Малако лішнім не бывае. Які ён, «малочны хлеб», «ЛВ» паглядзеў на прыкладзе падсобных гаспадарак Востраўскага сельсавета
У чарговую камандзіроўку «веснікаўцаў» паклікаў званок з вёскі Любейкі. Тутэйшы жыхар Канстанцін Дзянішчык запрасіў газетчыкаў пазнаёміцца з мясцовымі гаспадарамі, якія на ўласных падвор’ях трымаюць кароў, каб з першых вуснаў пачуць пра нялёгкі «малочны хлеб». Запрашэнне прынята, і вось рэдакцыйны аўтамабіль ужо імчыць па адрасе.
І малаказборшчык, і малаказдатчык
Георгій Рабцэвіч больш за 10 гадоў штодня, як толькі пачынае віднець, запрагае ўласнага каня, садзіцца ў воз – і ўперад па звыклым маршруце, які пралягае праз Востраў, Любейкі, Рагачы, Тухавічы, Забер’е, Заполле, Траццякоўцы, Кулікі. Трэба не абмінуць кожнага малаказдатчыка, а іх у Востраўскім сельсавеце 17: хто трымае адну, некаторыя, як, напрыклад, Аляксандр Гаўрыльчык – міні-ферму з 10 рагуль. У сярэднім ад кожнай з 57 кароў закуплена за 6 месяцаў гэтага года 1879 кілаграмаў малака (103 працэнты да аналагічнага леташняга перыяду).
Сабраць выстаўленае гаспадарамі малако, потым перадаць заводскаму малакавозу – да сваіх абавязкаў Георгій Пятровіч ставіцца вельмі адказна.
– Своечасовасць, акуратнасць – бадай галоўнае ў маёй рабоце. Калі ў халодную пару года трэба сабраць малако да 11-12 гадзін, то летам неабходна справіцца да 7 гадзін раніцы, каб у гарачыню сырадой не сапсаваўся, – расказвае Георгій Рабцэвіч.
Тлустасць прыватнага малака па Востраўскім сельсавеце зараз 3,4-3,5 працэнта – крыху ніжэй, чым было летась (3,8-3,9 працэнта). Малаказборшчык тлумачыць зніжэнне сёлетняга паказчыка спякотай і бездажджлівымі маем-чэрвенем. Прыгадвае, што апошнія некалькі гадоў колькасць кароў у прыватным статку стала змяншацца. І не толькі ў іх сельсавеце – паўсюдна. Калі Георгій Пятровіч толькі стаў малаказборшчыкам, у Востраве было каля сотні рагуль, цяпер 33. Тады ён збіраў штодня каля тоны толькі востраўскага малака, а цяпер 700-800 кілаграмаў па ўсім сельсавеце.
Дарэчы, Георгій Рабцэвіч не толькі нарыхтоўвае малако, але і здае яго. Разам з жонкай Святланай Міхайлаўнай трымаюць тры каровы.
– Не скажу, што лёгка, але спраўляемся. Прывыклі да работы, карова на падворку – гэта не толькі сваё малако, тварог, масла, але і дадатковы рубель у сямейны кашалёк. Дапамагае і «Востраў-Агра», выдзяляе сена, зерне для каня, на якім муж збірае малако. За кожную здадзеную ў КСУП цялушку сям’я атрымлівае дзве тоны сена, за бычка – паўтары тоны, – удакладняе Святлана Рабцэвіч.
Старшыня Востраўскага сельвыканкама Уладзімір Тадра сцвярджае, што пераважная большасць гаспадароў, якія трымаюць на ўласным падворку кароў – людзі сталага ўзросту. Хаця ёсць і больш маладыя. Напрыклад, жыхарка аграгарадка Востраў бухгалтар мясцовай гаспадаркі Алена Дзенік спачатку трымала адну карову, потым вырашыла завесці яшчэ адну рагулю. Зацікавілася прапановай ад праекта «Доўгая карова», і цяпер на яе падворку з’явілася яшчэ і племянная цялушка з фермерскай гаспадаркі «ЛагуЦін». Тухавіцкая чарга стала большай на дзве рагулі.
Увогуле, па сельсаветах раёна найбольшы плюс па колькасці кароў адзначаецца па Жарабковіцкім (25) і Навасёлкаўскім (10).
Майстар-клас ад Дзянішчыка
Уладзімір Тадра адзначае:
у Любейках на дзве сям’і Дзянішчыкаў прыходзіцца шэсць кароў. У Канстанціна і Марыны Дзянішчыкаў рагулін статак – гэта чорна-белыя прыгажуні Лялька, Малютка, Мілка і Лыска. Штодня яны даюць больш за 80 літраў малака.
– Нашы кароўкі малайчыны, надоі ад іх важкія. Канешне, прыходзіцца папрацаваць. Асноўную нагрузку бярэ на сябе муж, я дапамагаю. Доім апаратам па чарзе. Акрамя кароў, трымаем іншую жыўнасць – свіней, курэй, качак, каня Вераса. У нас звычайнае вясковае жыццё. Чатырохгадовая ўнучка Міланка прыязджае кожныя выхадныя, вельмі любіць свойскую жывёлу, усіх каровак ведае па мянушках, – дзеліцца гаспадыня.
Роўнымі стажкамі, прыкрытае брызентам, побач з сядзібай уладкавана сена. Дзянішчык ужо назапасіў пяць тон, астатняе плануе дабраць з асенняй атавы. Сена – асноўны стратэгічны прадукт зімняга меню для рагатага пагалоўя.
– Наўрад ці які гаспадар, хто трымае хаця б адну карову,
скажа, што лёгка. Але калі паспяваеш з адной-двумя рагулямі спраўляцца, то і з большай колькасцю зможаш. У нас цяпер чатыры каровы, раней было шэсць. Галоўнае – жаданне, сілы і дапамога. Нам з жонкай лепшы памочнік – даільны апарат. Працаваць прывыклі з дзяцінства, ды і ўсё робіцца для ўласнага дабрабыту: за 10 дзён на малочным бізнесе зарабляем 400 і больш рублёў. Дапамагаем дзецям, іх у нас трое, – расказвае Канстанцін Уладзіміравіч.
Прыватную малочную справу ён ведае добра, і не толькі таму, што займаецца ёю даўно, па прафесіі – заатэхнік, мае дыплом Ляхавіцкага саўгаса-тэхнікума. Доўгі час працаваў па спецыяльнасці ў гаспадарках Ляхавіцкага і Баранавіцкага раёнаў. Сочыць не толькі за тым, каб рагулі былі накормлены-напоены, але і своечасова атрымлівалі неабходную медыцынскую дапамогу, па графіку прышча-пляліся. У гэтым дапамагае ветэрынарная служба раёна.
Час абеду. У рагуліным меню на сёння – каша. Канстанцін Уладзіміравіч спяшаецца за сваім міні-статкам, які пасвіцца ў некалькіх дзясятках метраў на заліўных лугах. Убачыўшы гаспадара, першай спяшаецца да яго Лялька. За ёй пацягнуліся і астатнія.
Міні-ферма ў аграгарадку
Расказ пра развіццё прыватнай малочнай жывёла-гадоўлі ў Востраўскім сельсавеце будзе далёка не поўным, калі не ўспомніць пра сям’ю Гаўрыльчыкаў з аграгарадка Востраў. Гэта бадай адны з самых руплівых і на кароў багатых гаспадароў. Статак у Гаўрыльчыкаў – 10 высокаўдойных рагуль.
– Расклад у нашай сям’і звычайны вясковы. Пад’ём у пяць гадзін раніцы, снедаць садзімся пасля, спачатку памылі каровак, падаілі. І за новыя справы, іх хапае і зімой, і летам, – разважае Валянціна Гаўрыльчык.
Дома яна і гаспадыня, і даярка, і любячая, клапатлівая маці, бабуля, жонка. Работа і прафесія ў яе культурныя: Валянціна Гаўрыльчык – мастацкі кіраў-нік Востраўскага СДК, а яшчэ
хоць і самадзейная, але артыстка, выступае ў тэатральным калектыве «Вастраўчане». І на ўсё хапае часу. Па словах жанчыны, большую частку клопатаў па падсобнай гаспадарцы ўзяў на сябе муж. Частку кармоў Гаўрыльчыкі нарыхтоўваюць самі, напрыклад, садзяць многа бульбы. Штогод з падкормкай траў на пашы дапамагае ЗТАА «БелДан».
І гэта ўсяго некалькі прыкладаў. Безумоўна, працавітыя людзі, якія трымаюць падсобную гаспадарку, ёсць у кожным сельсавеце.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.
«Малочны» хлеб, як і ўвесь вясковы, нялёгкі. Гэта, пэўна, трэба мець моцныя карані, каб паспяваць з ранку да вечара.А яшчэ апантаным быць любімай справай. Добра, што такія жывуць у нашым раёне. З павагай стаўлюся да людзей працы, што не сядзяць на месцы, завіхаюцца, прыдумваюць. Мая суседка, напрыклад, не можа без свойскай жывёлы ў гаспадцы. Але ўзрост не дазваляе трымаць кароўку. Дык яна завяла коз. Возіцца з імі і , здаецца, маладзее ад гэтага.Унучаняты прыязджаюць на лета і яна для іх і сыр варыць, і малаком адпойвае.