Залежнасць… Гэта вылечна?
Залежнасць – гэта тое, што ўзнікае пры жаданні запоўніць вакуум у душы, думках, свеце… Мы спрабуем чымсьці яго запоўніць, чым – выбіраем самі. Алкаголь, наркотыкі, камп’ютэрныя гульні… – гэты спіс можна працягваць бясконца. Калі ў душы ёсць схільнасць, выбар ужо дастатковы і відавочны. Знаходзячыся ў залежнасці, людзі спрабуюць збегчы ад рэальнасці, ад свету, у якім жывуць. Яны чамусьці “даюць задні ход”, перастаюць змагацца і спраўляцца з цяжкасцямі, праблемамі, рашаць узнікшыя пытанні, перастаюць бачыць і ўспрымаць, цаніць свет такім, які ён ёсць, без стымулятараў і псіхічна-актыўных рэчываў. Чаму? Перш за ўсё таму, што ў іх няма або недастаткова сацыяльнай падтрымкі, падтрымкі родных і блізкіх – таго, што ўтрымлівала б іх у рэальным свеце. У патрэбны момант побач проста не аказваецца людзей, якія здольны зразумець чалавека, прыняць яго, раздзяліць з ім яго перажыванні – радасныя або змрочныя, дапамагчы і падтрымаць у важных жыццёвых момантах. І людзі, залежныя або схільныя да залежнасці, пачынаюць такім чынам замяняць неабходную ім пад-трымку, якая адсутнічае. Замяняюць алкаголем, наркотыкамі, віртуальным светам, тым, што знаходзіцца побач, пад рукой. Тады можна зняць напружанне іншым шляхам, але ад гэтага праблемы не знікаюць, а нарастаюць з падвоенай сілай.
Якія гэта людзі? Розныя, у іх розныя тэмпераменты, характары, асобасныя рысы. Нярэдка мы бачым, што людзі, залежныя ў мінулым, – гэта моцныя і паспяховыя людзі, толькі ў пэўны жыццёвы момант іх нешта зламала, пахіснула, а побач не аказалася тых, хто б змог дапамагчы, не аказалася належнай падтрымкі, дапамогі і ўзаемаразумення. Менавіта ў такіх выпадках людзі робяць першы крок да залежнасці, а яна не прымушае доўга чакаць, робіць сустрэчны крок, і зацягвае ў сваё рэчышча.
Хочацца звярнуцца да родных, блізкіх, сяброў і ўсіх тых, хто знахо-дзіцца побач з чалавекам, які пакутуе залежнасцю. Падумайце чаму, чаго яму не хапае, чым вы можаце дапамагчы, працягніце яму руку, адкрыйце душу. Часта прычынай бязладдзя з’яўляецца іменна недасказанасць паміж людзьмі. Падтрымайце яго, пагаварыце, нагадайце яму, што ён не адзінокі. Дапамажыце зрабіць выбар паміж залежнасцю і навакольным светам і людзьмі на карысць апошняга. Гэта ў вашых сілах.
“Свечка нічога не губляе, калі ад яе полымя запаліцца другая свечка”.
Вольга СЯНЮЦІЧ, урач-псіхіятр АПБ “Крывошын”.