Флер’янова. Літаратурныя чытанні. Калісьці тут віравала культурнае жыццё. І вось праз стагоддзе зноў музыка, вершы, пленэр… З пачынам! /фота/

Сонечныя промні расквечваюць кроны разгалістых дрэў. Над наваколлем лунае музыка. Прагульваюцца дамы ў шыкоўных уборах. Дзверы сядзібнага дома ў Флер’янове шырока расчынены – гасцей сустракае сам Тадэвуш Бохвіц, побач з ім Эліза Ажэшка. У маёнтку ладзіцца прыём…

У былой сядзібе Бохвіцаў 18 чэрвеня 2016 года сышліся мінулае і сучаснае: тут адбыліся першыя “Флер’яноўскія чытанні”. З пачынам!

Пра гэта неаднойчы гаварыў кіраўнік раёна Вячаслаў Сельмановіч. Пра гэта марыла, пісала раёнка, зноў і зноў вярталася да тэмы ў шматлікіх публікацыях, а пасаджаная па ініцыятыве ”Ляхавіцкага весніка” дуброва ля ажэшкінскага дрэва падрасла-паднялася, апранулася ў лісце.

Навокал панавала ўрачыстая, творчая і вельмі ўтульная атмасфера. Пэўна, як і больш стагоддзя назад,  калі польская пісьменніца Эліза Ажэшка, улюбёная ў тутэйшыя мясціны, шчыра запрашала сюды сваіх сяброў. Так яна пісала рэдактару “Тыднёвіка мод і аповесцей” Люцыне Катарбінскай: “Я на лета зноў выбіраюся да Фларыянава. Вёска прыгожая, здаровая, Бохвіцаў палюбіла, гэта людзі бязмежна добрыя і мілыя. I ведаеш, што прыйшло мне на думку. Можа, і вы выбраліся б туды на нейкія тыдні вылежвання. Весялосці асаблівай там няма, але паветра цудоўнае, сад прыгожы, дрэвы раскошныя, купальня ў рэчцы …” У летнім пансіянаце, які арганізоўвала жонка Тадэвуша Бохвіца Браніслава Цывінская, адпачывалі і лаўрэат Нобелеўскай прэміі пісьменнік Уладзіслаў Рэймант з жонкай Аўрэліяй, прафесар Варшаўскага універсітэта Генрых Нусбаум, літаратары, артысты і іншыя вядомыя асобы таго часу. Літаратурныя чытанні, завадатаркай якіх была Эліза Ажэшка, падабаліся ўсім гасцям і сталі тутэйшай традыцыяй.

Вельмі сімвалічна, што сённяшнія (больш як праз стагоддзе пасля тых) першыя “Флер’яноўскія чытанні”, прымеркаваныя да 175-годдзя з дня нараджэння Элізы Ажэшка і ініцыяваныя цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай, аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, прайшлі ў Год культуры.

Да гасцей свята звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень, якая нагадала, што 21 красавіка 2011 года, калі да ажэшкінскага векавога дуба дабавіліся дрэўцы, пасаджаныя па ініцыятыве “ЛВ”, лічыцца днём нараджэння новай дубровы.

Ганаровы госць свята – наш зямляк пісьменнік, дырэктар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Алесь Бадак падарыў раённай бібліятэцы кнігі пра Ляхавічы і Ляхавіцкую зямлю ўласнага аўтарства.

– Вельмі добра, што “Чытанні” праводзяцца не ў горадзе і закрытым памяшканні, а на жывой зямлі. Менавіта так можна адчуць дух гісторыі. Здорава, што тут перакрыжоўваюцца розныя эпохі. Калі свята захаваецца, атрымае развіццё, калі сюды будзе прыходзіць моладзь, школьнікі, гэта стане самым лепшым для іх урокам гісторыі, культуры, сямейнага выхавання, захоплена адзначыў Алесь Бадак, які парадаваў прысутных і чытаннем уласных вершаў.

Падчас тэатралізаванага прадстаўлення гучалі паэтычныя творы і песні, у тым ліку і на словы нашых землякоў. Скарысталіся магчымасцю пазнаёміць землякоў са сваёй творчасцю мясцовыя аматары

паэзіі – Валянціна Пабягайла, Іван  Трысцень, Уладзімір Лаўрэнаў.

У ролі артыстаў вельмі арганічна “ўжыліся” работнікі бібліятэк раёна, што вельмі адказна і досыць прафесійна падышлі да падрыхтоўкі сустрэчы: сачынялі сцэнарый, шылі касцюмы па модзе пачатку XX стагоддзя, гатавалі стравы беларускай кухні.  З любоўю падабраны рэпертуар прывезлі на свята калектывы мастацкай самадзейнасці.

Звінела і плыло свята над вёскай. Аматары кніг цікавіліся выставай бібліятэкі пад адкрытым небам “Каралева высокага слова”, дзе работнікі купалаўкі прадставілі творы Элізы Ажэшка, літаратурную карту Ляхавіччыны з кнігамі нашых землякоў. Хлопчыкам і дзяўчынкам даспадобы прыйшліся конкурсы і віктарыны на веданне герояў казак і апавяданняў. Яркія, прыгожа і арыгінальна аформленыя кнігі для дзяцей на беларускай і рускай мовах прадставіла на выставе-продажы выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Дэсант юных мастакоў са студыі “Апалон” высадзіўся ля сцен сядзібнага дома, каб на мове фарбаў перадаць свае ўражанні ад тутэйшых краявідаў. Сталы са стравамі нацыянальнай кухні ламаліся ад ўсялякіх прысмакаў, якімі гаспадыні-бібліятэкаркі ад душы ўсіх частавалі. Увагу прыцягвала выстава-продаж вырабаў майстроў народнай творчасці. Выдатным напамінам пра першыя “Флер’яноўскія чытанні” будуць магніцікі з выявай прыгожага гістарычнага мястэчка (пастараліся супрацоўнікі купалаўкі), якія асабліва актыўна набывалі дзеці.

Некаторыя нашы землякі прама на свяце сталі чытачамі Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь. Такая магчымасць з’явілася, дзякуючы супрацоўнікам гэтай установы, для якіх выязныя выстаўкі – справа звычайная. Яны прывезлі на свята не толькі выданні з фонду старадрукарскіх і рэдкіх кніг, якія датычаць нашага раёна, але і іншыя фаліянты. Іх можна было патрымаць у руках, пагартаць старонкі, зазірнуць у далёкае мінулае. Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Ала Пенда адзначыла, што гэта не музейныя экзэмпляры – кніга павінна быць у руках людзей. Супрацоўнікаў Прэзідэнцкай бібліятэкі вельмі зацікавіла асоба Тадэвуша Бохвіца, які займаўся журналістыкай і калекцыянаваў часопісы з усяго свету. Вярнуць усю калекцыю немагчыма, але сучасныя тэхналогіі дазваляюць аднавіць хаця б яе частку. Адзін з праектаў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь па вяртанні замкавых і сядзібных бібліятэк якраз і накіраваны на тое, каб гэта культурная спадчына не была страчана.

Загадчык аддзела старадрука і рэдкіх выданняў Валерый Герасімаў перадаў цэнтральнай раённай бібліятэцы кампакт-дыск “Старажытныя Ляхавічы ў энцыклапедычных і даведачных выданнях” – бясцэнны матэрыял для гісторыкаў і краязнаўцаў.

Фінальны акорд свята – белыя галубы над маёнткам як сімвал міру, святла і надзеі, а яшчэ спадзявання на новую сустрэчу ў Флер’янове.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Супрацоўнікі Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь дэманстравалі выданні з фондаў установы.

Алесь Бадак (другі злева) ля ажэшкінскага дуба з мясцовымі паэтамі.

Юныя «апалонаўцы» ў творчым натхненні.

Бібліятэкары раёна на час свята «ўжыліся» ў ролю дам мінулага стагоддзя.

Алесь Бадак

Валянціна Пабягайла

Іван Трысцень

Уладзімір Лаўрэнаў

У вобразе Тадэвуша Бохвіца і Элізы Ажэшка – Сяргей Багдановіч і Ларыса Глеб.

Загадчык аддзела старадрука і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь Валерый Герасімаў

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *