Увесь свет у тваіх руках

Толькі на канікулах можна дазволіць сабе займацца любімай справай бязмежна шмат часу, напрыклад, чытаннем. Кнігі – верныя спадарожнікі і дарадцы, выхоўваюць духоўна і маральна. Вельмі важна, каб у кніжным доме заўсёды была добрая атмасфера, спакойная і па-хатняму ўтульная, як у нашай дзіцячай бібліятэцы. Акрамя кніг, на стэлажах і паліцах тут размяшчаецца мноства прыгожых рэчаў, створаных сваімі рукамі. І гэта ёй надзвычай пасуе. Пры бібліятэцы дзейнічае лялечны тэатр, дзе супрацоўнікі чытальні прыдумваюць персанажаў і ставяць спектаклі.

Наталля Багдановіч, Галіна Шыпіла, Міхаіл Бурчыц, Рыма Прытульчык – лепшыя сябры кніг і юных чытачоў. Дарэчы, летам колькасць наведвальнікаў бібліятэкі не меншае. Дзеці, акрамя рэкамендаванай настаўнікамі літаратуры, вельмі любяць прыгодніцкую і ў жанры фэнтэзі. Самых актыўных чытачоў бібліятэкары вылучаюць сярод астатніх і памятаюць нават школу, клас і якім кнігам тыя аддаюць перавагу. Гімназістка Паліна Татарыновіч любіць старыя кнігі. Бібліятэкар Галіна Шыпіла падзялілася, што, чым старэй кніга, тым большую цікавасць яна ўяўляе для дзяўчынкі. Ілья Грышкевіч з СШ № 1
заўсёды набірае стос дэтэктываў і прыгодніцкіх твораў. Сястрычкі Насця і Маша Ткачэнкі з гэтай жа школы зачытваюцца прыгодніцкай літаратурай.
Бібліятэкары – адданыя прыхільнікі слова і кнігі, шчыра радуюцца ўсім, хто да іх прыходзіць, шчодрыя на парады, праводзяць пазнавальныя і займальныя віктарыны, гульні. На працягу года раз у тыдзень прыносяць кнігі ў школы першакласнікам, наведваюць у прышкольным лагеры са святочнай прапановай ”Вясёлае лета з добрымі кнігамі”, гульнявымі праграмамі, віктарынамі.
–Усе мерапрыемствы накіраваны на прапаганду кнігі, – расказвае Наталля Багдановіч, якая выконвае абавязкі загадчыцы бібліятэкі. – Галоўная наша мэта – далучыць дзяцей да чытання.
Пры бібліятэцы на базе СШ № 2 і гімназіі дзейнічаюць  клубы па інтарэсах: ”Хачу ўсё ведаць”, ”Чамучкі”, ”Нашчадкі”.
Некалькі тыдняў назад правялі мультымедыйную прэзентацыю ”Рознакаляровыя гісторыі па казках Уладзіміра Суцеева” з лялечным спектаклем ”Мех яблыкаў”. А яшчэ дзіцячая бібліятэка абвясціла конкурс ”Гаворачая вокладка”. Чытачам 7-10 гадоў прапанавалі намаляваць вокладку да любой казкі дзіцячага пісьменніка. Конкурс будзе доўжыцца да 20 жніўня.
У наш час можна зайсці ў інтэрнэт і прачытаць электронную кнігу, але друкаваная па-ранейшаму застаецца любімай і папулярнай. Калі ты бярэш у рукі том, адчуваеш шамаценне старонак, ахоплівае невымоўнае пачуццё, успамінаюцца старыя добрыя казкі Андэрсэна, братоў Грым…
Мне вельмі хацелася б, каб юныя чытачы пранеслі кнігу праз усё жыццё і каб яна дапамагала ім.
Ірына ШЛОЙДА,
студэнтка Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта
імя Пушкіна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *