Не восень, і работ больш, чым восем


Механізатар ЗАТ «Белпрампрыбор» Сяргей Шустал

І падчас рэспубліканскага суботніка большасць аграрыяў застанецца на сваіх штатных працоўных месцах – вал веснавых палявых работ працягваецца. Сярод такіх будзе і механізатар ЗАТ «Белпрампрыбор» Сяргей Шустал.

Сельскагаспадарчая вясна шматгранная, што брыльянт.
І, па стане на апошні красавіцкі тыдзень, «аграншчыкі» гэтага каштоўнага каменя зрабілі ўжо вельмі і вельмі нямала. Сяўбу ранніх яравых культур аграрыі раёна завяршылі «ўчора», а сёння мы ўжо можам назіраць шырокія палеткі маладых, падаючых ураджайныя надзеі ўзыходаў аўса, ячменю, пшаніцы. Лён пасеяны поўнасцю, цукровыя буракі – напалавіну. Стартавалі работы на бульбяным (які адрозні-ваецца сціпласцю плошчаў і будзе размяшчацца ва ўгоддзях толькі дзвюх гаспадарак раёна) і кукурузным палетках. Апошні непараўнальна большы – складзе 7500 гектараў і ахопіць усе сельгаспрадпрыемствы Ляхавіччыны. ААТ «Шлях новы» і «Жарабковічы» адвялі пад расліну 2200 і 1900 гектараў поля адпаведна, «Ліпнянка» – 1000, райаграсэрвіс – 700, «Белпрампрыбор» – 600 з плюсам і далей з паніжэннем.

Памочнік агранома ЗАТ «Белпрампрыбор» Святлана Кудзін,
механізатар Андрэй Арлоўскі.


У свой «камандзіровачны» ў  «Белпрампрыбор» дзень трапіць на месца, дзе б вялася сяўба кукурузы, не атрымалася: разышліся шляхі. Затое паглядзелі на азімыя і яравыя зерневыя, пахадзілі па шматгадовай траве. Адсачылі працэс унясення арганікі і вядзення ворыўных работ на плошчах, прызначаных пад пасеў іменна кукурузы. Папярэднюю арыенціроўку, дзе, што, колькі і ў чыім выкананні, даў галоўны аграном Віктар Канецпольскі. Плячо ранніх яравых у гаспадарцы склала каля трох соцень гектараў: ячмень, авёс, аднагадовыя травы, зернебабовыя.
– У тым ліку пасеялі 20 гектараў гароху. Будзе на корм, застанецца і на насенне, – запэўнівае спецыяліст.
У працяг сказанага гучаць словы рэспекту ў адрас Івана Дзянішчыка – механізатара, які ў адзіночку выцягнуў увесь ранне-пасяўны воз гаспадаркі.
Белая «Раса» працавала на аддаленым кардоне. Лёгкая, хуткая, вёрткая машына пад кіраваннем Андрэя Арлоўскага адзін за другім адлічвала кругі па сціпла-зялёным палетку. Падкормка сенакосаў і пашы тукамі з’яўляецца для аграрыяў абавязковым рытуалам на даным адрэзку часу. Пакуль шматгадовыя ажылі не надта, а азот якраз-такі прызваны паскорыць гэты працэс.
– Яшчэ б цяпла, але сапраўдным бальзамам для палеткаў – азімых, яравых, «зялёных», любых – стаў бы дождж, – марыць Віктар Канецпольскі.
Сяўба кукурузы выйшла зараз у лік сельскагаспадарчых прыярытэтаў. Культура, па словах спецыяліста, ва ўсіх сэнсах любіць цёплыя да сябе адносіны. У тым ліку патрабуе «штатнай» запраўкі і якаснай падрыхтоўкі глебы мінудабрэннямі, арганікай. На ўнясенні апошняга інгрэдыента ўрадлівасці ў той дзень і раней у «Белпрампрыборы» было задзейнічана звяно ў складзе трох адзінак спецыялізаванай тэхнікі. Амкадораўскім пагрузчыкам кіраваў Дзмітрый Усакоўскі, раскідвальнікамі ўгнаення – Мікалай Вярбіла і Міхаіл Зубік, сустракацца з якім даводзілася неаднойчы і на розных сельскагаспадарчых вахтах. Многае ў гэтым плане ў гаспадарцы было зроблена яшчэ з восені, пэўны аб’ём работ застаўся на цяпер.
Пад кукурузу ў «Белпрампрыборы», па словах галоўнага раслінавода арганізацыі, мэтава назапашана пад 20 тысяч тон арганікі. Асноўная яе маса ўжо ў полі – заворана. Першыя гектары пад кукурузай, але і аратаму Сяргею Шусталу ёсць дзе разгарнуцца са сваімі МТЗ-3022 і шматкорпусным плугам. Работа ідзе спорна, у рамках тэхналогіі, настрой аптымістычны. У «Белпрампрыборы» Сяргей працуе
трэці год. Як – цікавімся ў галоў-нага агранома.
– Каб усе так! Зараз з плугамі, у сезон можа працаваць з прэс-падборшчыкам-абмотчыкам, на камбайне па нарыхтоўцы зялёнай падкормкі, іншых работах, – ахарактарызаваў падначаленага Віктар Канецпольскі.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.