Партнёрству лічба ў дапамогу. ХІІІ Беларускі міжнародны медыяфорум стаў пляцоўкай для абмену вопытам работы СМІ ва ўмовах развіцця высокіх тэхналогій

І зноў Мінск сабраў кіраўнікоў айчынных і замежных СМІ, навукоўцаў, сацыёлагаў, палітолагаў, вядомых журналістаў. ХІІІ Беларускі міжнародны медыяфорум “Партнёрства ў імя будучыні: лічбавы парадак дня для медыяпрасторы” абмяркоўваў тэму злабадзённую, актуальную, перспектыўную.

Прывітанне ўдзельнікам і гасцям форуму накіраваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. “Сучасная медыяпрастора не мае межаў, а лічбавыя тэхналогіі адкрылі шырокія магчымасці для творчасці і прадаставілі багаты выбар крыніц інфармацыі. Таму сёння журналісцкай супольнасці неабходна засяродзіць увагу на пытаннях захавання прафесійнай этыкі і нормаў маралі – такіх жа важных, як і свабоднае выказванне сваіх перакананняў”, – адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч падкрэсліў, што тэма размовы на форуме акрэслена наступным чынам: інтэрнэт-рэсурсы як эфектыўны інструмент фарміравання грамадскай думкі. «Журналістаў часта абвінавачваюць у спробах маніпуляваць грамадскай свядомасцю, у нас бачаць арганізатараў інфармацыйных войнаў. Можа, усё значна прасцей і журналісты ўсяго толькі шукаюць праўду, імкнуцца на словах выбудаваць дарогу ад рэальнай рэчаіснасці да ідэалаў жыццёвага ўладкавання? Але часта здараецца так, што слова становіцца каталізатарам, з’яўляецца грознай зброяй, страляе ў сэрца, душы, пранізвае свядомасць», – падкрэсліў Аляксандр Карлюкевіч. Ён сказаў, што 5 месяцаў назад Кіраўнік дзяржавы звярнуўся да журналістаў, што іх задача фарміраваць канструктыўную грамадскую думку праз своечасовую аб’ектыўную падачу матэрыялу. Міністр заклікаў спрачацца з разуменнем, з павагай усіх каштоўнасцей свабоднага дэмакратычнага грамадства.

У вялікай размове ўдзельнічалі прадстаўнікі амаль 30 краін – з Расіі, Кітая, Азербайджана, Арменіі, Бельгіі, Італіі, ЗША, Літвы, Манголіі, Сербіі, Украіны, Фінляндыі, Францыі, Эстоніі і інш.

“Мы падышлі да гэтага форуму з пункту гледжання ўзмацнення яго ролі як практыка-арыентаванай пляцоўкі, дзе людзі могуць атрымаць нейкія новыя веды, умацаваць свае кампетэнцыі і абмяняцца вопытам. Зразумела, што важныя стасункі, што неабходна фарміраваць і ўмацоўваць партнёрскія кантакты. Але самае галоўнае на сённяшні дзень – навучанне, абмен вопытам. Гэта важна перш за ўсё для беларускай журналістыкі, калі мы хочам быць у трэндзе”, – сказаў Павел Лёгкі.

Бясспрэчны факт: карыстальнікаў інтэрнэту становіцца ўсё больш. Такія маштабныя лічбы, пра якія гаварыў галоўны рэдактар “Комсомольской правды” Уладзімір Сунгоркін (сайт “КП” штодня наведвае каля чатырох мільёнаў чалавек) рэгіянальнаму выданню “не пагражаюць”. Аднак усе беларускія раённыя газеты, у тым ліку і “ЛВ”, маюць сваю электронную версію і адпаведна інтэрнэт-аўдыторыю. Плюс актыўная прысутнасць у сацыяльных сетках. Усё гэта істотна дапаўняе кола  падпісчыкаў друкаванага выдання і пашырае геаграфію запатрабаванасці і ўплыву на фарміраванне грамадскай думкі. Такім чынам раёнка выходзіць далёка за межы тэрыторыі свайго распаўсюджвання.

Я адказваю за інфармацыю, якую транслірую, таму што я – прафесійны журналіст, заявіла галоўны рэдактар бельгійскага партала “Соzaripress” Яніна Козары. Гэта сцвярджэнне можна выкарыстаць у якасці галоўнага этычнага прынцыпу кожнага журналіста. Занатавала яго, як і расказ пра работу дзіцячага партала, які тут робяць па дзяржаўным заказе журналісты і блогеры.

Практычна ўсе выступаючыя гаварылі пра плюсы лічбавізацыі медыяпрасторы і адначасова падкрэслівалі, што гэта не прысуд традыцыйным СМІ. Дырэктар цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ прафесар Давід Ротман адзначыў, што да 95 працэнтаў моладзі і да паловы людзей сталага ўзросту атрымліваюць інфармацыю праз інтэрнэт. Перавага лічбавых медыя – у аператыўнасці. Але традыцыйныя СМІ могуць і павінны паглядзець на тую самую інфармацыю ў іншым – больш падрабязным і глыбока аналітычным ракурсе. І гэта зробіць яе запатрабаванай.

Такую самую думку выказалі многія іншыя ўдзельнікі медыяфоруму. Галоўнае – інфармацыя павінна быць аб’ектыўнай і ні ў якім разе не фэйкавай. На гэтым засяродзіў увагу палітолаг з Эстоніі, прафесар Еўраакадэміі Эдуард Цін. Трэба скарыстоўваць усё лепшае, што даюць сучасныя тэхналогіі. Віртуальны свет, куды часта ідуць моладзь і дзеці, можа стаць для іх наркотыкам, а можа прыносіць карысць. Націскаць на кнопкі здольны кожны, але не кожны ад гэтага становіцца мудрым. У аснове павінна быць адукаванасць, толькі тады будзе і карысць, і мудрасць.

У кантэксце рэалізацыі задач лічбавізацыі прасторы Еўразійскага саюза, пабудовы лічбавай эканомікі і інфармацыйнага грамадства ў нашай краіне, якасных змяненняў у дзейнасці сучасных СМІ ішла вялікая размова і на пленарным пасяджэнні медыяфоруму, і падчас панэльных дыскусій у рабоце секцый.

Самыя высокія тэхналогіі заўсёды павінны служыць міру, інтарэсам чалавецтва. У рэзалюцыі, прынятай удзельнікамі ХІІІ Беларускага міжнароднага медыяфоруму “Партнёрства ў імя будучыні: лічбавы парадак дня для медыяпрасторы”, падкрэсліваецца: “У інфармацыйнай прасторы назіраецца дынамічнае ўзаемапранікненне традыцыйных сродкаў масавай інфармацыі і сацыяльных медыя. На фоне новых тэхнічных магчымасцей самарэалізацыі асобы расце ў цэлым роля грамадскасці ў фарміраванні аблічча сучаснай медыяпрасторы і інфармацыйнага парадку дня”. У рэзалюцыі выказана і заклапочанасць ростам аб’ёмаў распаўсюджання фэйкавай і забароненай інфармацыі, уключаючы экстрэмісцкія матэрыялы, прапаганду насілля і іншыя непрымальныя ў любым грамадстве інфармацыйныя прадукты.

Удзельнікі медыяфоруму заявілі аб недапушчальнасці выкарыстання СМІ і сацыяльных медыя ў якасці пляцовак для фарміравання ў грамадстве нянавісці, ксенафобскіх настрояў, насілля. Забеспячэнню паспяховага, на карысць грамадства, развіцця інфармацыйнай прасторы ва ўмовах глабальнага пераходу на лічбавы фармат паспрыяе прадаўжэнне практыкі абмену вопытам, распрацоўкі і рэалізацыі сумесных праектаў, накіраваных на ўмацаванне пазіцый як традыцыйных, так і лічбавых СМІ. Адной з прыярытэтных задач супрацоўніцтва з’яўляецца забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі грамадства.

На наступны дзень у праграме ХІІІ Беларускага міжнароднага медыяфоруму адбыліся заняткі ў Летняй школе журналістыкі па тэме “Адукацыя журналіста ў кантэксце лічбавых тэхналогій”.

Вольга БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *