Гэта мы зрабілі! На Ляхавіччыне пасуботнічалі /фота/

На пытанне, што для вас суботнік, і зямляк-ветэран, і юная ляхавічанка адказалі амаль слова ў слова: справа гонару, традыцыя, магчымасць адчуць сваё актыўнае дачыненне да вельмі карыснага, прыгожага, выніковага, патрэбнага дзеяння. Сапраўды, у ім, гэтым дзеянні, мы разам у добрым памкненні. Колькі ж канкрэтных ”суботнікаўскіх” адрасоў, так бы мовіць, дакладных каардынат нашай нераўнадушнасці, у пэўнай ступені дабрачыннасці ўжо ўтварылі геаграфію практычнага саўдзелу ў справах на карысць (не бойцеся гучных слоў!) агульную – краіны  і кожнай сям’і, кожнага чалавека.

Вось і субота, 22 красавіка 2017 года, дабавіла старонак у рукастваральны сюжэт, назва якога – суботнік. Ён адбыўся. Дружны, шматколькасны і чакана радасны. Так, часам трохі дажджыла, было ветрана, але, як кажуць, хто хоча працаваць – той працуе. На Ляхавіччыне больш за 8 з паловай тысяч чалавек прынялі ўдзел у рабочай ”чырвонай” субоце. Шмат пашчыравалі на добраўпарадкаванні горада і вёсак. ДРБУ № 200, напрыклад, наводзіла парадак абапал дарогі Ляхавічы-Грушаўка, а адна з брыгад ад Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа – у напрамку Каменкі. Лясгас убіраў аварыйныя дрэвы непадалёку ад аздараўленчага лагера ”Чайка”, дзе напярэдадні чысціню наводзілі работнікі аддзела адукацыі спорту і турызму райвыканкама. Прадпрыемства меліярацыйных сістэм знайшло куды прыкласці сілы: ля гарадской крынічкі і далей уздоўж ракі Ведзьма распраўляліся са смеццем і непатрэбнымі зараснікамі, а яшчэ рабілі генеральную ўборку на сваёй тэрыторыі і ля дамбы ў вёсцы Кулікі.
З 10 гадзін  раніцы 22 красавіка, як толькі закончыўся праліўны дождж,  літаральна на вачах пачала  абнаўляцца, добраўпарадкавацца і тэрыторыя паркавага  ансамбля  “Рэпіхава”. Педагогі і вучні Крывошынскай сярэдняй школы,  работнікі лячэбна-вытворчых майстэрняў, “Свяціцадрэў”, пажарныя-выратавальнікі Ліпскага ПАВП,  дэпутаты Крывошынскага сельсавета, у дапамогу ім – бензапілы, сякеры, граблі, лапаты, трактары, машыны.  Настрой, у адрозненне ад надвор’я,  быў радасны і бадзёры. Работы хапіла ўсім: спілоўвалі аварыйныя дрэвы, збіралі сушняк, ачышчалі тэрыторыю ад  смецця.
– Мы з аднакласнікамі часта прыходзім у парк прыбірацца. Але сёння асаблівая атмасфера: хоць і працуем, – а  нібы свята. Напэўна таму, што чысціню ствараем  разам, – гаворыць адзінаццацікласніца Крывошынскай СШ  Крысціна Кожыхава, якая разам з дзевяцікласніцай  Насцяй Свянтэцкай збіралі сухія галінкі. Усе радаваліся, што дзякуючы ў тым ліку і іх намаганням адзін з  прыгожых куточкаў Ляхавіччыны стане святлей і ўтульней.
– Хочам ператварыць  наша Рэпіхава  ў востраў чысціні, выграбаем “дабро”, якое за зіму тут назбіралася. Канешне, работы многа, але нічога, справімся, – задорна запэўніла  дэпутат  Крывошынскага сельсавета, стараста вёскі Заліпенне Валянціна  Дыдышка.
Кожны з удзельнікаў суботніка, у тым ліку і тыя, хто ў гэты дзень выходзіў на сваё працоўнае месца, можа з чыстым сумленнем сказаць: гэта мы зрабілі!
Вольга БАРАДЗІНА,
Святлана БЕЛЬМАЧ,
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *