Ляховичи:родители милиционеров-водителей получили письма-благодарности за воспитание своих сыновей

У Ляхавіцкім аддзяленні дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь працуе зладжаны, фізічна падрыхтаваны калектыў. І днём, і ноччу, у святы і будні супрацоўнікі службы стаяць на ахове правапарадку, каб незаконапаслухмяныя грамадзяне не адчувалі сябе прывольна і беспакарана. Пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый яны заўсёды дзейнічаюць упэўнена і аператыўна. Сярод галоўных задач аддзялення аховы — папярэджанне злачынстваў.
Скарыстаўшыся паслугамі, што прапануе аддзяленне дэпартамента аховы, заўсёды можна быць упэўненым у захаванні сваёй маёмасці. Варта толькі загадзя здаць свае кватэры і гаражы пад сігналізацыю ці іншыя сродкі аховы. Тады ёсць стопрацэнтная ўпэўненасць, што адпачынак будзе прыемным, і яго не сапсуюць ніякія нячыстыя на руку і сумленне грамадзяне.
Супрацоўнікам Ляхавіцкага аддзялення па сілах любая задача. Пацвярджэнне таму — папярэджаныя і раскрытыя злачынствы, узнагароды і падзякі. Нядаўна ўвагі ўдастоены міліцыянеры-вадзіцелі Сяргей Грыцкевіч і Ігар Касаковіч, ці, дакладней, іх бацькі. Начальнік Брэсцкага абласнога ўпраўлення дэпартамента аховы падпісаў загад аб накіраванні пісьмаў- падзяк бацькам супрацоўнікаў, што найбольш вызначыліся ў службе.
Сяргей прыйшоў у аддзяленне ў 2007 годзе. Службовы стаж Ігара меншы — ён на пасту з 2011 года. Спачатку асвойваў абавязкі міліцыянера-кінолага, апошні год — адзін з найбольш паспяховых міліцыянераў-вадзіцеляў.
— Безумоўна, па характары Сяргей і Ігар адрозніваюцца адзін ад аднаго. А вось па адносінах да службы, да выканання сваіх абавязкаў вельмі падобныя: добрасумленныя, дысцыплінаваныя, абавязковыя і надзейныя — гаворыць начальнік аддзялення Аляксандр Хітрык.
На пасадзе кіраўніка Аляксандр Анатольевіч робіць толькі першыя крокі (прызначаны ў снежні мінулага года), аднак, пра ахоўную службу ведае ўсё, як, дарэчы, і пра сваіх саслужыўцаў. Таму яго характарыстыка — не проста словы, а канстатацыя факта.
Трэба было бачыць, якой радасцю свяціліся вочы Яніны Грыцкевіч з вёскі Вялікае Гарадзішча, калі ў яе дом завіталі госці, каб падзякаваць жанчыне за выдатнае выхаванне яе сына Сяргея, які паспяхова выконвае свае службовыя абавязкі. Хіба гэта не шчасце для маці — пачуць толькі добрыя словы пра свайго сына ад сённяшняга і былога (цяпер ужо ветэрана ахоўнай службы) кіраўнікоў установы Аляксандра Хітрыка і Міхаіла Прыгунова, саслужыўцаў. Такое ж пісьмо-падзяка было накіравана і ў Жыткавічы, дзе жывуць бацькі Ігара Касаковіча.
Дарэчы, гэта не першае заахвочванне для Сяргея і Ігара. Грыцкевіч — спецыяліст ІІІ класа МУС, а Касаковіч — міліцыянер-выдатнік. І па тых выніках, якіх яны дабіваюцца ў сваёй рабоце, можна не сумнявацца: гэта далёка не апошняя ўзнагарода.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *