Ляхавіччына: выбраць прафесію аднойчы і на ўсё жыццё

Не за гарамі новая ўступная кампанія. А гэта азначае, што выпускнікам давядзецца вызначацца з выбарам не толькі навучальнай установы, але і прафесіі. І рабіць гэта трэба ўсё ж не ў апошні момант.
Па словах начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Леаніда Калбасы, элементарныя ўяўленні пра прафесіі хлопчыкі і дзяўчынкі атрымліваюць, пачынаючы з дзіцячага сада. У школах з пачатковых класаў развіваюць здольнасці вучняў, ствараюць умовы для свядомага прафесійнага самавызначэння. Традыцыйна праводзяцца тыдні прафарыентацыі, арганізуюцца экскурсіі на прадпрыемствы, сустрэчы, конкурсы, семінары, якія дапамагаюць не згубіцца ў моры прафесій. Дарэчы, абласны цэнтр прафарыентацыі ў лютым правядзе ў Ляхавічах інфармацыйна-метадычны семінар для школьнікаў, падчас якога будзе арганізавана гутарка з псіхолагам аб прафесійных намерах, комплексная дыягностыка. На працягу вучэбнага года ў школьнікаў ёсць магчымасць наведаць Дні адчыненых дзвярэй ва ўстановах рэспублікі. Калі раней педагогі арыентавалі выпускнікоў на паступленне ў ВНУ, то зараз асаблівы акцэнт у прафарыентацыі робіцца на выбар выпускнікамі запатрабаваных у рэгіёне рабочых спецыяльнасцяў.
Аднак, не заўсёды бацькі аб’ектыўна ацэньваюць магчымасці і здольнасці сваіх дзяцей. Часам іх інтарэсы не супадаюць. Таму вялікая ўвага ў школах надаецца рабоце з бацькамі па пытаннях выбару вучнямі будучай прафесіі.
— Зараз гаворыцца пра аптымізацыю колькасці міжшкольных вучэбна-вытворчых камбінатаў. У наступным навучальным годзе з-за меншай запатрабаванасці будзе закрыты вучэбна-вытворчы камбінат працоўнага навучання і прафесійнай арыентацыі ў Тухавічах. Сённяшнія 10-класнікі будуць давучвацца ў Ляхавічах — для іх будзе арганізаваны падвоз. У райцэнтры ж працягне дапрафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі вучняў школ, спецыялістаў сельскай гаспадаркі Ляхавіцкага і Баранавіцкага раёнаў міжшкольны вучэбна-вытворчы камбінат працоўнага навучання і прафесійнай арыентацыі, — адзначыў Леанід Калбаса.
Старшыня абласнога выканаўчага камітэта Канстанцін Сумар, наведваючы ў лістападзе мінулага года аграрны каледж, падкрэсліў важнасць адзінства тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўкі ў сярэдніх спецыяльных навучальных установах, звярнуў увагу на неабходнасць пошуку новых формаў прафарыентацыйнай работы.
Па словах намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Ірыны Прыступа-Юнік, педагогі каледжа пастаянна ўдасканальваюць работу з патэнцыяльнымі абітурыентамі ўстановы, каб зацікавіць і паказаць значнасць сельскагаспадарчых спецыяльнасцей. Акрамя традыцыйнага Дня адчыненых дзвярэй, які сёлета пройдзе 13 красавіка, пачынаючы з верасня  студэнты і выкладчыкі выязджаюць у навучальныя ўстановы вобласці з інфармацыйнымі матэрыяламі пра каледж, выступаюць агітбрыгады, даюцца прафзаданні навучэнцам на канікулы. Інфармацыя пра ўмовы паступлення і насычанае студэнцкае жыццё размешчана на сайце ўстановы. Дарэчы, на базе каледжа 20 лютага пройдзе семінар па тэме «Кадравае забеспячэнне АПК Брэсцкай вобласці», падчас якога будуць падведзены вынікі размеркавання і замацавання навучэнцаў каледжа за апошнія тры гады. У семінары прымуць удзел спецыялісты па кадрах райсельгасхарчаў усіх раёнаў Брэсцкай, а таксама шэрагу раёнаў Гродзенскай і Мінскай абласцей.
— Асаблівая ўвага ў ЛДАКу надаецца практычнай падрыхтоўцы будучых спецыялістаў АПК. Практыка праходзіць на калекцыйна-доследных палях, вучэбнай ферме БРЖ у Каменцы і свінаферме, у цяпліцах і садзе, на пчальніку, у ветклініцы і на аўтатрактарадроме. Студэнты падчас тэхналагічнай практыкі ўдасканальваюць прафесійныя навыкі ў базавых гаспадарках вобласці, — расказвае кіраўнік практыкі Галіна Пянткоўская. — У пачатку сакавіка праходзіць размеркаванне, па выніках якога навучэнцы выязджаюць на пераддыпломную практыку. Такое «канкрэтнае» знаёмства з першым працоўным месцам, бытавымі ўмовамі, спецыфікай гаспадаркі дазваляе ўпэўніцца ва ўласных сілах, намеціць, што трэба дапрацаваць і давучыць. Часам, але такое бывае вельмі рэдка, пасля пераддыпломнай практыкі навучэнцы просяць аб пераразмеркаванні.
Чым раней чалавек зразумее свае прыродныя задаткі, схільнасці да той ці іншай справы, тым менш будзе прафесійных памылак і жыццёвай незадаволенасці. Не апошняя роля ў гэтым адводзіцца менавіта прафарыентацыйнай рабоце.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота з сайта http://www.ayurvedaplus.ru

3 thoughts on “Ляхавіччына: выбраць прафесію аднойчы і на ўсё жыццё

  • 13/02/2013 в 16:29
    Permalink

    Часто профессию своему ребёнку выбирают родители. Они считают, что лучше разбираются в жизни, хотят защитить от проблем и уберечь ошибок. А сын или дочь потом расчитываются нелюбимой работой и потерянными способностями, которым не дали реализоваться

  • 13/02/2013 в 16:43
    Permalink

    Выбор будущей профессии- выбор всей жизни.Да, советы нужны, консультации, право выбора. Но важна в принятии решения самооценка.

  • 14/02/2013 в 17:19
    Permalink

    А важнее всего «самооценку» правильно оценить. Самооценка у молодых людей завышена. А у их родителей ещё больше.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *