Урок, на які хочацца вярнуцца

Чым адрозніваецца прафесія педагога ад іншых? Мусіць, тым, што пра вынікі яго працы памятае вялікая колькасць людзей. І варта толькі назваць прозвішча, адразу ўзгадваюць ледзьве не ўсю біяграфію любімага настаўніка. Колішняга дырэктара школы Людмілу Пяткевіч у навасёлкаўскіх каардынатах ведаюць як цудоўнага чалавека і выдатнага педагога.
У 1959 годзе выпускніцу Брэсцкага педінстытута размеркавалі ў Пранчакоўскую школу, якая тады размяшчалася ў вялікім памешчыцкім доме ў Каранеўшчыне. Праз нейкі час была пабудавана школа ў Навасёлках, і гісторыя ўстановы адукацыі прадоўжылася па новым адрасе.

Ініцыятыўная і энергічная настаўніца біялогіі і хіміі выдатна зарэкамендавала сябе, і ў хуткім часе ёй ужо даверылі адказваць за вучэбную работу. Пасада намесніка дырэктара патрабавала шмат часу і сіл, і Людміла Іосіфаўна цалкам аддавалася рабоце – па-іншаму не ўмела. Дадому калі пешшу, калі веласіпедам круціла тры кіламетры, але ўрокі вяла так, каб у школьнікаў заставалася жаданне вярнуцца і абмеркаваць. На прышкольным участку знаходзілася месца больш як чатыром сотням відаў раслін, якія выпісвалі адкуль толькі можна. Самі вырошчвалі расаду, выводзілі новыя сарты. У раёне вопытны ўчастак лічыўся ўзорным. Можа таму шмат яе вучняў выбралі прафесію менавіта з біялагічным ухілам і працягваюць справу педагога, які выхаваў інтарэс да навукі аб жывой прыродзе.
З амаль чатырох дзесяцігоддзяў педагагічнага шляху 10 гадоў Людміла Іосіфаўна ўзначальвала ўстанову адукацыі.
– Пранчакоўская школа стала першым і адзіным месцам маёй працы. І гэта шчаслівы час. Люблю сваю прафесію, дзяцей, вельмі ўдзячна калегам, з якімі мы крочылі разам, былі аднадумцамі. Калектыў школьны – бы адна сям’я. Вучылі рабят і вучыліся самі, абменьваліся вопытам з іншымі ўстановамі, – дзеліцца Людміла Пяткевіч.


Пра школу, якая стала яе жыццём, можа расказваць бясконца. Як на лінейцы адзначалі лепшых вучняў, дапамагалі мясцовай гаспадарцы ва ўборцы ўраджаю, а яна пасля аказвала падтрымку ў арганізацыі экскурсій рабятам і ва ўмацаванні матэрыяльнай базы ўстановы адукацыі; як садзілі разам дрэвы, і сёння яны ўжо з вышыні паглядаюць на наваколле…
Захопленасць педагогікай Людміла Іосіфаўна перадала свайму сыну і дачцэ: Мікалай, як і мама, настаўнік біялогіі і хіміі тут жа, у Пранчакоўскай школе, Іна стала выхавальнікам. Нявестка Наталля – таксама педагог.
Жыццярадасная і добразычлівая, нястомная і шчырая, нераўнадушная і вельмі інтэлігентная – такая Людміла Пяткевіч і сёння. Яе простае, але натхняльнае «добры дзень, дзеці!» з удзячнасцю ўспамінаюць многія мясцовыя школьнікі.
Гэтымі днямі Людміла Іосіфаўна адзначыла прыгожы юбілей. Далучаемся да ўсіх шчырых віншаванняў!

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота з архіва Навасёлкаўскай СШ.