Паркоўкі для жалезнага сябра. У Ляхавічах з’явіліся незвычайныя стойкі для веласіпедаў
З кожным днём у Ляхавічах з’яўляецца ўсё больш кропак, якія не толькі ўпрыгожваюць горад, але і будуць карысныя жыхарам райцэнтра. На гэты раз падарунак атрымалі велааматары.
Многія, напэўна, заўважылі незвычайныя стойкі для веласіпедаў, якія з’явіліся каля кінатэатра «Кастрычнік», у парку па вуліцы Дзесюкевіча і каля аддзялення дзённага знаходжання для пажылых людзей ТЦСАН. Цяпер веласіпедысты тут могуць камфортна прыпаркаваць сваіх жалезных сяброў – чарговы крэатыў ад нашых камунальнікаў.
– Мы бачылі ў розных гарадах варыянты афармлення веластоек. Захацелася зрабіць нешта арыгінальнае і функцыянальнае і для нашых землякоў. Спадзяёмся, іх будуць з задавальненнем выкарыстоўваць па прызначэнні, – гаворыць начальнік участка добраўпарадкавання камунгаса Уладзімір Несцяровіч.
У кожнай стойцы можа размясціцца чатыры веласіпеды. У бліжэйшых планах камунальнікаў мадэрнізаваць стойкі: для большага камфорту веласіпедыстаў кожная з іх будзе абсталявана помпай.
Ірына КУЗЬМІЧ.