткаў прадпрыемства падчас «піт-стопа» для запраўкі агрэгата насеннем малады механізатар гаварыў пра адметнасці надвор’я, імкненне як мага хутчэй завяршыць з раннімі зерневымі.
Падзяка раённага аграпрамысловага саюза застала героя сяўбы ў рамонтна-механічнай майстэрні.
– Учора зламаўся трактар. Пасля завяршэння разборкі вузла будуць праведзены дэфектоўка, замена зношаных дэталяў на новыя, рэгуліроўка-наладка – і зноў  у поле, – коратка абазначыў перспектыву Максім.

Усё бліжэй  да «Жарабковіч»

Механізатар-сейбіт  Іван Палуэктаў з ААТ «Жарабковічы» ўсе дні-тыдні веснавой палявой кампаніі правёў у полі ў якасці машыніста пасяўнога агрэгата АПП-6 «Бярэсце». Папрацаваў якасна і паспеў зрабіць вельмі многае. Гэта стала асноўнай нагодай быць адзначаным Падзячным пісьмом раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК.

Чарговая вікторыя Віктара

Віктар Кунцэвіч.

Адным з адрасоў стаў палетак  ДП «Нача». Магутнага класа «Беларус», што, падымаючы воблакі пылу, паважліва рухаўся па яравым палетку, з’яўляўся кропкай прыцягнення. Дакладней, яго гаспадар Віктар Кунцэвіч. У той дзень ён працягваў працаваць з гарохам. А да гэтага былі многія гектары ранніх зерневых, сяўбу якіх «Нача» правяла на высокім агратэхнічным узроўні. І ў многім такі расклад атрымаўся, дзякуючы старанням сейбіта Кунцэвіча. Узнагародай Віктару Мікалаевічу стала Падзячнае пісьмо Брэсцкага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК.

Матэрыялы старонкі падрыхтаваў Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.