Ляховичи: корреспондент получил задание … пообедать или поужинать. Ну и что там в меню?
Будны дзень, 17 гадзін. Жанчыны пасля работы спяшаюцца ў магазіны, каб набыць неабходныя прадукты і прыгатаваць вячэру для сям’і, размяркоўваюць час, каб паспець парабіць іншыя хатнія справы, заняцца дзецьмі, ну і, канешне, адпачыць. Прадстаўнікі моцнай паловы таксама будуюць планы на вечар. Іншы раз (каму часцей, каму радзей) хочацца адкласці на потым усе дамашнія справы і проста пасядзець з сябрамі ў кафэ, тым больш, калі для гэтага ёсць нагода.
Куды ў Ляхавічах можна пайсці, каб смачна накармілі, прапанавалі адпачынак, добрую музыку і дастойнае абслугоўванне?
Паслугі прадпрыемстваў грамадскага харчавання ляхавічанам і гасцям горада прапануюць райспажыўсаюз і прадпрымальнікі. Што датычыць апошніх, то адзіная прыватная ўстанова такога кшталту — кафэ «Калі ласка» — месца папулярнае і запатрабаванае не толькі сярод гараджан, але і прыезджых. Праўда, асноўная маса наведвальнікаў прыпадае на абедзенны перапынак, выхадныя і святочныя дні.
А як справы ў прадпрыемстваў грамадскага харчавання райпо? Рэстаран «Ластаўка» — гэта сучасны інтэр’ер, прыемная музыка, абслугоўванне ветлівае і ненавязлівае. У меню — вялікі выбар гарачых, халодных страў і напіткаў на любы густ. Цэны прымальныя.
Але «Ластаўка» на гэты раз наведвальнікаў не чакала. З 4 лютага рэстаран зачынены на рамонт. На колькі? Як паведамілі ў райпо — не менш, чым на 2-3 месяцы.
Кафэ «Алеся» месца таксама даволі папулярнае. У выхадныя яно прываблівае не толькі моладзь, якая прыходзіць сюды патусавацца. Тут праходзяць розныя ўрачыстасці накшталт вяселляў, дзён нараджэння, карпаратываў і г.д. Меню ў «Алесі» разнастайнае — на кухні кафэ шчыруюць повары-прафесіяналы. Вечарам у будныя дні наведвальнікі не надта спяшаюцца сюды. А вось жадаючых паабедаць нямала. Тым больш, што апошнім часам на комплексны абед прадугледжана 50-працэнтная скідка. Напрыклад, у мінулую сераду за комплексны абед (расольнік, бульбяное пюрэ, тэфтэлі, салат са свежых памідораў, кампот, 2 лустачкі хлеба) трэба было заплаціць 18 тысяч рублёў. Не жадаеце комплексны абед, калі ласка, — заказвайце паасобку.
Повары «Алесі», дарэчы, гатуюць гарачыя стравы для буфета райбальніцы, кафэ «Радуга», «Мара» і іншых, а ў час сяўбы і жніва — і для вяскоўцаў, задзейнічаных у сельгаскампаніях. Мяркую, што пасля закрыцця рэстарана наведвальнікаў тут стане значна больш. А вось як з наплывам кліентаў справяцца мясцовыя работнікі, — даведаемся з часам.
Такога ажыятажу, як гадоў 5 таму, у кафэ «Маладзёжнае» цяпер няма. Наведвальнікаў не надта, інтэр’ер пакідае жадаць лепшага, і тым больш не адпавядае назве. Меню беднаватае: фірменная страва «куры-грыль», 2-3 віды салатаў, катлеты, адбіўная, бутэрброды — вось і ўсё, што прапануюць тут на абед і на вячэру. На абед сюды апошнім часам не прыходзяць: рабочы дзень повара пачынаўся з 17 гадзін, вось і адвыклі гараджане падчас абедзеннага перапынку спяшацца ў «маладзёжку» падсілкавацца.
Нехта з чытачоў абурыцца: чаму не сказалі слова добрага пра сталоўку аграрнага каледжа. Сапраўды, яна была надзвычай запатрабаванай, асабліва ў абедзенны перапынак, і не толькі сярод навучэнцаў ЛДАКа, але і наогул сярод гараджан. Тут можна было пад’есці танна, разнастайна і смачна. З лістапада мінулага года сталовая зачынена на рамонт. Дарэчы, пра рамонт. У бліжэйшы час будзе зачынена і кафэ «Маладзёжнае».
Ну вось і ўсё. Абход завершаны. Нягуста. А раней былі бары «Русалка», «Ля каштана», кафэ «Папялушка». Будынкі некаторых з іх разбураны, іншыя даўным-даўно зачынены і не эксплуатуюцца. Няўжо паслугі грамадскага харчавання настолькі незапатрабаваныя? Перш чым сабрацца паабедаць днём ці адпачыць вечарам, варта загадзя пераканацца, дзе можна гэта зрабіць.
Галіна КАНЬКО.
Фота з сайта http://www.avito.ru
Плохо, что запретили в школах проводить различные торжества. В небольших городах для многих-это выход из положения. Было очень удобно и практично.
Хочется верить, что в скором будущем в Ляховичах появится кафе, где будет богатый ассортимент кондитерской продукции и можно будет отдохнуть всей семьёй.
А почему опять в школе? А что, в городе нельзя сделать нормальный банкетный зал?