На вакацыі ў… Эрмітаж. Як праводзяць вольны час на канікулах хлопчыкі і дзяўчынкі?

За парты школьнікі павінны былі сесці яшчэ 6 красавіка, але вірус «падоўжыў» школьныя канікулы на два тыдні. Як праводзяць вольны час хлопчыкі і дзяўчынкі?

– Стараюся радзей выходзіць на вуліцу, з сябрамі цяпер лепш пагутарыць у сацсетках: адправіць галасавое паведамленне або відэа, – гаворыць васьмікласніца СШ № 2 Аляксандра Мацкевіч.

Вольны час, па словах дзяўчынкі, яна стараецца  выкарыстоўваць максімальна карысна: назапасіўся вялікі спіс кніг, якія цяпер з задавальненнем чытае, паглыбілася ў вывучэнне англійскай мовы. А яшчэ ўвасобіла ў жыццё даўнюю мару: пачала маляваць.

Працуе гэтым часам Ляхавіцкі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

– Усе педагогі на месцах, гурткі працуюць у штатным рэжыме. Зараз рабят стала менш, але калі дзіця прыйдзе на занятак, з ім абавязкова пазаймаюцца. Мы сочым за самаадчуваннем педагогаў і выхаванцаў, на  першым месцы гігіена: старанна мыем і апрацоўваем рукі, праводзім вільготнае прыбіранне і апрацоўку класаў і калідораў, – расказала дырэктар ЦДАДіМ Людміла Юнік.

Для тых, хто вырашыў застацца дома, таксама падрыхтавалі нешта цікавае. На сайце цэнтра з’явілася ўкладка «Дома – не сумуй!». Аднаго кліку па ёй дастаткова, каб апынуцца на віртуальнай экскурсіі ў Эрмітажы, амстэрдамскім Музеі Ван Гога, Луўры і многіх іншых.

Прышкольныя лагеры працавалі толькі тыдзень. На астатні перыяд канікулаў дзеці вырашылі застацца дома, паведамілі ў аддзеле па адукацыі райвыканкама.

Пакуль школьныя вакацыі падоўжаны да 18 красавіка. Адзін з варыянтаў далейшага развіцця падзей – пераход школ на аддаленае навучанне. Падрыхтоўку да такога сцэнарыя аддзел па адукацыі райвыканкама вядзе даўно.

– Мы тэсціруем розныя платформы, з дапамогай якіх можна арганізаваць аддаленае навучанне дзяцей са школ горада і раёна. Аб выніках гэтай працы казаць яшчэ рана. Усе рашэнні адносна ўвядзення такой формы навучання прымаюцца цэнтралізавана на ўзроўні Міністэрства адукацыі, – расказала начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Якубоўская.

Ужо зараз падрабязную інфармацыю можна знайсці на сайце аддзела па адукацыі райвыканкама. У раздзеле «аддаленае навучанне» ёсць памяткі для настаўнікаў па арганізацыі і падтрымцы самаадукацыі навучэнцаў на аддаленай форме навучання. Таксама тут сабраны спасылкі на інтэрнэт-рэсурсы, платформы і сэрвісы з карыснай інфармацыяй для настаўнікаў і навучэнцаў.

Ірына КУЗЬМІЧ.